Выстава “Сяргей Ясенін: Я раскажу пра сваё табе жыццё” разгарнулася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Біяграфію выбітнага паэта ў дакументах і артэфактах прэзентавалі тры персанальныя музеі творцы, размешчаныя ў Канстанцінаве, Маскве і Варонежы.
У рамках мерапрыемства былі падпісаныя пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Дзяржаўным музеемзапаведнікам С.А. Ясеніна ды Маскоўскім дзяржаўным музеем С.А. Ясеніна.
У экспазіцыі прадстаўленыя аўтографы ясенінскіх твораў розных гадоў, у тым ліку вершаў “Паэт” і “Ліст ад маці” ды паэм “Песня пра вялікі паход” і “Ганна Снегіна”. Фотаздымкі, дакументы, прадметы этнаграфічнай калекцыі і кнігі распавядаюць пра сям’ю, дзяцінства, вучобу Сяргея Ясеніна, яго побыт у Маскве і Петраградзе, пра літаратурную і выдавецкую дзейнасць, вандроўкі на Каўказ, у Еўропу і Амерыку. Жывапісныя і графічныя работы паказваюць вобразы Сяргея Ясеніна і яго твораў, пейзажы старой вёскі Канстанцінава на беразе Акі, малую радзіму паэта.
Дырэктар Маскоўскага дзяржаўнага музея С.А. Ясеніна Алег Робінаў адзначыў, што ўсе музеі, звязаныя з імем паэта, узнікалі ў Расіі па ініцыятыве знізу, як сапраўды народныя. Ясенін сабраў і аб’яднаў набытак усёй рускай літаратуры за стагоддзі яе існавання, прытым звяртаўся да чытача сучаснай мовай. Гэта робіць яго творы блізкімі і зразумелымі для сённяшняй аўдыторыі. Паэт загінуў маладым. І застаўся такім у народнай памяці, такім ён успрымаецца ў нашы дні. Таму ў экспазіцыі вялікая ўвага нададзеная прадметам, якія ўзнаўляюць эпоху Сяргея Ясеніна і Янкі Купалы, набліжаючы гледачоў да атмасферы, у якой яны жылі і працавалі.
Адкрываецца выстава вітрынай, якая распавядае аб традыцыйнай народнай культуры роднага сяла паэта, што падкрэслівае непасрэдную сувязь яго лёсу і творчасці са стыхіяй рускага сялянства. Наступныя раздзелы распавядаюць аб дзяцінстве будучага класіка, членах яго сям’і, аб школьных гадах Сяргея, яго сталенні ды станаўленні як літаратара.
Пераломны этап біяграфіі маладога паэта звязаны з яго пераездам у Петраград, дзе ён пазнаёміўся з ключавымі фігурамі тагачасных творчых колаў Расійскай імперыі, сярод якіх нельга не згадаць Сяргея Гарадзецкага: ён пазней быў вядомы таксама як перакладчык твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэты перыяд жыцця Сяргея Ясеніна быў непасрэдна звязаны з Беларуссю — з пачаткам Першай сусветнай вайны паэт быў мабілізаваны на вайсковую службу і ў якасці санітара неаднакроць выязджаў у прыфрантавыя раёны, наведаўшы такім чынам шэраг нашых гарадоў.
Янку Купалу таксама багата што лучыць з рускай літаратурай. Быў у жыцці нашага песняра і эпізод, звязаны непасрэдна з імем Сяргея Ясеніна. Спрычыніўся да гэтага мецэнат Аляксандр Ярэміч. Расійскі даследчык Юрый Аляксееў у свой час прадставіў цікавую гіпотэзу, што менавіта гэты чалавек мог быць прататыпам галоўнага героя рамана Барыса Пастэрнака “Доктар Жывага”. Многія дэталі біяграфіі Ярэміча нагадваюць лёс Жывага, а сам Барыс Пастэрнак быў асабіста знаёмы з Янкам Купалам і мог даведацца ад паэта гісторыю жыцця доктара. Род Ярэміча паходзіў з Беларусі, а сам ён атрымаў вядомасць перадусім як першы медык, які распрацаваў і прымяніў унутрывенны наркоз.
Аляксандр Ярэміч не губляў сувязі з Беларуссю, быў падпісчыкам беларускай перыёдыкі і даў сродкі на выданне зборніка Янкі Купалы “Шляхам жыцця”, які пабачыў свет у 1913 годзе. Імя доктара-мецэната пазначанае ў прысвячэнні, якое аўтар змясціў у пачатку кнігі. Дык вось, як узгадвала дачка Ярэміча, доктару адначасова прапанавалі выступіць спонсарам выхаду зборнікаў Янкі Купалы альбо Сяргея Ясеніна — і Ярэміч выбраў беларускага аўтара. Арганізатары выставы нездарма падкрэсліваюць сімвалічнасць сённяшняга “гасцявання” Ясеніна ў Купалавым доме — яно акрэслівае адметныя і выразныя повязі між біяграфіямі двух паэтаў-сучаснікаў, кожны з якіх адыграў выключную ролю ў гісторыі сваёй нацыянальнай літаратуры. Выстава працягне сваю работу да 10 лістапада.
Антон РУДАК
Фота аўтара