Рукатворны цуд

Ад прадметаў, зробленых майстрамі Дома рамёстваў аграгарадка Кароўчына Дрыбінскага раёна на Магілёўшчыне, вачэй не адвесці! Любуешся, марыш...

У гэтым саламяным капялюшыку, аздобленым валошкай, добра прагульвацца ў спёку. Вось і сумачка да яго — ідэальны камплект! Выдатна ўпішацца ў інтэр’ер ваза з кветкамі. А маленькай лялечцы самае месца на прыложкавай тумбачцы: цацка і ўпрыгожвае, і аберагае! І ўсё гэтае хараство — з саломкі. 

Хаця самая вялікая каштоўнасць падобных рэчаў нават не ў неверагоднай прывабнасці, а ў тым, што яны створаны ўручную — так, як і даўным-даўно. У іх майстар укладвае не толькі ўменні, але і душу, таму ўсе вырабы — шэдэўры. І цяплом ад кожнага вее, і радасцю. Дакранаешся — настрой адразу становіцца сонечным. Цуд? Так. І здзейснены ён сапраўдным рамеснікам. 

ТАЛЕНАВІТЫЯ 

Да творчасці Таццяна Сіроціна прывучана з дзяцінства. Яна расла ў сям’і медыцынскіх работнікаў Уладзіміра Рыгоравіча і Тамары Фёдараўны Банкузавых, якія ў маладосці займаліся ў аматарскім тэатры. Яшчэ мама вязала, вышывала, кулінарнічала. Бацька захапляўся кветкаводствам і лозапляценнем.

У Магілёўскім педвучылішчы наша гераіня атрымала спецыяльнасць выхавальніка дашкольнай установы, а пасля надоўга звязала лёс з выбранай прафесіяй. Амаль чвэрць стагоддзя Таццяна Уладзіміраўна загадвала дзіцячым садам у Кароўчыне. Апошнія 11 гадоў узначальвае Дом рамёстваў: зберагае, развівае і перадае новым пакаленням традыцыі продкаў, роднага краю. 

Пад кіраўніцтвам Таццяны Сіроцінай працуюць чатыры спецыялісткі. Як яна кажа, усе — многастаночніцы, што асвоілі больш за дзясятак розных рамёстваў. Адмыслоўцы дапамагаюць дзецям і дарослым спазнаць асновы народнай творчасці, рэстаўруюць старажытныя прадметы. 

САМАБЫТНЫЯ 

У Кароўчынскім Доме рамёстваў адраджаюць даўнія заняткі: ткацтва на станку, ткацтва паясоў на бёрдзе, вышыўку, пляценне з саломы, лазы, рагозу, лапце- і карункапляценне, роспіс велікодных яек, выраб абрадавай лялькі, выпечку бездражджавога жытняга хлеба ды іншыя.

Элемент нематэрыяльнай спадчыны “Тэхналогія пляцення лапцей майстрамі Дрыбінскага раёна” занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Па словах Таццяны Сіроцінай, пачыналася ўсё з бісера- і саломапляцення. Сталі шукаць сваю “разыначку” і сустрэлі майстрых, якія валодалі лапцепляценнем. Гэтае рамяство, на жаль, адыходзіць. Потым было яшчэ больш інтэнсіўнае развіццё: “саломку” давялі да прафесійнага ўзроўню, працягнулі паглыбляцца ў прамудрасці беларускай вышыўкі, удасканальваць ткацтва. 

— А я задумалася аб лозапляценні, — успамінае Таццяна Уладзіміраўна. — Пачала плесці з першай вярбы, якая трапіла на вочы. Атрымлівалася, ды не тое, што хацелася б. Я ўзялася вывучаць досвед майстроў, з якімі знаёмілася анлайн і падчас удзелу ў выставах. Аказалася, лаза існуе розная. Для большасці вырабаў лепш браць вярбовую, якая расце ўздоўж рэк. Маёй радасці не было мяжы, калі знайшла такую на беразе Фацінскага заліва ў Магілёве. Потым купіла высадкі гатунковай лазы. Але, ведаеце, хоць дзікая вельмі ўпартая і нарыхтоўваць падобную складана, мы ад яе не адмаўляемся. Прадметы атрымліваюцца цікавейшыя, адрозніваюцца колерам: гатунковая лаза светлая, а дзікая — “загарэлая”. І наша галоўная задача — адрадзіць менавіта тое рамяство, якім продкі займаліся на роднай зямлі стагоддзямі. 

САПРАЎДНЫЯ 

У гутарцы з Таццянай Сіроцінай мы закранулі тэму змен у заканадаўстве. Размова ішла пра Указ Прэзідэнта Беларусі ад 21 жніўня 2024 года № 328 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”. 

— Вядома, я азнаёмілася з гэтым дакументам, — адзначыла Таццяна Уладзіміраўна. — Лічу, ён дапаможа захаваць спрадвечныя беларускія рамёствы. 

Майстроў, якія імі валодаюць, не так і шмат, а праца такіх адмыслоўцаў вельмі патрэбная, каб не страціць важную частку нашай нацыянальнай спадчыны. 

Змены ў заканадаўстве закліканы абараняць звычаі. Дзякуючы карэкціроўкам адновіцца гістарычны сэнс асаблівага статусу рамесніка — носьбіта ўнікальных уменняў, традыцыйных для нашай краіны. Бо ў пералік відаў рамеснай дзейнасці ўнесены менавіта народныя мастацкія рамёствы, уключаючы выраб нацыянальнага беларускага касцюма і яго дэталей з захаваннем аўтэнтычнага крою і вышыўкі, твораў ручнога ткацтва, вязання і вышыўкі. Гэта ўсё мы якраз адраджаем і развіваем. Лічу істотным і правільным удакладненне, што рамеснік не павінен выкарыстоўваць прамысловыя машыны і абсталяванне. Значыць, калі хтосьці кажа: “Я рамеснік”, то ўсе ўпэўнены, што яго вырабы створаны ўручную ці з дапамогай прыстасаванняў, да якіх звярталіся продкі. Такімі і мусяць быць сапраўдныя рамеснікі. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота з архіва гераіні