Нам засталася спадчына…

Апублiкавана: 22 кастрычнiка 2024 Стужка Музыка Мінск Дата

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Галоўнаму музычнаму брэнду Беларусі – 55. Юбілей адзначае ансамбль “Песняры”. Яго сучасны склад спалучае адданасць традыцыям з пошукам новых разыначак. Пра пераемнасць пакаленняў і творчую кухню ўдзельнікі славутага гурта расказалі падчас святочнай сустрэчы ў прэс-клубе “Культура і Мастацтва”.

“К”: Заснавальнік калектыву Уладзімір Мулявін казаў: “Мы хочам весці гледача за сабой, а не плесціся ў яго ў хвасце. Песня сучасная толькі тады, калі яна хвалюе сёння, а па ўзросце гэта можа быць вельмі старая песня”. На вашу думку, чаму кампазіцыі “Песняроў”, напісаныя дзесяцігоддзі таму, дагэтуль не пакідаюць абыякавымі слухачоў? 

Раман Козыраў: Беларускі фальклор надзвычай самабытны і мудры па змесце. І Уладзімір Мулявін гэтыя сэнсы вельмі ўдала падкрэсліваў. Любоў да жанчыны, да сваёй зямлі, да бліжняга — вечныя каштоўнасці. Вось таму наша задача — працягнуць закладзеную Мулявіным традыцыю, а не сыходзіць у нейкі матэрыялізм. 

“К”: Напэўна, вы адзіны калектыў на постсавецкай прасторы, які не эксплуатуе вядомы брэнд і рэпертуар, а сапраўды працягвае і ўзбагачае традыцыю. Пры гэтым вас нельга назваць трыб’ют-гуртом. Як удаецца балансаваць паміж захаваннем ранейшага набытку і пошукамі ўласнага сучаснага аблічча? 

Раман Козыраў: Сапраўды, мяжа паміж трыб’ютам і захаваннем традыцыі вельмі тонкая. Мы не хочам сябе пазіцыянаваць выключна праз старыя песні. Яны маюць пэўны бэкграўнд, людзі іх добра ведаюць. Нейкія адхіленні ад гарманічнага курсу, нейкія насычэнні і новаў- вядзенні публіцы старэйшага пакалення рэжуць слых. Таму стары рэпертуар у аснове сваёй застаецца нязменным. Уласныя выказванні мы робім праз свае новыя песні. У гэтых кампазіцыях дазваляем сабе эксперыменты, дадаём нешта новае ў гучанне. 

“К”: Набытак “Песняроў” велізарны, і некаторыя кампазіцыі незаслужана застаюцца ў цяні. Ці ёсць думкі даць другое жыццё нейкім творам, што заляжаліся, так бы мовіць, у архіве? 

Алег Жалезнякоў: Так, сёе-тое заляжалася. З задавальненнем бы паказвалі шмат якія песні, аднак нярэдка выбар за рэжысёрамі тэлепраграм і музычнымі рэдактарамі на радыё. Нядаўна ж Раман знайшоў старую песню “У зямлі нашы карані” Аляксандры Пахмутавай на вершы Яўгена Далматоўскага. Мы ўжо скончылі працу над ёй і неўзабаве прэзентуем слухачам гэту выдатную кампазіцыю. 

Раман Козыраў: “Песняры” ўсяго некалькі раз яе выканалі. Мы перарылі архівы і знайшлі толькі адзін канцэртны запіс з Калоннай залы Дома Саюзаў. Па ім і аднаўлялі песню. Працаваць над ёй было вельмі цікава. Але дадам, што ў нас у працы шмат новых песень. Зразумела, усе хочуць пачуць “Касіў Ясь канюшыну” і “Вологду”, але мы хочам прэзентаваць і навінкі. Заўсёды частку канцэрта прысвячаем новым песням. 

“К”: Можа быць, возьмецеся і за буйныя музычныя палотны? 

Артур Міхайлаў: Вельмі часта абмяркоўваем гэта. Было б выдатна ўзняць такі сур’ёзны рэпертуар. Нават гутарылі аб тым, каб выканаць рок-оперу. Мне падаецца, неўзабаве гэта будзе магчыма. Таму што мы як вакалісты хочам паказаць іншыя грані ўласнага творчага “я”. Вядома, трымаючыся традыцыі. 

