Пагасцяваць у Шастаковічаў

Апублiкавана: 17 кастрычнiка 2024 Стужка Музыка Мінск Рэха фестывалю

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

VIII Міжнародны фестываль “У Шэметава ў Шастаковічаў” завяршыўся 28 верасня. Сёлета ён утрымліваў сем выбітных канцэртаў, чатыры з якіх прайшлі на розных пляцоўках Мядзельшчыны і тры — у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Сталічныя канцэрты — па квітках. Рэгіянальныя — з вольным уваходам. Такі прынцып дазваляе як мага шырэй папулярызаваць акадэмічную музыку, творчасць сусветна вядомага савецкага класіка Дзмітрыя Шастаковіча і тое, што ў яго таленце ёсць і часцінка беларускай душы. Продкі музычнага генія па бацькоўскай лініі, аж да прадзеда, жылі ў мястэчку Шэметава. На Мядзельшчыне і цяпер ёсць жыхары з такім прозвішчам — лічыце, далёкія нашчадкі. А 25 верасня — дзень народзінаў самога Дзмітрыя Дзмітрыевіча. Усё гэта вызначыла месца і час фестывалю, які праводзіцца з 2016 года і паступова расце, ахопліваючы новыя залы і творчыя калектывы, музыку знаных і мала вядомых у нас аўтараў. 

Вось і сёлета праграмы ўключалі, да прыкладу, так званыя “французскія навінкі з мінулага”: у выкананні Музычнай капэлы “Санорус” на чале з Вячаславам Ларыным панавалі не толькі Бах з Вівальдзі, але і Леклер (Габойны канцэрт), Балонь дэ Сен-Жорж (оперная ўверцюра), якога называлі “чарнаскурым Моцартам”. 

— З кожным годам фестываль збірае ўсё больш прыхільнікаў, — падзялілася ўражаннямі пастаянная вядучая канцэртаў Алена Касарэўская. — Мяне папрасілі весці канцэрты яшчэ ў 2018-м, калі я была дырэктарам Мядзельскай школы мастацтваў. Выйшла на пенсію, але фестываль не кідаю. І справа не толькі ў музыцы, што там гучыць, але і ў самой атмасферы. Сусветная знакаміты французскі саліст Жэром Гішар прыязджае ўжо чацвёрты раз, і яго сустракаюць як роднага: нясуць яблыкі са свайго саду, частуюць беларускімі цукеркамі. Завітваюць на канцэрты і шматлікія расіяне, што адпачываюць на Нарачы. Вельмі здзіўляюцца, маўляў, у вас у правінцыі ў касцёле бясплатна выступаюць такія зоркі — неверагодна! 

Адметным быў канцэрт сімфанічнага аркестра Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі і Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы ў вялікай філарманічнай зале. Рэквіем Г. Фарэ, выкананне якога прымеркавана да 100-годдзя з дня смерці французскага кампазітара, стаўся спакойным, улагоджаным прыняццем пераходу ў іншы свет як аб’ектыўнай рэальнасці жыцця. Магутны поступ нізкіх струнных сімвалізаваў непазбежнасць сыходу, харавое шматгалоссе — то трапяткія галасы чалавечых душ, то спевы анёлаў. Барытон народнага артыста Беларусі Уладзіміра Громава ўспрымаўся каментарыем святара. Сапрана лаўрэата міжнародных конкурсаў Настассі Храпіцкай паглыблялася ў прастору арганнай вечнасці. Аркестравае ж гучанне ў высокім рэгістры нагадвала адбіткі залачоных царкоўных крыжоў у празрыстай вадзе. А ўвесь твор скараў зладжанасцю формы, сапраўднай гармоніяй музычнага космасу. 

У Трэцім скрыпічным канцэрце К. Сен-Санса саліравала цудоўная французская скрыпачка Шарлот Жуйяр, апранутая ў доўгую сукенку з аб’ёмнымі ружовымі кветкамі і бліскучымі зялёнымі галінамі на чорным фоне. Такія ж кветкі расцвіталі ў музыцы, што нібыта дыхала. Бездакорнае інтанаванне, найвышэйшая якасць гуку ў ігры салісткі стваралі зачараванне прыгажосцю і асаблівы французскі шарм. 

Дырыжор Вячаслаў Бартноўскі чуйна падкрэсліваў усе аркестравыя перазовы. У Сюіце з балета “Болт” Д. Шастаковіча вывеў на першы план персаніфікацыю тэмбраў, нечаканыя пераасэнсаванні побытавых жанраў, што выступаюць яркімі “меткамі” чалавечых характараў і ўсёй эпохі. А найперш гумар, перадаць які ў музыцы бывае асабліва складана. 

Завяршыўся фестываль выкананнем двух фартэпіянных трыа — Шуберта і Шастаковіча, прычым з удзелам мастацкага кіраўніка філармоніі Юрыя Гільдзюка. А галоўны ініцыятар свята, вядомы спявак, выкладчык, старшыня асацыяцыі “Францыя — Беларусь. Абмен”, уладальнік медаля Францыска Скарыны Аркадзь Валадось зноў поўны новых ідэй правядзення далейшых такіх фэстаў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Аляксандры БАРЫСЮК