Велічны маштаб

Апублiкавана: 22 кастрычнiка 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета выпусціў прэм’еру ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў — “Патэтычны дзённік памяці”.

Праект ажыццяўляўся за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. 

Усё рабілася на самым сур’ёзным узроўні, творчых сіл укладзена — не злічыць. Рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная выступіла адначасова аўтарам канцэпцыі і лібрэта. Будучы харавіком-дырыжорам па першай вышэйшай адукацыі, яна разам з кампазітарам Алегам Хадоскам узняла вялізныя пласты беларускай музычнай спадчыны. У выніку ў аснову былі пакладзены фрагменты самых розных твораў айчынных аўтараў — як непасрэдна звязаных з ваеннай тэмай (кантата “Беларускім партызанам”, араторыя “Бітва за Беларусь” Анатоля Багатырова, балет “Альпійская балада”, сімфонія №1 “Партызанская” Яўгена Глебава), так і блізкіх да яе па эмацыйным строі (Сімфонія №9 Дзмітрыя Смольскага). 

Спектакль стаў суцэльнай энцыклапедыяй беларускай музыкі ХХ стагоддзя, куды дадаліся і спецыяльна напісаныя нумары. “Энцыклапедычны” характар праекта падкрэслены таксама грунтоўна складзенай праграмкай, дзе не толькі пералічаны ўсе скарыстаныя творы, але і прыведзены дакладныя даты стварэння кожнага з іх. Да шырокай публікі даведзены і папулярныя айчынныя кампазіцыі (“Бывайце здаровы” Ісака Любана, “Лясная песня” Уладзіміра Алоўнікава — абедзве на словы Адама Русака, Арыя для скрыпкі з аркестрам Льва Абеліёвіча), і тыя, што вядомыя хіба знаўцам (фрагменты з опер Яўгена Цікоцкага “Міхась Падгорны”, “Алеся”). 

Праект нанова адкрыў глыбокую, разнастайную музыку Генрыха Вагнера, якая па стылістыцы ўспрымаецца бы напісаная сёння і зараз. Вайна, у час якой кампазітар страціў усіх блізкіх, стала скразной тэмай творчасці гэтага беларускага класіка. А опера “Сцежкай жыцця” паводле “Воўчай зграі” Васіля Быкава, пастаўленая ў нашым тэатры легендарным рэжысёрам Сямёнам Штэйнам у 1980 годзе, магла б упрыгожыць і сучасны рэпертуар. Бо ні яе літаратурная аснова, ні агульная драматургія, папраўдзе авангардная для таго часу, ні ўласна музыка не пазбавіліся актуальнасці і сучаснага гучання. 

Згаданы мантаж музычных фрагментаў не мог абысціся без творчага ўмяшальніцтва. А. Хадоска не толькі дапісаў асобныя часткі агульнага аповеду (вакальна-сімфанічная паэма “Крывавы бераг” на словы Анатоля Грачанікава, кампазіцыі “Дзе мой край” на верш Уладзіміра Караткевіча, “Памяці Хатыні”), але і зрабіў лагічныя звязкі паміж стылёва рознымі старонкамі скарыстаных партытур (інтэрмедыі “Маналог сучасніка”, “Галасы дзённікаў”, “Пасланне нашчадкам” і інш.). 

Дзеянне пачынаецца з даваеннага часу, калі наша рэспубліка рыхтавалася да Першай дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (эпізод “Героямі не нараджаюцца”, дзе гучыць знакамітая Сімфаньета Мікалая Чуркіна, усе тэмы якой з’яўляюцца цытатамі беларускіх народных песень). Ваенны час прадстаўлены тэматычнымі блокамі “На досвітку”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Кожны трэці”, “Партызанская балада”, “Крывавы бераг”, “Пабег”, “Хатынь”. Пралог і Эпілог сцвярджаюць: “Вайна не патрэбна”. Менавіта так называецца вакальна-сімфанічная паэма Ігара Лучанка, частка якой гучыць у пачатку. І тыя ж словы з’яўляюцца на футболках удзельнікаў у фінале, дапоўненыя яшчэ адным слоганам: “Нам патрэбны мір”. Праз гэта дзеянне атрымлівае своеасаблівую арку, набывае гарманічнасць, завершанасць, сапраўдную класічнасць формы. 

Спектакль насычаны поліфанічнымі фрагментамі. Харэаграфічныя сцэны, пастаўленыя галоўным балетмайстрам тэатра Ігарам Колбам, часта ўтрымліваюць моманты паралельнага дзеяння, адпаведныя кантраснай поліфаніі. Па тым жа прынцыпе адначасовага спалучэння некалькіх самастойных ліній агучваюцца дакументальныя сведчанні відавочцаў, што зліваюцца ў неразборлівы гул галасоў. Дзённік, заяўлены ўжо ў самой назве, ператвараецца ў суцэльны стос напластаваных адзін на другі дзённікавых запісаў, у якіх ад слёз паплыло чарніла. 

У пастаноўцы задзейнічаны найлепшыя творчыя сілы: салісты і артысты оперы, балета, хор, міманс, удзельнікі Дзіцячага музычнага тэатра-студыі, што існуе пры Вялікім тэатры, а таксама выхаванцы Балетнай школы Вежнавец. 

Відовішчнасці спрыяе выкарыстанне багатых тэхнічных магчымасцей сцэны: на роўнай паверхні раз-пораз узнімаюцца подыумы, адкрываюцца люкі, штосьці ўзнікае літаральна з-пад зямлі, штосьці сыходзіць у багну. Шкада, што пры далейшых паказах на іншых сцэнічных пляцоўках гэтыя эфекты знікнуць, а многія відовішчныя прыдумкі давядзецца адаптаваць. Бо ў сваім арыгінальным выглядзе творчы праект скарае маштабнасцю, эпічнасцю і велічнасцю. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны БЕРВІНАЙ