Тонкія, паветраныя, з багатымі сюжэтамі — ад выцінанак, што вырабляе народны майстар Беларусі з вёскі Дубітава Івацэвіцкага раёна Наталля Кулецкая, немагчыма вачэй адвесці.
— Як даўно вы займаецеся гэтым відам творчасці?
— Больш за 20 гадоў. Пачалося ўсё з курсаў павышэння кваліфікацыі, дзе нам, выхавацелям дашкольнай адукацыі, расказвалі пра нетрадыцыйныя спосабы аплікацыі. Хоць з выцінанкай я знаёмая з дзяцінства — свае закаткі бабуля захоўвала на паліцах, пакрытых ажурнымі папяровымі сурвэткамі, — гэта стала для мяне адкрыццём прыгожага мастацтва.
— Калі нешта выкаваць з металу, атрымаецца выраб “на стагоддзі”. А вы працуеце з матэрыялам крохкім...
— Сапраўды, выцінанка недаўгавечная. На вулічных выставах за дзень на сонейку работы становяцца жоўценькімі, быццам іх падпалілі. Але ў гэтым іх асаблівы шарм — адценне часу. З канчаткова сапсаванымі развітваюся без шкадавання: зраблю новыя! Бо і нашы продкі, якія выкарыстоўвалі выцінанкі ў выглядзе сурвэтак, падзораў для ложкаў, вугольнiкаў або фіранак, мянялі іх некалькі разоў на год.
— А калі на нашых землях з’явілася выцінанка?
— Сказаць складана, узораў не захавалася, нават у музеях: на такі “наіўны” від мастацтва раней не звярталі ўвагу. Але вядомы прыклады з далёкага мінулага, калі разьбянымі папяровымі кавалачкамі змацоўвалі лісты — замест сургучнай пячаткі. Некалі былі папулярныя кустодыі — палоскі паперы, якімі затулялі старонкі каштоўных кніг. Беларусы ж у побыце шырока выкарыстоўвалі выцінанкі ў канцы ХХ стагоддзя. Потым цікавасць успыхнула ў 1930-х. Успамінамі пра гэта са мной неяк на выставе падзялілася адна пажылыя жанчына. Распавяла, што да Вялікай Айчыннай вайны дзяўчынкі з іх вёскі па суботах выразалі з паперы фіранкі, а ўвечары хадзілі і разглядалі вокны: у каго атрымаліся самыя прыгожыя? Наступны бум на выцінанкі прыйшоўся на пасляваенны час, калі людзям вельмі хацелася навесці ўтульнасць у дамах, а сродкаў не хапала.
— Чаму “выцінанка”?
— “Выцінаць” па-беларуску — даставаць кавалачак чагосьці з чаго-небудзь. Але ў некаторых кутках Беларусі, напрыклад у Навагрудку, можна пачуць “выбіванка”. Там узоры выбіваюць з выкарыстаннем долата, расплюшчанага цвіка альбо вострай металічнай трубачкі.
— А якія тэхнікі выкарыстоўваюцца?
— У разеткавых выцінанках узор разыходзіцца веерам ад цэнтра па крузе. У сіметрычнай кампазіцыі левы і правы бакі адносна вертыкальнай восі маюць люстраны выгляд. Калі аркуш перад тым, як выразаць, скласці “гармонікам”, гэта будзе рапартны спосаб. Вельмі прыгожая сілуэтная выцінанка: аўтары “малююць” постаці людзей, каліграфічныя літары, цэлыя сюжэты. Але ў рабоце часам выкарыстоўваеш адразу ўсе тэхнікі.
— Вашы выцінанкі вельмі разнастайныя. А да чаго больш ляжыць душа?
— Мне заўсёды падабалася традыцыйная беларуская выцінанка, у прыватнасці афармленне покуці. Потым я пачала маляваць сюжэты, партрэты, краявіды — цікава!
— Колькі часу затрачваеце на адну работу?
— Самае складанае — злавіць вобраз таго, што хочаш адлюстраваць. Бывае, эскізы перарабляю шмат разоў. Калі гаворка пра партрэты ці вялікія аб’екты, то неабходна больш часу — для дадатковага вывучэння фатаграфій, дакументаў, натуры. Праца над Косаўскім замкам, напрыклад, заняла месяц.
— Камунікуеце з калегамі па творчасці?
— Так, гэта ўзбагачае! Некалькі разоў ездзіла на кірмашы, дзе збіраліся ўмельцы з розных краін. Знайшла анлайн-аднадумцаў з Кітая. Вельмі цёплыя адносіны з расіянамі. Сёлета трапіла на ВДНГ у Маскве — там праходзілі Дні Брэсцкай вобласці. Людская плынь была бясконцая: здзіўляліся, захапляліся.
— Дзе яшчэ прадстаўляеце свае вырабы?
— Удзельнічаю ў “Купаллі” ў Александрыі, абласных “Дажынках”, фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” ды іншых мерапрыемствах. Прайшло некалькі персанальных выстаў.
— Якая ваша самая значная творчая перамога?
— На “Славянскім базары ў Віцебску” ў 2019-м мая калекцыя “Народныя танцы” атрымала Гран-пры.
— Вы настаўнік-дэфектолаг у дзіцячым садзе. Ці спатрэбіліся там навыкі майстра выцінанкі?
— Каб навучыць простаму пераказу хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць асаблівасці ў развіцці, вырашыла ілюстраваць выцінанкамі казкі. Так з’явілася першая — “Як курачка пеўніка ратавала”, што атрымала дыплом на рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Зараз на чарзе ўжо трэцяя. Удзельнічаю ў стварэнні электронных дапаможнікаў.
— Раскажыце аб сваім супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
— Працую над ілюстраваннем выцінанкамі серыі кніг “Фальклорныя скарбы Беларусі”, два зборнікі — беларускіх народных легенд, былічак і прыказак — пабачылі свет. Цяпер з майстрам з Нароўлі Юліяй Каўрус афармляем загадкі.
— Вы рамеснік?
— Так. Мая дзейнасць трапляе пад дзеянне Указа Прэзідэнта Беларусі №328 ад 21 жніўня 2024 г. “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”. Дакумент актуальны! Ён вызначыў катэгорыі грамадзян, для якіх захаваная магчымасць выплаты рамеснага збору. Сярод іх — члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Мы маем права перадаваць свае навыкі па дагаворы без аплаты, што важна з пункту гледжання пераемнасці пакаленняў. Указ аднаўляе асаблівы статус рамесніка як носьбіта традыцыйных для краіны ўнікальных навыкаў і ўменняў.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота з архіва гераін