Нацыянальная бібліятэка Беларусі ладзіць ХІ Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”. Падзея прысвечана 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў.
Мерапрыемства адкрыў міністр культуры Анатолій Маркевіч. Прывітанні ўдзельнікам таксама даслалі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і міністр інфармацыі Марат Маркаў.
Да форуму далучыліся кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк, музеяў, выдавецтваў, навукова-даследчых і адукацыйных устаноў. Сярод дэлегатаў не толькі айчынныя адмыслоўцы, але і госці з блізкага і далёкага замежжа: Азербайджана, Арменіі, Індыі, Расіі, Сербіі, Казахстана і іншых краін. Абмяркоўваюцца такія тэмы, як Вялікая Айчынная вайна ў дакументах і кніжных фондах, міжнароднае супрацоўніцтва, выкарыстанне сучасных тэхналогій, роля кнігі і чытання ў выхаванні чалавека, нарматыўнае прававое забеспячэнне галіны.
Падчас кангрэса ў музеі кнігі адкрылася выстава “Бібліятэка Полацкага сабору 1839 года”. Таксама ў рамках форуму зладзілі прэзентацыю Адзінага профілю камплектавання сістэмы фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, круглы стол па алічбоўцы дакументаў, майстар-клас па рамонце кніг. Акрамя таго, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Амурскай абласной навуковай бібліятэкай імя М. Мураўёва-Амурскага.