Людзей, адданых мастацтву і роднай зямлі, ушаноўвалі з нагоды прафесійнага свята па ўсёй краіне. Галоўныя мерапрыемствы прайшлі ў сталіцы.
У сферы культуры Беларусі працуе вялікая дружная каманда — больш за 50 тысяч прафесіяналаў. Па словах міністра культуры Анатолія Маркевіча, для іх праца — лад жыцця, у якім чалавек знаходзіцца дваццаць чатыры гадзіны сем дзён на тыдзень. Творца рэпеціруе дапазна, прачынаецца ноччу, каб запісаць ідэю, сюжэтны ход або мелодыю, і адчувае ад гэтага не стомленасць, а асалоду.
І ў гэтай таленавітай сям’і ёсць тыя, хто служыць для калег прыкладам, натхняе і вядзе за сабой. Менавіта такія рупліўцы сталі галоўнымі героямі святочнай праграмы ў Мінскім гарадскім Палацы культуры.
Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі работнікам культуры ў гонар прафесійнага свята зачытаў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў.
“Нацыянальная культура — бясконцая крыніца духоўнага і матэрыяльнага багацця беларускага народа, фундаментальная аснова яго гістарычнай самабытнасці і неад’емнага права на суверэннае і незалежнае існаванне. На працягу многіх стагоддзяў беларусы рупліва збіралі і памнажалі культурную скарбніцу, умацоўвалі сваю дзяржаўнасць. Таму сёння на ўсіх нас ускладзена высакародная місія па захаванні гэтай найбагацейшай спадчыны. Вельмі важнай з’яўляецца праца творчых работнікаў па развіцці беларускага мастацтва, якое аб’ядноўвае і дапамагае людзям знайсці сэнс жыцця, дае кірункі на будучыню, вучыць праўдзе і справядлівасці, служэнню сваёй Радзіме”, — гаварылася ў віншаванні.
Звяртаючыся да калег, міністр культуры Анатолій Маркевіч адзначыў:
— Словы Кіраўніка дзяржавы яшчэ раз падкрэслілі асноўную сутнасць нашай работы: сучасная культура — твар краіны ў свеце, духоўная і маральная апора дзяржавы, тая сіла, якая змацоўвае нас, такіх розных па поглядах, памкненнях, інтарэсах, у адзіны беларускі народ.
Міністр падкрэсліў, што зараз культурная супольнасць Беларусі засяродзіла намаганні на выхаванні дастойных грамадзян і патрыётаў. Актыўна выкарыстоўваецца патэнцыял музеяў і аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. У рамках канцэпцыі “жывой гісторыі” школьнікі могуць бясплатна наведваць музеі, а настаўнікі — праводзіць там урокі. Абавязковым элементам выхаваўчай работы сталі экскурсіі навучэнцаў у мемарыяльныя комплексы. Цэнтрамі культурнага жыцця рэгіёнаў з правядзеннем маладзёжных мерапрыемстваў становяцца адрэстаўраваныя помнікі архітэктуры, а Нацыянальная бібліятэка Беларусі — прызнаны грамадска-палітычны цэнтр міжнароднага маштабу.
Аднак, заўважыў міністр, патрыятызм — гэта не толькі памяць аб мінулым, але і любоў да краіны і гонар за яе, якія прывіваюцца сродкамі сучаснай культуры. У гэтых мэтах Міністэрства культуры сумесна з калегамі ініцыявала шэраг новых патрыятычных акцый, такіх як рэспубліканскі фестываль “Беларусь — мая песня” і яго працяг — “Марафон адзінства”. Фестываль стаў вялізным люстэркам, якое дазволіла ўбачыць усю моц і багацце беларускай культуры. Анатолій Маркевіч падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у правядзенні гэтага агляду талентаў, а таксама педагогам і кіраўнікам калектываў, якія шукаюць алмазы таленту і ператвараюць іх у брыльянты.
Міністр адзначыў: дасягненні майстроў беларускай культуры ўсё часцей становяцца важным кампанентам вялікай палітыкі. У пацвярджэнне — сустрэча міністраў культуры дзяржаў — удзельніц ШАС у Віцебску, Дні культуры Беларусі за мяжой і творчыя праграмы міжнародных форумаў, сустрэч, выстаў. Узрослую цікавасць да Беларусі паказваюць нашы найбуйнейшыя фестывалі, у прыватнасці “Славянскі базар у Віцебску”, Мінскі кінафестываль “Лістапад”.
Анатолій Маркевіч падкрэсліў: каб поспехі былі дастойна ўзнагароджаны, міністэрства рэалізуе паслядоўную стратэгію павышэння заработнай платы. Памер надбаўкі за працу ў галіне ў 2022—2023 гадах вырас з 16 да 34% ад памеру акладу, і тэндэнцыя павелічэння захаваецца. Работнікам, якія працуюць па кантракце, устаноўлены надбаўкі ў памеры 30%, а з наступнага года плануецца павялічыць да 50%.
