Ажывіць карцінкі з падручніка

Апублiкавана: 04 лiстапада 2024 Стужка Музеі Мінск Тэма

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Праект “Урок у музеі”, запушчаны на пачатку 2024-га, працягваецца. Якое развіццё атрымала ініцыятыва Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі — разгледзім на прыкладах.

НА КАРЫСЦЬ МОЛАДЗІ 

Два гады таму па прапанове гэтых ведамстваў быў зацверджаны адзіны дзень для бясплатнага наведвання музеяў навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Эксперымент прайшоў паспяхова, і яго лагічным працягам стаў вялікі сумесны праект “Урок у музеі”. Адпаведнае пагадненне прадстаўнікі міністэрстваў падпісалі ў пачатку 2024-га. 

Такім чынам, школы могуць ладзіць у музеях заняткі. Іх праводзяць педагогі, абапіраючыся на шматгадовы досвед супрацоўнікаў скарбніц. Пры гэтым усе ўрокі арганізоўваюцца ў адпаведнасці з навучальнымі праграмамі на бязвыплатнай аснове. Падобная практыка дазволіла рэалізаваць адукацыйны патэнцыял музеяў і зрабіць выкладанне сацыяльна-гуманітарных прадметаў больш якасным. 

ЦІКАВА І НАГЛЯДНА 

Першы ўрок прайшоў напрыканцы лютага ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Неўзабаве праект пачалі рэалізоўваць у скарбніцах рознага профілю. 

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова падкрэслівае, што ініцыятыва карысная не толькі для ўстаноў адукацыі, але і для арганізацый сферы культуры. 

— Настаўнікі і вучні могуць сістэматычна наведваць нашу скарбніцу, — распавядае Алеся Аляксандраўна. — Урокі беларускай літаратуры ў нас праходзяць ва ўтульнай абстаноўцы, а музейныя супрацоўнікі заўсёды дапамагаюць педагогам зрабіць заняткі больш эфектыўнымі і цікавымі, знаёмяць школьнікаў з экспанатамі і прапануюць дадатковыя каментарыі. 

Зварот да выставачных матэрыялаў — адзін з моцных бакоў праекта. Падчас урокаў у Музеі гісторыі беларускай літаратуры і яго філіялах вучні маюць унікальную магчымасць убачыць арыгінальныя рукапісы, ліставанне аўтараў са сваякамі і з прыхільнікамі. Разнастайныя прадметы расказваюць пра асабістае жыццё майстроў пяра і гісторыю напісання твораў, дазваляюць па-новаму паглядзець на кнігі са школьнай праграмы. 

— Безумоўна, такія заняткі па-за сценамі класаў станоўча ўплываюць на адукацыйны працэс, — працягвае Алеся Кузняцова. — Нашы юныя наведвальнікі дакранаюцца да мінуўшчыны. Яны знаёмяцца з дакументамі і фотаматэрыяламі, многія з якіх былі перададзены Саюзам пісьменнікаў Беларусі і раней не дэманстраваліся шырокай публіцы. На мой погляд, гэтая ініцыятыва спрыяе фарміраванню ў школьнікаў патрыятызму і беражлівых адносін да нацыянальнай культуры. 

ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ 

Урокі ладзяцца не толькі ў сталічных экспазіцыйных прасторах. За сем месяцаў да праекта далучыліся ўстановы з розных рэгіёнаў Беларусі. 

Як адзначае дырэктар Любанскага музея народнай славы Наталія Сіняк, ініцыятыва прывяла да больш цеснага супрацоўніцтва з мясцовымі школамі і гімназіямі: 

— З пачаткам новага навучальнага года мы адразу працягнулі актыўную работу ў рамках праекта, — расказвае Наталія Мікалаеўна. — Спецыялісты музея падбіраюць экспанаты, якія адпавядаюць тэмам урокаў, дэманструюць вучням разнастайныя краязнаўчыя матэрыялы. Напрыклад, старажытную гісторыю Беларусі школьнікі спасцігаюць з дапамогай стацыянарнай экспазіцыі “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”. У ёй прадстаўлена вялікая колькасць прадметаў далёкай эпохі: каменныя сякеры і матыкі, касцяныя наканечнікі стрэл і гарпуны. Паказана таксама археалагічная карта рэгіёна, на якой пададзены стаянкі першабытных людзей і графічная рэканструкцыя адной з іх. Такім чынам, вучні атрымліваюць максімальна шырокае ўяўленне аб акрэсленым гістарычным перыядзе. 

Заняткі ў экспазіцыях праводзяць у адпаведнасці з навучальнымі праграмамі на бязвыплатнай аснове.

Карцінкі з падручніка нібы ажываюць на вачах школьнікаў. Гэта дапамагае эфектыўнаму асваенню матэрыялу і паглыбленню ведаў аб родным краі. 

— У нашым музеі можна праводзіць заняткі, прысвечаныя амаль усім перыядам беларускай гісторыі, — запэўнівае Наталія Мікалаеўна. — Прыкладам, пры распрацоўцы выставы да ўрокаў аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы таксама надавалі вялікую ўвагу краязнаўчаму аспекту. Скажам, падрыхтавалі даведачныя матэрыялы пра ўраджэнцаў Любаншчыны, якія праявілі гераізм, выганяючы ворага з нашай зямлі. Варта падкрэсліць, што гэтую экспазіцыю прывозілі і ў сельскія школы. Магчымасць паўдзельнічаць у праекце, як я лічу, мусіць быць у вучняў з усіх куткоў раёна. 

“Урок у музеі” — сапраўды значны ўнёсак у павышэнне якасці адукацыі. Гэта магутная дзяржаўная падтрымка маладых, якая спрыяе іх культурнаму развіццю і выхаванню. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота з архіваў устаноў