“К”: Дзякуючы Сеціву сярод юнакоў і дзяўчат набіраюць папулярнасць песні, што слухалі іх бацькі ў юнацтве. Ваша аўдыторыя ў гэтым кантэксце неяк змянілася? 

Ігар Дударчык: Безумоўна, наша аўдыторыя амаладзілася. Падчас гастроляў збіраем поўныя залы. Сярод гледачоў пераважаюць дарослыя, але моладзі таксама шмат. Прыкладам, адзін з апошніх канцэртаў адбыўся ў Гродзенскім універсітэце. І гэта было феерычна! 

Алег Жалезнякоў: А ведаеце, у чым сакрэт? Жывое выкананне! Людзі прыходзяць на нашы канцэрты, бо ведаюць: ніхто іх не падмане, “Песняры” выступаюць толькі жыўцом. 

Раман Козыраў: На канцэрты завітваюць маладыя людзі, якія атаясамліваюць сябе з беларускай культурай, шануюць нашу мову і наш фальклор. Цікавасць да нацыянальнай спадчыны воляй-няволяй прыводзіць чалавека да “Песняроў”. Усё ж гэты калектыў першы ў такіх маштабах праславіў беларускую народную песню. І любоў да роднай мовы, да фальклору мы зберагаем. Сёлета зладзілі праграму да Купалля, дзе прэзентавалі і новыя, і ранейшыя апрацоўкі народных песень. 

“К”: Ці думалі выправіцца ў экспедыцыю па фальклорны матэрыял? 

Алег Жалезнякоў: Неяк у нас была экспедыцыя ў Мазырскі раён. Адтуль прывезлі дзве песні, запісаныя ад бабуль. 

Артур Міхайлаў: Вабіць не толькі магчымасць сабраць матэрыял, але і сама атмасфера, якая вымушае пранікнуцца народнай культурай і хараством нашай зямлі. Было б выдатна хаця б выйсці ўвечары ў поле паглядзець на зоркі! 

Раман Козыраў: Так, падобныя эмоцыі неацэнныя, але вырвацца хаця б на некалькі дзён у экспедыцыю даволі няпроста для калектыву, які актыўна канцэртуе. Але дапамагае Сеціва. Напрыклад, у інтэрнэце я знайшоў алічбаваны зборнік палескага фальклору, які некалі выпусціла фірма “Мелодыя”. Адтуль узятая песня “Благаславі, маці”, якая трапіла ў наш рэпертуар. Гэта здзіўляе, аднак сацсеткі і фальклор сябруюць! Для юбілейнага канцэрта некаторыя аўтэнтычныя песні давялося шукаць у TikTok. 

Сяргей Гарбацкі: Дарэчы, нярэдка падчас гастроляў чуем беларускія народныя песні ад нашай дыяспары. Бывае, суайчыннікі за мяжой сустракаюць нас ажно на вакзале з хлебам-соллю і ў традыцыйных строях, запрашаюць да стала, спяваюць і танчаць з намі. Такія спатканні вельмі важныя і для іх, і для нас.

“К”: А замежнікі як рэагуюць на вашу творчасць? Мулявінскі калектыў за мяжой неаднойчы рабіў фурор… 

Сяргей Гарбацкі: У гасцініцы на “Славянскім базары” мы неяк сустрэліся з удзельнікам з Егіпта. Аказалася, што ён выконваў на конкурсе “Крик птицы”. Калі даведаўся, што побач “Песняры”, — вельмі ўзрадаваўся, пачаў прама там спяваць з душой. Ён быў вельмі ўражаны сустрэчай. Такія здарэнні надзвычай каштоўныя. 

Алег Жалезнякоў: Мы аб’ехалі шмат краін. І паўсюль нас цёпла прымалі. Памятаюць мінулыя склады “Песняроў”. І нас сустракалі не горш. 

“К”: Падаецца, што пазбегнуць параўнанняў з ранейшымі складамі ансамблю немагчыма. Як адгукаюцца пра вас фанаты “Песняроў” са стажам? 

Артур Міхайлаў: Вельмі прыемна, што людзі сталага веку, якія памятаюць нашых папярэднікаў, кажуць шмат добрых слоў. Яны дзякуюць за тое, што мы працягваем справу. Безліч высокіх ацэнак нашага выканальніцкага майстэрства. 

