Музей гісторыі беларускага кіно з размахам святкуе 100-годдзе айчыннага кінематографа. Ва ўстанове абнавілі пастаянную экспазіцыю і падрыхтавалі шэраг юбілейных праектаў, сярод якіх лекторый “Дакужыццё”.
Сёлета гэта не першае супрацоўніцтва скарбніцы з “Беларусьфільмам”. Выставачныя праекты былі рэалізаваны і ў рамках фестывалю “Кінавек”, на прэм’ерным паказе стужкі “Час вярнуцца”. Але кіналекторыі — зусім іншы фармат.
— Гаворачы пра беларускае кіно, мы часцей за ўсё робім акцэнт на ігравых стужках. Але не варта забываць, што вялікі аб’ём айчыннай фільмаграфіі — дакументалістыка. Таму пры падтрымцы Міністэрства культуры запушчаны кіналекторый “Дакужыццё”. Нашы сеансы будуць цікавыя ўсім, бо мы прадставім розныя па тэматыцы карціны. Першы паказ прысвечаны Вялікаму тэатру Беларусі. Унікальнасць праекта ў тым, што да ўдзелу мы запрасілі рэжысёраў і сцэнарыстаў, — распавядае загадчыца Музея гісторыі беларускага кіно Вераніка Себруковіч.
Таксама да круглай даты абноўлена пастаянная экспазіцыя. Цяпер у ёй даступныя не толькі звычайныя прадметы — у музеі з’явіліся інтэрактыўныя элементы. Напрыклад, інфакіёск са звесткамі аб першых кінатэатрах у нашай краіне.
— Інфакіёск дазваляе паглядзець фотаздымкі і пачытаць кароткую даведку пра першыя кінапаказы ў Беларусі. Акрамя таго, мы даём унікальную магчымасць убачыць відэарэпартажы з адкрыцця кінатэатраў. Напрыклад, сталічнага “Цэнтральнага” — адзінага на сёння, які знаходзіцца ў жылым будынку. Можна дазнацца, як раней выглядала нядаўна адрэстаўраваная “Перамога”. Усё гэта не толькі матэрыял для вывучэння гісторыі зараджэння кіно, але і своеасаблівы дакумент, дзякуючы якому можна даследаваць жыццё ў мінулую эпоху. Дарэчы, аператарам згаданых сюжэтаў быў Іосіф Вейняровіч. Пра яго ў далейшым мы даведаемся як пра ваеннага кінааператара, — тлумачыць Вераніка Юр’еўна.
У экспазіцыі прадстаўлены прадметы з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.
Працягвае тэму блок “Белдзяржкіно”. У гэтай частцы дэманструюцца афішы першых фільмаў, выпушчаных на студыі. Акцэнт зроблены на “Лясной былі”. Дарэчы, яе прэм’ера прайшла ў 1926-м недалёка ад сённяшняга Музея гісторыі беларускага кіно — у будынку тэатра імя Горкага, дзе ў тыя часы знаходзіўся кінатэатр “Культура”. Цікава, што памяшканне адрэстаўравалі спецыяльна для паказу карціны.
Асобная частка экспазіцыі прысвечана заснавальнікам айчыннага кінематографа — Юрыю Тарычу і яго вучню Уладзіміру Корш-Сабліну. Сярод унікальных прадметаў — фота аднаго з першых выпускаў Дзяржаўнага Беларускага кінатэхнікума ў Віцебску. Вялікая ўвага надаецца перыяду Вялікай Айчыннай. Наведвальнікі дазнаюцца як пра дзейнасць студыі ў тыя гады, так і пра ігравыя фільмы на тэму вайны.
— Мы плануем пашырыць экспазіцыю і прэзентаваць яе ў Дзень беларускага кіно. Дададзім блок пра залатыя гады “Беларусьфільма” і падрабязней раскажам пра вядомых рэжысёраў і кампазітараў, якія пісалі музыку для кіно, — заключае Вераніка Себруковіч.
Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца 17 снежня. А вось трапіць на “Дакужыццё” можна ўжо цяпер. Сачыце за анонсамі ў сацсетках Нацыянальнага гістарычнага музея.
Яўгенія ГАБЕЦ