Стымулюючы творчую і эканамічную ініцыятыву рупліўцаў сферы, дзяржава ўкладвае немалыя сродкі ў рамонт і мадэрнізацыю аб’ектаў культуры. Так, у 2024-м уведзены ў строй комплекс будынкаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Глебава, пачаты капітальны рамонт тэатра імя Горкага, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі; шэраг новых аб’ектаў адкрыўся ў рэгіёнах і сталіцы. Як адна з галоўных падзей года запомніцца рашэнне Кіраўніка дзяржавы аб будаўніцтве Нацыянальнага гістарычнага музея, які стане грамадска-культурным цэнтрам нацыянальнай памяці і ўзорам для ўсіх музеяў краіны.
— У Беларусі створаны ўсе ўмовы для творчай работы. Як правільна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці і дабіцца найвышэйшых творчых вынікаў — залежыць толькі ад нас, — падсумаваў Анатолій Маркевіч.
Традыцыйным элементам урачыстасцей стала ўшанаванне найлепшых работнікаў галіны. Падзякі Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры, шматгадовую плённую работу і высокі прафесіяналізм удастоены вядучы бібліятэкар сектара рэгістрацыі і ўліку дакументаў аддзела камплектавання фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Абабурка, артыст-вакаліст, вядучы майстар сцэны Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр” Аляксандр Асіпец, мастацкі кіраўнік Жодзінскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу, кіраўнік народнага ансамбля патрыятычнай песні “Саланг” Віталь Жыгімонт, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ларыса Зыкава, кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Медуніца” Дома культуры аг. Адаменкі Лёзненскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганна Макравусава, рэжысёр узорнага тэатра эстрадна-спартыўнага танца “Каскад” Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку Зоя Пятроўская.
Падзякай Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адзначаны кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Сузор’е” Палаца культуры г. Салігорска Вадзім Матанцаў, артыст драмы — вядучы майстар сцэны тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ірына Нарбекава, дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Шмырова Ірына Шышкова, калектыў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі (дырэктар Аляксей Снітко), народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (кіраўнік Дзяніс Балабуеў).
Ганаровыя граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь уручаны намесніку Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргею Саракачу і загадчыку філіяла “Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору” Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна Марыне Гушчы.
Падзяка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь аб’яўлена дырэктару музея “Замкавы комплекс «Мір»” Аляксандру Лойку, дырэктару Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрыю Яшчанку, начальніку ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандру Бартошыку, загадчыку аддзела экскурсійна-метадычнай работы сацыякультурнага цэнтра Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміле Камароўскай, загадчыку аддзела археалогіі і гісторыкакультурнай спадчыны музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрыю Панкову, выкладчыку аркестравага дырыжыравання Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алене Цыганок, артысту камернага аркестра, вядучаму майстру сцэны заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага камернага аркестра Белдзяржфілармоніі Алегу Подаву, генеральнаму дырэктару Цэнтра культуры “Віцебск” Глебу Лапіцкаму.
Нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ўзнагароджаны загадчык філіяла “Дом культуры аграгарадка Дабрамыслі” сектара культуры Лёзненскага райвыканкама Аляксей Агееў, рэжысёр народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі” Капыльскага раённага цэнтра культуры Любоў Галубовіч, настаўнік Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў №1 імя І. Лучанка Наталля Дурэйка, артыст драмы — вядучы майстар сцэны тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Сяргей Лапаніцын, галоўны захавальнік фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава Святлана Лявонцьева, дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2 імя М. Аладава г. Мінска Аляксандр Церахаў, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава Аксана Філімонава.
Ганаровай граматы Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь удастоены артыст драмы — вядучы майстар сцэны Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Віктар Багушэвіч, артыст тэатра лялек, вядучы майстар сцэны Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Іна Ганчар, галоўны інжынер-начальнік тэхаддзела Магілёўскага абласнога ВУП “Кінавідэапракат” Васіль Голад, выкладчык Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Уладзімір Маляўка, дырэктар Мінскага абласнога драматычнага тэатра Алена Сакалоўская, метадыст Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Таццяна Хахракова, намеснік дырэктара па эксплуатацыі Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Аляксандр Якубоўскі, а таксама Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж (кіраўнік — Ганна Сарасек).
Шэраг работнікаў культуры атрымалі ўзнагароды Міністэрства адукацыі і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Пасля ўручэння ўзнагарод — святочны канцэрт. Удзельнікі ўрачыстасці змаглі пагартаць старонкі газеты “Культура”: слайды на вялікім экране расказалі пра самыя яркія падзеі і праекты 2024-га, якім былі прысвечаны публікацыі галіновага выдання. Сваёй творчасцю пацешылі знакамітыя майстры сцэны і юныя выканаўцы. Гучалі песні, віхрыліся танцы, лілася музыка, за якой ляцела душа...
І за межамі глядзельнай залы гасцей ахутвала натхняльная атмасфера. Уражвалі інсталяцыі, што сімвалізавалі віды мастацтва і сферы культурнай дзейнасці. Выклікала цікавасць фотавыстава, якую падрыхтавала рэдакцыйнавыдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва”. Экспазіцыя распавядала пра будні і святы рупліўцаў нашай галіны.
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА