Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў старт усебеларускай акцыі “Марафон адзінства” на патрыятычным форуме, што праходзіў у “Мінск-Арэне” 17 верасня.
Першым пунктам у маршруце маштабнага грамадска-культурнага праекта стала Маладзечна.
Дзякуючы узгодненай працы арганізатараў, сярод якіх і Міністэрства культуры, акцыя згуртавала тысячы людзей розных узростаў і сфер дзейнасці.
У Маладзечна марафон завітаў 11 кастрычніка. Па мясцовых прадпрыемствах прайшлі экскурсіі для журналістаў і блогераў. Так, праз інфлюэнсераў, пра маштабную падзею і дасягненні рэгіёна даведаліся не толькі прыхільнікі традыцыйных СМІ, але і чытачы інтэрнэт-рэсурсаў.
Паралельна ў Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы стартавалі “НЯнудныя НЯлекцыі”. Сустрэчы ў фармаце шчырай, свабоднай гутаркі з моладдзю плануюць правесці ва ўсіх гарадах, якія ахопіць маршрут акцыі. Першая ж была прысвечана філасофскаму асэнсаванню важнасці выбару ў жыцці чалавека. Падзяліцца каштоўным досведам прыехалі намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая і юная спявачка, пераможца міжнародных конкурсаў Стасья Корсак.
Наступным днём зранку дзясяткі гасцей і жыхароў горада сабраліся ля чыгуначнага вакзала. У зале чакання адбылася “Знакавая сустрэча” з касманаўтамі — Героем Беларусі Марынай Васілеўскай і Героем Расіі, ураджэнцам нашай краіны Алегам Навіцкім, а таксама дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзімам Гігіным. Дарэчы, ладзіць падобныя мерапрыемствы з удзелам знакамітасцей плануюць у кожным населеным пункце, куды завітае “Марафон адзінства”.
Дзякуючы нефармальнай абстаноўцы гутарка атрымалася жывой, разнастайнай і насычанай. Госці, у адрас якіх прагучала мноства пытанняў, расказвалі аб прафесійных заслугах і любімых кнігах, дзяліліся яркімі эмоцыямі, якія прынёс нядаўні палёт на арбіту, прапаноўвалі асабістыя інструкцыі, як дамагчыся поспеху.
Закранулі спікеры і такія важныя тэмы, як захаванне і прымнажэнне дасягненняў нашай краіны, абарона яе традыцый і гісторыка-культурнай спадчыны, збераганне агульнадзяржаўнага парадку, згоды і адзінства.
— Ганаруся тым, што нарадзілася ў Рэспубліцы Беларусь! І тым, што мы раскрылі наш сцяг на Міжнароднай касмічнай станцыі на вышыні 400 кіламетраў! — заўважыла Марына Васілеўская. — Наша адзінства ў народзе, гісторыі, традыцыях і сяброўстве. І аб’ядноўвае, і згуртоўвае нас Прэзідэнт, дзякуючы якому дасягаем самых неверагодных вышынь, нават лятаем у космас, а гэта патрабуе каласальных намаганняў! Спадзяюся, на нашай планеце заўсёды будзе яснае неба, сонца, цудоўнае надвор’е, усмешкі на тварах людзей і шчасце ў вачах дзяцей!
Завяршылася сустрэча аўтограф-сесіяй, пасля якой прысутныя хорам выканалі любімую песню Марыны Васілеўскай — “Надзею” (муз. А. Пахмутавай, сл. М. Дабранравава).
Сярод памятных падарункаў, якія атрымалі жыхары горада падчас “Марафону адзінства”, — мурал “Будучыня Беларусі ў тваіх руках”. Сцяну дома на вуліцы Вялікі Гасцінец упрыгожыў контур нашай краіны, які трымае ў руках сям’я — маці, тата і дзіця. Новы арт-аб’ект сімвалізуе мір і бяспеку, што залежаць ад кожнага з нас.
— Менавіта ў гэтым доме жыве адна з самых вялікіх шматдзетных сем’яў горада, у ёй выхоўваецца 12 дзетак. Падарунак, зроблены Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, — яркі элемент, што ўзбагачае архітэктуру раёна, — адзначыў першы сакратар БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
Сапраўдным цэнтрам прыцягнення ўсіх удзельнікаў акцыі стала пляцоўка ля спартшколы “Алімпік-2011”, дзе гасцей сустракала мабільная экспазіцыя музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Перасоўная выстава дэманструецца ў розных рэгіёнах краіны і заўсёды збірае чэргі наведвальнікаў.
Першы раздзел выставы расказвае пра пачатак вайны і бітву за Маскву, другі — пра барацьбу партызан і падпольшчыкаў, трэці — прысвечаны вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод экспанатаў — унікальныя фатаграфіі, дакументы, зброя. Прадстаўлены і новыя інфармацыйныя тэрміналы, дзе можна даведацца пра беларускіх герояў.
Побач размясціліся пункты палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў — “Белая Русь”, КПБ, ЛДП, РППС і Федэрацыя Прафсаюзаў Беларусі. Прываблівалі гасцей і палаткі, дзе прадаваўся мерч з цытатамі Прэзідэнта і сімволікай “Марафону адзінства”. Сваіх прыхільнікаў знайшлі рамесныя рады і фудкорты.
