Гродзенскі аркестр “Nota-Band” нязменна радуе хараством жывой музыкі гасцей гарадскіх фестываляў ды святочных канцэртаў. Заснавала калектыў у 2010 годзе Юлія Амельчанка — дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №2. Пад яе кіраўніцтвам артысты дамагліся звання “Народны” ў 2014-м і “Заслужаны” ў 2021-м, атрымалі рэспубліканскую прафсаюзную прэмію ў намінацыі “Эстраднае мастацтва” ў 2018-м, займелі дыпломы міжнародных конкурсаў.
— Юлія Леанідаўна, як узнікла ідэя стварыць аркестр?
— Усё пачалося з выкладання дырыжыравання ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы, дзе спачатку навучалася па спецыяльнасці “Музыка і спевы. Сусветная мастацкая культура”, а пазней — “Народная творчасць. Інструментальная музыка”. У 2008-м на базе ўстановы ўзнік эстрадна-сімфанічны аркестр — і мяне назначылі кіраўніком. Тады з’явіліся першыя думкі аб уласным калектыве. Здзейсніла іх у 2010-м дзякуючы новай пасадзе — дырэктар школы. Многае для станаўлення і развіцця “Nota-Band” зрабіў мой брат — рэжысёр Дзмітрый Лучына. На жаль, ён сышоў з жыцця ў 2021 годзе.
— Хто вашы музыканты?
— Нягледзячы на тое, што аркестр функцыянуе на базе школы, шлях у калектыў адкрыты для любога ахвотнага. У нас ёсць настаўнікі іншых устаноў, вайскоўцы і нават бухгалтары! Хтосьці прыходзіць, спрабуе свае сілы, але не трапляе ў “творчую хвалю”. Іншы застаецца з намі шмат гадоў! Большасць удзельнікаў — педагогі нашай школы. Што да вучняў, у калектыве іх менш: толькі самыя настойлівыя і працавітыя, здольныя выступаць на ўзроўні настаўнікаў трапляюць у “Nota-Band”.
— А што ўяўляе сабой рэпертуар?
— У нашым багажы ёсць класічныя творы як беларускіх (Яўгена Гле- бава, Ігара Лучанка, Ігара Паліводы), так і замежных кампазітараў, а яшчэ аўтарскія апрацоўкі саўндтрэкаў з айчынных і замежных кінафільмаў, народнай і джазавай музыкі. Актыўна папулярызуем сваіх, у прыватнасці гродзенскіх аўтараў. Да прыкладу, у 2018-м на XII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур сумесна з узорнай студыяй “Міленіум” прадставілі праграму “Мне не забыцца песні…”, прысвечаную творчасці Уладзіміра Мулявіна. Спадчына вялікага песняра набыла новае, аркестравае гучанне. Летась сумесна з Гродзенскім дзяржаўным каледжам мастацтваў на сцэне гарадскога цэнтра культуры зладзілі пастаноўку паводле музычнай прытчы “Людзі і Птушкі” Алега Пухава.
Перш за ўсё неабходна любіць тое, чым займаешся. Ніводны рэцэпт поспеху не працуе без захаплення сваёй справай.
— Аркестр часта выходзіць на сцэну выключна ў чырвона-чорным адзенні. Як узнікла такая традыцыя?
— Аднойчы ў самым пачатку дзейнасці спантанна дамовіліся вытрымаць адзіную каляровую гаму. Выглядала гэта вельмі ўрачыста і эфектна! З таго моманту на значныя мерапрыемствы апранаемся толькі так.
— Акрамя фірмовага стылю адзення, у чым яшчэ заключаецца ўнікальнасць “Nota-Band”?
— Першае — не зусім стандартны для эстрадна-сімфанічнага аркестра інструментальны склад. У адрозненне ад распаўсюджанага “сцэнарыя”, у калектыве цэлых чатыры акардэоны. Дзякуючы гэтаму ў гучанні з’яўляецца больш фарбаў, а змест рэпертуару значна ўзбагачаецца творамі рознай жанравай накіраванасці.
Другое — нашыя выступленні заўсёды суправаджае якасны візуальны шэраг. Напрыклад, выкананню саўндтрэкаў з кінакарцін спадарожнічаюць вывераныя да секунды ролікі, свайго роду “міні-фільмы”.
Трэцяе — творчыя эксперыменты. Калі дазваляюць тэхнічныя магчымасці, ствараем сумесныя нумары з танцавальнымі калектывамі (напрыклад, гродзенскім народным ансамблем сучаснага танца “Мадэрн”). Быў досвед і з танцавальнымі дуэтамі, а яшчэ мастакамі, што працуюць у жанры пескаграфіі.
— У скарбонцы “Nota-Band” больш за 200 выступленняў і мноства тэматычных праектаў. Неаднаразова аркестр станавіўся лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Якое дасягненне лічыце самым значным?
— Выбраць нешта адно складана: за любым прадстаўленым публіцы праектам і кожным выступленнем стаяць дзясяткі гадзін рэпетыцый. Аднак самая доўгачаканая ўзнагарода — званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. На працягу амаль 10 гадоў імкнуліся да гэтага!
— Як, на ваш погляд, можна вызначыць творчую місію калектыву?
— Сёння ў музычнай сферы ўсё часцей выкарыстоўваюцца электронныя сродкі і фанаграмы. Падарыць слухачу жывое гучанне сапраўдных шэдэўраў — вось галоўная мэта, дзеля якой кожны раз выходзім на сцэну. Разам з тым аркестр дае магчымасць вучням і выкладчыкам раскрыцца пановаму, рэалізоўваць творчыя парывы.
— Што ў планах на бліжэйшую будучыню? Якія вяршыні хочацца пакарыць?
— Зараз займаемся падрыхтоўкай новай праграмы з цыкла “CINEMAнія”, якая будзе прысвечана музыцы з савецкага кінематографа. Гэты праект зарадзіўся пасля выступлення ў Гродзенскім абласным тэатры лялек, дзе “Nota-Band” выконваў саўндтрэкі з айчынных і замежных фільмаў. Ёсць шмат ідэй, якія чакаюць рэалізацыі на канцэртных пляцоўках Гродна ды іншых гарадоў краіны. Застаецца толькі пажадаць хуткага ажыццяўлення ўсіх творчых задум!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні