Як зрабіць хіт для TikTok

Апублiкавана: 28 кастрычнiка 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ЧЭ­КА­ЛА­ВА Свят­ла­на

Відэа з песняй “Мама Беларусь, мова…” у TikTok толькі за месяц паглядзелі больш за два мільёны разоў. Тысячы чалавек выкарыстоўвалі кампазіцыю, ствараючы ўласныя ролікі. Трэк актыўна спампоўваюць, перапяваюць, кожны дзень пакідаючы аўтарувыканаўцу Раману Круковічу і вакалістцы Анастасіі Кісель новыя водгукі-падзякі.

Хлопец прызнаецца: не чакаў, што атрымаецца хіт, проста хацеў у жанры рэпа, па-моладзеваму лёгка і выразна адлюстраваць у песні адносіны да любімай краіны. 

Мелодыя — з разраду тых, якія “прыляпляюцца”: ходзіш і напяваеш яе, прычым з задавальненнем. А словы выклікаюць мурашкі, бо гэта праўда: “Мама Беларусь… // Ты для всего мира останешься брендом // Добра, и тепла, и больших впечатлений!”

 

Як ні дзіўна, у Рамана няма музычнай адукацыі. У Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы наш герой атрымаў спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, цяпер працуе ў арганізацыі “Гроднагаз”. Раней служыў па кантракце ў Міністэрстве надзвычайных сітуацый. Па словах Рамана, там ён прайшоў сапраўдную школу жыцця і спасціг цану сяброўства. Таму нярэдка прысвячае прафесіі адважных людзей песні, вершы і здымаецца ў адмысловых кліпах. Ратавальнікі-пажарныя падтрымліваюць: свой чалавек! 

— Развівацца ў творчасці пачаў, будучы студэнтам: універсітэт дае мноства магчымасцей. Удзельнічаў у КВЗ, граў у тэатральных мініяцюрах і спектаклях, пісаў сцэнарыі і выступаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам, — расказвае Раман. — Потым выпадкова выявіліся дыктарскія здольнасці. Ехаў неяк па горадзе са знаёмым і дзеля забавы пачаў чытаць надпісы на білбордах. Спадарожнік ад нечаканасці спыніў машыну. Голас як у рэкламе! Тады я і падумаў: чаму б не заняцца агучкай? Атрымалася. 

Але самым вялікім захапленнем маладога чалавека стаў рэп. 

— Ідэяй напісання твораў у гэтым жанры я проста загарэўся, працаваў над імі кожны дзень, — згадвае Раман. — Калі крыху набраўся вопыту, зразумеў: каб данесці да слухача не толькі думкі, але і пачуцці, слоў мала. Што, калі дадаць музыку? Так у маёй скарбонцы з’явіліся песні. Запісваў іх дома: паслугі прафесійных студый для студэнта дарагія. А выконваў трэкі сярод сяброў. Сябе Раман называе “пакаёвым” аўтарам: 

— Ствараць, зачыніўшыся ў пакоі, — гэта маё. Цішыня і адзінота дапамагаюць сканцэнтравацца. Пэўна, таму працую прадуктыўна. Мая хуткасць здзіўляе людзей. Не вераць, што песні нараджаюцца за дзень-два. І да новай задачы пераходжу адразу ж пасля папярэдняй. Кожная кампазіцыя — выпрабаванне магчымасцей і пашырэнне гарызонтаў. 

Сустракаючыся з калегамі па творчым цэху, цікаўлюся, з чаго пачынаецца іх праца. Часцей за ўсё кажуць, што шукаюць натхненне, потым прыступаюць. У мяне паіншаму: калі трэба, то проста сядзь і пішы. А натхненне... Знойдзецца — толькі ўважліва прыгледзься да таго, што цябе акружае. 

Але як з’явілася “Мама Беларусь, мова…”? 

— У пэўны момант я ўсвядоміў, што рэпа на беларускай эстрадзе амаль няма, — распавядае Раман. — Кампазіцый пра нашу краіну ў такім жанры мала. На слыху ўсяго адна, у якой прысутнічаюць рэп-куплеты. Уключыў яе — класна зроблена! Вось тут натхненне і накрыла: а што, калі напісаць сваю песню, таксама аб Радзіме? Сказаць ёсць аб чым! Два дні — і ўсё было гатова. 

Што тычыцца вакалісткі, то наш герой тлумачыць: 

— Яшчэ на стадыі стварэння кампазіцыі зразумеў: прыпеў трэба менавіта спяваць, а не чытаць. Дзяўчыны, якая валодала б добрым голасам і пры гэтым умела б працаваць хутка, сярод знаёмых не аказалася. Тады звярнуўся ў Гродзенскі абласны камітэт БРСМ: маўляў, напісаў песню пра нашу краіну, шукаю вакалістку. Вельмі ўразіла, наколькі там зацікаўленыя маладыя людзі: паглядзелі тэкст — і адрэагавалі імгненна, прапанавалі кандыдатуру Насці Кісель. Яна студэнтка ГрДУ імя Я. Купалы — будучы журналіст, дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможца гранд-фіналу конкурсу “Студэнт года — 2023”, удзельнік Сусветнага фестывалю моладзі ў Сочы, лаўрэат I ступені Міжнароднага фестывалю эстрадных мастацтваў “Масква — транзіт — Масква” (вакальны жанр). І пры гэтым — вельмі прыгожая. Беларуска! 

Раман папрасіў дзяўчыну даслаць запіс вакалу, каб паслухаць, ці адпавядае голас знешнасці. І тут усё супала на 100 %. Аўтар і вакалістка сустрэліся. Насця выканала сваю партыю, і песня зазіхацела. 

— Мы вельмі ўдзячныя гледачам, якія падтрымліваюць кліп “Мама Беларусь, мова…” у сацсетках, — адзначае Раман. — Прыходзіць вялікая колькасць каментарыяў і паведамленняў. І гэта не проста “агеньчык” ці кароткае “Выдатна!” — людзі розных узростаў дзеляцца асабістымі гісторыямі, расказваюць, чаму ім дарагая Беларусь. Пішуць і тыя, хто жыве за мяжой: пакідаюць выдатныя водгукі аб нашай рэспубліцы, распавядаюць пра планы наведаць краіну. А хтосьці — і марай аб пераездзе ў дзяржаву, якая горда раскінула над сваімі прасторамі чырвона-зялёны сцяг. І такія словы важнейшыя за любую матэрыяльную ўзнагароду. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва героя