Асаблівую ўвагу моладзі прыцягнула лакацыя, дзе на белым палатне пад цытатай Якуба Коласа — “Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за Радзіму. Чалавек без Радзімы — бедны чалавек!” — размясцілася сатканая з назваў гарадоў карта Беларусі. Вакол яе — малюнкі і рознакаляровыя надпісы ўдзельнікаў акцыі: Віцебск, Валожын, Дзяржынск, Любань, Мінск, Мазыр, Мядзел, Рагачоў, Урэчча… Адкуль толькі не прыехалі госці!
Кіпела жыццё і на цэнтральнай пляцоўцы: моладзь спаборнічала ў квэсце “Гэта ўсё маё роднае”. Камандам з розных рэгіёнаў трэба было пераадолець дзесяць тэматычных станцый, прысвечаных гісторыі нашай краіны, беларускай мове і літаратуры, знакамітым ураджэнцам, дзяржаўным дасягненням ды іншаму. Дадатковыя балы каманды атрымлівалі за хатняе заданне: размясціць у сацсетках фатаграфію каля гарадскіх гадзіннікаў і відэапрызнанне ў любові да горада. Памятныя падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі квэсту.
Кульмінацыяй свята стаў маштабны канцэрт “Час выбраў нас”, які сабраў на адной сцэне мяс- цовыя самабытныя калектывы і самых яркіх артыстаў з розных куткоў краіны — аматараў ды прафесіяналаў.
Менавіта культурная спадчына, як адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, з’яўляецца той сілай, што ахоўвае духоўную незалежнасць і згоду беларусаў.
— У нас розныя погляды, часам розныя думкі, але мы ўсе — адзін беларускі народ, — падкрэсліў Анатолій Мечыслававіч. — Мы жывём у адзінай краіне — Рэспубліцы Беларусь! Гэтым даражым, ганарымся і разумеем, што падобныя мерапрыемствы яшчэ больш гуртуюць наша грамадства, кансалідуюць яго, таму што тут усе — аднадумцы. І мы паказваем, наколькі жыццё ў Беларусі спакойнае і цікавае. Ацэньваючы пройдзены шлях, мы бачым вельмі сур’ёзныя перспектывы далейшага развіцця, таму што кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, накіраваны на пазітыўнае развіццё нашай краіны! Даражым, шануем і любім нашу родную Беларусь!
У пачатку канцэртнай праграмы з прывітальнай прамовай да гледачоў звярнулася Наталля Эйсмант. Прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы нагадала, што акцыя “Марафон адзінства” пачалася з абласных канцэртаў у Палацы Рэспублікі падчас фестывалю “Беларусь — мая песня”. Конкурс дазволіў рэгіянальным артыстам на ўсю краіну заявіць пра сябе на сталічнай сцэне. А найбольш цікавыя — пераможцы фінальнага этапу — паўдзельнічалі ў самым маштабным шоу ў “Мінск-Арэне”.
А потым, як адзначыла Наталля Эйсмант, у Прэзідэнта з’явілася ідэя правезці гэты канцэрт па ўсіх рэгіёнах: “Нашы людзі павінны бачыць беларускія таленты, павінны бачыць адно аднаго, бачыць, ведаць і ганарыцца!”.
— Гэты канцэрт — падарунак ад нашага Прэзідэнта і ўсёй творчай сферы краіны. Ён створаны для таго, каб мы яшчэ раз убачылі, наколькі таленавітыя і самабытныя беларусы, і пераканаліся, што мы — па-сапраўднаму адзіныя, — падкрэсліла прэс-сакратар.
Распачала святочную праграму музычная кампазіцыя, сугучная назве канцэрта, — “Час выбраў нас”. За ёй — творчы нумар Мікалая Лукашэнкі, які выканаў “Славянскае сузор’е” на айчынным раялі “Беларусь” сумесна з педагогам — Аленай Асташкінай-Мысліўчык. Яна і напісала кампазіцыю, у якой арганічна спалучаюцца акадэмічныя прыёмы, законы папулярнай музыкі і магутны фальклорны дыскурс.
Выйшлі на сцэну ў гэты ўрачысты вечар і вядомы гурт “Аўра” з патрыятычнымі хітамі “Час выбраў нас” і “Любімую не аддаюць”, і заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Жанэт, і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Белыя росы”. Цёпла сустрэла публіка папулярныя песні “Бацькава булка” Аліны Чыжык, “Што ты зрабіў для Радзімы” Насці Краўчанка і Мікіты Бялько.
— Як маладзёжныя артысты, хочам данесці сваю пазіцыю аб тым, што трэба займацца любі¬май справай на карысць нашай краіны, — падкрэсліў Мікіта Бялько.
Прагучаў і шэраг народных песень арт-групы “Багач”, заслужанага аматарскага калектыву народнага фальклорнага ансамбля “Гасцінец”, ансамбля народнай музыкі “Крупiцкія музыкі” ды іншых.
Валерый Шмат — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, кампазітар, кіраўнік арт-групы “Беларусы” — адзначыў, што “Марафон” стаў пацвярджэннем адзінства беларускіх артыстаў, палітыкаў, работнікаў СМІ і ўсяго народу. Калектыў выступіў з “Баладай аб дыктатары”, прэм’ера якой адбылася ў “Мінск-Арэне” 17 верасня. У творы апяваюцца прыродныя прыгажосці краіны, яе гістарычная спадчына і роля нашага Прэзідэнта ў абароне нацыянальных інтарэсаў.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА