Працягваем шпацыр па Гродзеншчыне — па мясцінах, звязаных з героямі нашых публікацый.
Чым вабіць аматараў даўніны замак у Геранёнах? Жахлівай гісторыяй: у 1543-м тут адбылося знаёмства маладой удавы Станіслава Гаштольда княжны Барбары з роду Радзівілаў і караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Знаёмства раптоўна перарасло ў вялікае каханне, якое завяршылася ў 1547 годзе шлюбам. Праз вялікую непрыязь да вялікалітоўскай прыгажуні з боку польскіх магнатаў і асабліва маці Жыгімонта, каралевы Боны Сфорцы, шчасце маладых было нядоўгім. У 1551-м пасля цяжкай хваробы Барбара памерла. Па неафіцыйнай версіі, маладую ды непажаданую каралеву атруціла маці караля. Жыгімонт выканаў апошнюю волю жонкі і пахаваў яе на радзіме, у кафедральным касцёле Вільні.
Праз нейкі час нарадзілася легенда, што, не маючы моцы забыць каханую, кароль паспрабаваў выклікаць яе дух з дапамогай кракаўскага чараўніка пана Твардоўскага. Эксперымент завяршыўся няўдала. З таго часу нібыта па нясвіжскім замку і блукае Чорная панна (Барбара Радзівіл), якая з’яўляецца людзям ў час страшнай небяспекі. Сюжэт нібы крыкам крычыць: “Экранізуйце мяне!”
Маўклівыя сведкі падзей (замчышча ў Геранёнах)
Праўда, ад замка амаль нічога не засталося — фрагмент мура (накрытага кансервацыйным дахам), валы і роў. А з-за хмызняку планіроўка, якая яшчэ бачная на малюнках ХІХ стагоддзя (прыкладам, Напалеона Орды), амаль не чытаецца.
Пакінуўшы Геранёны, едзем праз Суботнікі далей. У палац роду Умястоўскіх у Жамыслаўлі. Ранейшая назва паселішча — Пятроўшчына, а маёнтка — Кандрацішкі. За сваю доўгую гісторыю ён не раз мяняў гаспадароў (Зяновічы, Роскія, Стахоўскі…). А назву атрымаў ад Юрыя Войцеха Жэмлы, род якога валодаў маёнткам ў XVII стагоддзі. Росквіт жа прыйшоўся на ХІХ стагоддзе, калі гаспадаром маёнтка стаў Якуб Умястоўскі і яго нашчадкі.
Палац — галоўная разынка — з’яўляецца трошкі паменшанай копіяй знакамітай варшаўскай рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да завяршэння рэстаўрацыі шлях не блізкі. Але людзі едуць, экскурсіі ладзяцца. І турыстаў хапае: за палацам вялікае возера і вельмі маляўнічы краявід, асабліва надвячоркам.
Паблукаўшы вакол палаца, гаспадарчых пабудоў і капліц, рушым на Трабы.
Старадаўняе мястэчка Трабы, як мяркуюць даследчыкі, пачалося з замка. У 1410-м з’явіліся тут каталіцкая парафія і першы драўляны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Ад князёў Гальшанскіх Трабы перайшлі да віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. Потым гаспадарыў унук Ягайлы вялікі князь Жыгімонт І Стары, які падараваў маёнтак сыну, ужо згаданаму вышэй Жыгімонту ІІ. На пэўны час сталі Трабы і каралеўскай рэзідэнцыяй. Але ўсё мінула. Сярод слынных ураджэнцаў мястэчка адзначым Пятра Юргелевіча, выдатнага беларускага мовазнаўцу, і Освальда Бекіша, выбітнага беларускага вучонага-імунолага. Ну і як жа не згадаць, што ў старым, тады яшчэ драўляным трабскім касцёле ў 1830-м браў шлюб мастак Вінцэнт Дмахоўскі? Тая бажніца ў 1905-м была замененая на неагатычны цагляны касцёл, які красуе па сёння.
Загадкавы помнік у Жамыслаўлі
Свіран. Маёнтак Корвін-Мілеўскіх (Геранёны)
Выпадкова збочыўшы на шматвектарным скрыжаванні не туды, кіламетраў праз 10 грунтовай дарогі мы быццам трапілі ў пастку. Сотавая сувязь прапала, навігатар замоўк, і ехаць прыйшлося ўсляпую. Шлях вывеў на вёску Чорны Луг, за якой дарога аказалася больш прыдатнай для вялікіх колаў трактароў. І ўсё ж мы не пашкадавалі: напрыканцы тупіка сустрэлі ледзь не сапраўдны старасвецкі фальварачак. Добразычлівая гаспадыня падказала, як выбрацца ў “божы свет”. Дарэчы, мы былі не першыя “прышэльцы”, якіх шалёны навігатар выводзіць на маёнтачак. А мо і не навігатар, а сам Фердынанд Рушчыц блытаў нам мапы, каб паспелі разгледзець ваколіцы. Калі так, то дзякуй яму вялікі, бо незапланавана трапілі мы ў …
Але ня тое, што пад Смаргонню, якое таксама мае слаўную гісторыю. Гэтая вёска Вішнева (Вішнеў) належыць Валожынскаму раёну. Першыя згадкі сягаюць у XIV стагоддзе, калі яна ўваходзіла ў Крэўскае княства. Як і ў Трабах, на пачатку XV стагоддзя тут будуецца касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Пазней, у 1641-м, замест старога ўзвялі каменны, які стаіць і па сёння. І тое, што ён захаваўся, — цуд. Бо на пачатку ХХ стагоддзя яго меліся перабудаваць у неагатычны храм (ёсць праект). Дарэчы, два малюнкі “дарэформеннага” касцёла пакінуў Фердынанд Рушчыц. Перабудова ўсё ж адбылася, але стрыманая (з’явіліся вежы-званіцы). З правага боку ад касцёла — крыніца, падыход да якой добраўпарадкаваны, ёсць сходы і невялічкі грот. За касцёлам знайшлі спачын некалькі ксяндзоў-пробашчаў.
Касцёл у Вішневе
Увагу прыкоўваюць два надмагіллі, падпісаныя беларускай мовай. Першае належыць кс. Станіславу Міхальскаму (трагічна памёр у 1950-м). Другое — знанаму кс. Уладзіславу Чарняўскаму (1916—2001), які ў паваенны час быў адзіным, хто служыў на беларускай мове. Нават перакладаў Біблію і Катэхізіс. У Вішневе ў 2016-м акрыўся музей святара. Запаліўшы зніча на яго магіле, рушым далей.
Але гэта не ўсе знакамітыя асобы, звязаныя з мястэчкам. Тут у 1593-м адышоў у лепшы свет Сымон Будны, вучоны-філосаф, кнігавыдавец. У Нясвіжы, дзе ён жыў, працаваў і дзе выходзілі яго кнігі, Буднаму ўсталяваны помнік (1982). Яшчэ тут нарадзілася Уладзіслава Станкевіч, будучая жонка Янкі Купалы, маці якой пасля смерці першага мужа (сваяка мастака Клода Манэ) перабралася з Францыі ў Вішнева і ажанілася з мясцовым палясоўшчыкам. Ну і вартая згадкі беларуская паэтка Канстанцыя Буйло, імя якой з 1989-га носіць школа ў вёсцы (акурат ў гэтым годзе прах паэтэсы перавезены ў Вішнева з Масквы). Верш Буйло стаў гімнам школы, якая, дарэчы, вядзе свой летапіс з 1775-га.
З Вішнева прастуем на Багданава. Па дарозе згадваем пра Храптовічаў: у вёсцы Альшанка маецца з’езд у левы бок, які прывядзе да колішняй паляўнічай сядзібы знакамітага роду. Каменны будынак пачатку ХХ стагоддзя, узведзены на месцы старой фальварковай сядзібы, захаваўся. Але не мае даху. Шмат чаго бачыў ён на сваім веку. І нямецкія войскі ў часы Першай сусветнай вайны, і дзіцячы садок ад мінскага трактарнага завода. Сёння ж, безгаспадарны, зарастае хмызамі (зладзім тут суботнік). Архітэктурай нагадвае будынак з малюнка Рушчыца “Раскіданае гняздо”, які разам з “Зямлёю” змешчаны на памятнай манеце да 150-годдзя мастака. Але нагадвае толькі здаля. Бо на малюнку — сядзіба Рушчыцаў у Багданаве.
Вось і зацепліліся на даляглядзе агеньчыкі вёскі Багданава, колішняга мястэчка (вядомага з XVI стагоддзя як маёнтак Галыпаны). З 1836-га ён ад Чаховічаў перайшоў Рушчыцам. Як выглядала сядзіба, вядома з фотаздымкаў і малюнкаў Фердынанда. Але сёння тут пустка.
Зусім іншая карціна каля касцёла, які нядаўна перабудавалі. Цяпер ён мае больш узнёслы выгляд. Тэрыторыя вакол парадкуецца. З правага боку ад брамы ўжо ўсталяваны бюст мастака (створаны скульптарам Валяр’янам Янушкевічам). А пры ім памятны камень з бронзавай шыльдай у выглядзе мальберта, палітры і карціны. Фердынанд Рушчыц на гэтым месцы ў 1899 годзе маляваў карціну “Ля касцёла”.
Апошні пункт маршрута — сямейнае пахаванне Рушчыцаў блізу вясковых могілак. На пагорак вядуць адноўленыя драўляныя сходы. Вось бы яшчэ падправіць шыльду “Месца пахавання мастака Ф. Рушчыца”.
На пагорку знайшлі спачын многія прадстаўнікі роду. Ёсць там і старыя камяні, і велічныя мемарыялы, і сціплыя крыжы з простымі таблічкамі. На магіле ж мастака і яго жонкі — сучасны помнік. Бачна: людзі прыязджаюць у Багданава часта, каб ушанаваць памяць творцы. У гонар слыннага сына нашай зямлі запалілі знічы і мы.
Зміцер ЮРКЕВІЧ
Фота аўтара