Раман Козыраў: Мы заўсёды ўглядаемся ў абліччы гледачоў у зале. І цікава назіраць, як нейкі суровы мужчына ці насупленая кабета, скептычна настроеныя да сучаснага складу, з часам становяцца лагод¬нымі ў дачыненні да нас. 

Сяргей Гарбацкі: Так, іх настрой мяняецца з ходам канцэрта. Спачатку сядзяць пахмурныя, потым паціху пачынаюць апладзіраваць. А потым падыходзяць пасля выступлення і прызнаюцца: нічога не чакалі адметнага ад нас, але змянілі стаўленне. “Калісьці я быў на канцэрце “Песняроў” і не думаў, што вы збераглі гэты дух і гэтае гучанне”, — чаго вартыя толькі гэтыя словы! Так, у калектыве новыя галасы і новыя абліччы. Аднак манеру падачы матэрыялу, традыцыі ансамбля мы вельмі шануем. 

Алег Жалезнякоў: Дый цяперашнім складам працуем каля 10 гадоў. Здаецца, ужо нічога людзям тлумачыць не трэба. 

“К”: Нярэдка кампазіцыі з вашага рэпертуару маладыя спевакі выконваюць на розных конкурсах. Што адчуваеце, калі чарговы раз чуеце версіі пачаткоўцаў? 

Раман Козыраў: Лічу канкурсантаў ці не самай удзячнай часткай нашай аўдыторыі. Яны часта бяруць для выканання новыя песні ансамбля. Некаторыя гучаць са спаборніцтва ў спаборніцтва. І гэта надзвычай прыемна. Вядома, бяруць і класіку. “Песняроўскія” творы складана ўладкаваныя, шырокія па дыяпазоне. Таму гэта добрая глеба для маладых вакалістаў: яны могуць паказаць сябе ва ўсёй красе. Дарэчы, хлопцывакалісты прыйшлі да нас таксама праз творчыя спаборніцтвы. Ігара заўважылі на конкурсе “Зорка”, дзе ён выступаў з нашымі кампазіцыямі “Жняя” і “Хатыня”. Артур прыйшоў у ансамбль пасля “Славянскага базару”. 

“К”: Нашы чытачы цікавяцца, як удзельнікі ансамблю бавяць вольны час. 

Ігар Дударчык: Мінскае “Дынама” ў маім сэрцы. Сачу адразу за нашым календаром і хакейным. Як толькі ёсць магчымасць — адразу на гульню. 

Алег Жалезнякоў: Я рыбак. А ў вольны ад рыбалкі час калекцыянірую вінілавыя кружэлкі. 

Артур Міхайлаў: Вольны час баўлю з сям’ёй. Вельмі цаню магчымасць пагуляць з дзіцем, зладзіць пікнік. Люблю адпачыць у цішыні на свежым паветры. Можа падацца смешым, але магу адмыслова паехаць на прыроду, дзе чуваць толькі шум дрэў. 

Сяргей Гарбацкі: Займаюся тым жа, чым і на працы. Увесь час пішу музыку і раблю аранжыроўкі. Калі б можна было абысціся без сну… 

“К”: Таксама пытанне ад аўдыторыі: па якіх крытэрыях абіраеце новых удзельнікаў калектыву? 

Артур Міхайлаў: Быць “Песняром” — гэта не праца, а стан душы. У калектыў трапляюць не проста добрыя артысты, а людзі, якія ўсведамляюць сваю адказнасць, якія разумеюць і любяць гэтую музыку. Ніводны з нас не ўспрымае рэпетыцыі і выступленні як працу. Гэта заўсёды свята. Тое, што мы любім больш за ўсё ў жыцці. 

Раман Козыраў: Прыходзьце 30 лістапада на наш юбілейны канцэрт у Палацы Рэспублікі — і ўпэўніцеся ў гэтым! 

“К”: Неўзабаве прадстаўнікі творчай сферы адзначаць прафесійнае свята. Што пажадаеце калегам у Дзень работнікаў культуры? 

Раман Козыраў: Зычым не губляць натхнення. Без яго ў сферы культуры немагчыма. І, вядома, берагчы і ўзбагачаць свой унутраны свет. Толькі так можна трансліраваць добрае і светлае. 

Данііл ШЭЙКА