Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года. Адпаведнае рашэнне прынята на гэтым тыдні падчас пасяджэння Палаты прадстаўнікоў.
Як падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка, такая грамадска-палітычная падзея ключавая для кожнага грамадзяніна, грамадства і дзяржавы ў цэлым.
— Гэта знакавая вяха ў развіцці любой краіны, выпрабаванне на трываласць палітычнай сістэмы дзяржавы. Менавіта прэзідэнцкія выбары акрэсліваюць будучыню Беларусі на найбліжэйшыя гады і напрамкі яе далейшага развіцця, — сказаў Ігар Сергеенка.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам выбары Прэзідэнта прызначаюцца не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Інаўгурацыя дзейнага Кіраўніка дзяржавы прайшла 23 верасня 2020 года, таму чарговыя выбары павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025-га.
На думку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, 26 студзеня наступнага года — аптымальная дата. Правядзенне выбараў у гэты дзень дазволіць рацыянальна выкарыстаць тэхнічныя, фінансавыя, інфармацыйныя, чалавечыя рэсурсы і завершыць фарміраванне ўсіх органаў улады на падставе абноўленага канстытуцыйнага заканадаўства.
У ходзе канстытуцыйнай рэформы, як заявіў Ігар Карпенка, былі істотна зменены патрабаванні да кандыдатаў на пост Прэзідэнта (артыкул 80 Канстытуцыі і артыкул 57 Выбарчага кодэкса). Аднак парадак правядзення кампаніі працэдурна той жа.
Выбары Прэзідэнта ладзяцца па адзінай акрузе, якая складае ўсю тэрыторыю Беларусі. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп і кандыдатаў, устанаўленне вынікаў адносяцца да выключнай кампетэнцыі ЦВК. Вылучэнне кандыдатаў ажыццяўляецца толькі грамадзянамі шляхам збору не менш як 100 тысяч подпісаў. Дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп неабходна падаць да 1 лістапада.
Па словах Ігара Карпенкі, Цэнтральная выбарчая камісія гатова да пачатку кампаніі. На дадзены момант распрацаваны праекты метадычных рэкамендацый для тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, формы дакументаў, каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў і іншыя неабходныя матэрыялы, у тым ліку памяткі для нацыянальных і міжнародных назіральнікаў ды прадстаўнікоў СМІ. Акрамя таго, зацверджана візуальная канцэпцыя прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.