Салоннае гучанне

Апублiкавана: 22 кастрычнiка 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Заслужаны аматарскі ансамбль старажытнай беларускай музыкі “Пастараль” адзначае 30-годдзе.

Заснавалі калектыў настаўнікі Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў у 1994-м. За тры дзесяцігоддзі нястомных творчых пошукаў ансамбль набыў адметнае імя, непаўторны каларыт гучання і зрабіў каштоўны ўнёсак у развіццё нашай культуры. Размова перш за ўсё ідзе пра ўдзел і ў кінакарціне “Дзяржынская Пастараль” з цыкла “Зямля беларуская” на Першым нацыянальным тэлеканале, і ў прэзентацыі мастацка-публіцыстычнага фільма “Легенды Нясвіжскага замка”, і ў Міжнародным фестывалі класічнай музыкі “Музычнае лета ў Кузьмінках” у Маскве, а таксама аб супрацоўніцтве з лабараторыяй сцэнічнага касцюма. 

— Ірына Францаўна, як нарадзіўся ваш калектыў? 

— Ідэя ўзнікла дзякуючы публікацыям і нотным выданням гісторыка музыкі, доктара мастацтвазнаўства, ганаровага прафесара Вольгі Дадзіёмавай. Даследчыца знайшла ў айчынных і замежных сховішчах і вярнула ў Беларусь сотні гісторыка- культурных матэрыялаў. 

У 1990-я айчынныя артысты і ансамблі паспяхова працавалі ў разнастайных жанравых кірунках. Аднак старадаўняя музыка, што гучала на нашых землях ў ХVIII—XIX стагоддзях, была вядомая далёка не кожнаму. Таму яе адраджэнне стала мэтай, дзеля якой і стварылі “Пастараль”. 

— Ансамбль выступаў на прыёмах самага высокага ўзроўню, неаднаразова вітаў удзельнікаў Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. А на якой пляцоўцы калектыў загучаў упершыню?

— Спачатку выступалі ў родных сценах Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў, на гарадскіх і раённых святах. Неўзабаве здабылі вядомасць і прызнанне сярод больш шырокай публіцы: у 1996-м нас запрасілі на фестываль “Музы Нясвіжа”. Шмат гадоў мерапрыемства арганізоўваў выдатны дырыжор, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Міхаіл Фінберг. 

— Што ўяўляе сабой рэпертуар ансамбля? 

— Выконваем творы выбітных нашых кампазітараў ХVIII—XIX стагоддзяў — Мацея Радзівіла, Яна Давіда Голанда, Восіпа Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, а таксама шэдэўры сусветна вядомых Антоніа Вівальдзі, Іагана Себасцьяна Баха, Георга Фрыдрыха Гендэля, Ёзэфа Гайдна, Вольфганга Амадэя Моцарта. 

— Вашы музыканты — настаўнікі школы. Сумяшчаць педагагічную і творчую дзейнасць даволі складана… 

— Як бы цяжка ні было, выканальніцтва — гэта неад’емная частка нашага жыцця, бо рэалізацыя свайго патэнцыялу ў сумесным музіцыраванні ўзбагачае не толькі ўдзельнікаў “Пастаралі”, але і вучняў ды іх бацькоў. 

— Напэўна, за час існавання калектыву здаралася шмат яркіх момантаў. Якія прыгадваюцца перш за ўсё? 

— Выступленні ў Палацы Рэспублікі, Нясвіжскім і Мірскім замках, Мінскай гарадской ратушы, паездкі на міжнародныя фестывалі ў Маскву. А яшчэ ўдачна рэалізаваныя праекты: запіс кампакт-дыска, стварэнне відэакліпа ў Міры, выпуск нотнага зборніка “Музыка беларускіх сядзіб” (на аснове рэпертуару), гістарычная рэканструкцыя “Граф Чапскі запрашае” з удзелам гледачоў ды танцораў. З поспехам ансамбль прадставіў беларускую культуру на Сусветнай выставе “ЭКСПА-2010” у Шанхаі. Услаўленне музычнай спадчыны Радзімы на маштабным сусветным форуме — пачэсная місія, якая і сёння застаецца прадметам гонару для ўдзельнікаў калектыву. Вельмі ўразіў нас тады горад, грандыёзная сучасная архітэктура, музеі і сама экспазіцыя, што знаёміла з традыцыямі розных краін і народаў. 

— А дзе выступалі апошнім часам? 

— Сярод яркіх падзей мінулага года прыпамінаюцца Рэспубліканскі фестываль “Тэатральныя скрыжаванні”, што праводзіўся ў Слуцку, маштабны турыстычны форум “Адкрый Беларусь” у Мінску. Далучыліся і да такога прэстыжнага мерапрыемства, як “Славянскі базар — 2023”. 

Такія выступленні застаюцца ў памяці надоўга! Сёлета ўдзельнічалі ў канцэрце “Пад мірным небам 80 гадоў” да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Дзяржынску. 

— Якія дасягненні лічыце найбольш значнымі? 

— У першую чаргу — прысваенне ганаровага звання “Заслужаны аматарскі калектыў” у 2005-м, дыплом Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за ўдзел у выставе “ЭКСПА-2010”, памятны медаль “2000-годдзе Хрысціянства”. Акрамя таго, “Пастараль” — лаўрэат Другога Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь — мая песня”, дыпламант Міжнародных конкурсаў “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, “Музычныя сведкі” ды многіх іншых. 

— На якіх пляцоўках слухач можа знайсці вас сёння? 

— На гарадскіх і рэспубліканскіх фестывалях ды святах, а таксама ў гістарычных рэканструкцыях, якія ладзяцца ў Мінску, Маладзечне, Слуцку, Барысаве, Нясвіжы... 

— Чаго чакаць ад юбіляра ў будучыні? 

— Безумоўна працягнем радаваць публіку старажытнай беларускай музыкай, зберагаць культурна-гістарычную спадчыну Айчыны, далучаць маладое пакаленне да прыгожага! А што да найбліжэйшых планаў, ужо запланавана стварэнне новых канцэртных праграм і запіс кампакт-дыска з нагоды юбілею. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з архіва калектыву