“Анімаёўка-2024”: энергія будучыні

Дваццаць сёмы раз Беларусь сустракала адну з самых яркіх культурных падзей — Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”. Фэст аб’ядноўвае таленты з розных краін, у тым ліку дзяцей і моладзь, і дае ім магчымасць прадэманстраваць шырокай публіцы свае найлепшыя работы, а гледачам — пазнаёміцца з дасягненнямі ў галіне вытворчасці анімацыйнага кіно. А яшчэ “Анімаёўка” — гэта заўсёды яскрава, весела і цікава!

27-Ы, РЭКОРДНЫ 

За час свайго існавання, з 1998 года, “Анімаёўка” набыла сусветную славу, адкрыла многім аўтарам-пачаткоўцам, рэжысёрам і мастакам, дарогу ў прафесійную анімацыю. І статус фестывалю расце. 

З кожным годам у коле сяброў “Анімаёўкі” з’яўляюцца новыя краіны- ўдзельніцы, адкрываюцца новыя імёны. Арганізатары фэсту — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. 

— Сёлета фестываль можна назваць рэкордным: удзельнічалі 47 краін; В’етнам, Трынідад і Табага — упершыню. Было пададзена 317 заявак — удвая больш, чым у мінулым годзе. З іх 248 — на ўдзел у конкурсе анімацыйных фільмаў і 69 — у конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці, — расказала сакратар аргкамітэта, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Марыя Каспяровіч. — У нас з’явілася намінацыя “Найлепшы анімацыйны серыял”, якая адразу выклікала цікавасць ва ўдзельнікаў. Стаў яшчэ больш запатрабаваным конкурс дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці: на яго заяўлена 132 работы. І калі ўлічыць, што над некаторымі творамі працавалі калектывы дзяцей, то можна сцвярджаць: у “Анімаёўцы-2024” паўдзельнічала больш за паўтысячы чалавек. Лічбы сведчаць аб прызнанні фестывалю на міжнародным узроўні. 

Па словах Марыі Каспяровіч, анімацыя сёння не проста мульцікі. Гэта найважнейшы кампанент дызайну карыстальніцкага досведу: можа выступаць у якасці рэкламы і знаёміць людзей з брэндамі, прадуктамі і паслугамі; дазваляе ў простай і зразумелай форме растлумачыць складаныя паняцці; актыўна прымяняецца ў сацыяльных сетках. 

ЯДНАЮЧЫ СЭРЦЫ 

Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю адбылася ў адной з самых утульных і прыгожых лакацый Магілёва — на плошчы Зорак, у цэнтры якой устаноўлена скульптурная кампазіцыя з адзіным у свеце помнікам Астролагу. Па дывановай дарожцы пад апладысменты шматлікіх гледачоў прайшлі зоркі “Анімаёўкі”: члены аргкамітэта і журы, ганаровыя госці, партнёры фестывалю. Юныя артысты пацешылі публіку маляўнічымі нумарамі. І плошчу ахінулі тысячы залатых пялёсткаў імправізаванага салюту. 

Святочнае дзейства працягнулася ў вялікай зале кінатэатра “Радзіма”. Намеснік начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Андрэй Ганчук зачытаў прывітальны адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча гасцям і ўдзельнікам свята. У віншаванні адзначалася, што “Анімаёўка” на працягу многіх гадоў з’яўляецца сімвалам культурнага адзінства і ўзаемадзеяння, ўвасабляе традыцыі і сучаснасць свету анімацыйнага кіно. Гэты фестываль — заклік да духоўнага збліжэння народаў. Усё больш удзельнікаў і гасцей падтрымліваюць аб’яднальны, дружалюбны дух культурнага міжнароднага кінафоруму. І пазітыўная творчая атмасфера перадаецца шматлікай публіцы. 

Шмат цёплых слоў прагучала і ў прывітальным адрасе старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, які зачытаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок. У прыватнасці падкрэслівалася, што фестываль даўно стаў візітнай карткай Прыдняпроўскага краю і творчай пляцоўкай для ўмацавання сяброўства народаў. “Анімаёўка” аб’ядноўвае сэрцы, стварае атмасферу творчасці і ўзаемаразумення, дае ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі і разнастайнасцю свету анімацыі. 

Афіцыйную частку дапоўнілі інтэрактывы і прыгожыя нумары мастацкай самадзейнасці: творчыя калектывы Магілёва ведаюць, як прывабіць публіку! А верхаводзіў усім дзействам штучны інтэлект, які вяшчаў з вялікага экрана. 

ГОДНАЯ ЗМЕНА 

У рамках фестывалю прайшлі тры конкурсы: анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці і конкурс дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Што тычыцца юных удзельнікаў, то, па словах журы, была прадэманстравана разнастайнасць тэхнік і высокае выканальніцкае майстэрства. 

— Асноўнай умовай у конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва было стварэнне дзецьмі анімацыйнага героя любым спосабам — няхай гэта будзе лепка, маляванне або іншы мастацкі выраз. Гэта дазваляе развіваць творчыя здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак, падтрымліваць іх цікавасць да анімацыі. І юныя аўтары нас прыемна здзівілі: паказалі годны ўзровень, — адзначыла член журы конкурсу, педагог вышэйшай катэгорыі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Ірына Лапаціна. 

ШЧЫРА І КАРЫСНА 

Паказы конкурсных і фестывальных праграм анімацыйных фільмаў, стужак — пераможцаў фестывалю сабралі поўныя залы. Яркія ўражанні пакінулі і творчыя сустрэчы, майстар-класы, выставы. 

Так, рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, пераможца ў намінацыі “Найлепшы беларускі анімацыйны фільм” “Анімаёўкі-2023” Наталля Касцючэнка прэзентавала праграму анімацыйных стужак “Беларусьфільма” да 100-годдзя беларускага кіно. 

Рэжысёр, прадзюсар, сцэнарыст, загадчык кафедры анімацыі і мультымедыя Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, член Саюза кінематаграфістаў Расіі, гільдыі рэжысёраў Расіі, асацыяцыі кінаадукацыі і медыяпедагогікі, прызёр міжнародных кінафестываляў Сяргей Струсоўскі правёў заняткі па тэме “Нашы героі”, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На другім майстар-класе тытулаваны госць прадставіў праект “Анімацыя ў тваім смартфоне” і падзяліўся сакрэтамі стварэння мультфільмаў. 

Творчых майстэрняў было шмат — і ў самім Магілёве, і ў вобласці. І хоць тэмы ўздымаліся розныя, агульным было тое, што ўсе сустрэчы праходзілі ў цёплай атмасферы, з вялікай аддачай вядучых і падзякай удзельнікаў. Гледачоў цікавілі не толькі нюансы прафесіі, але і тое, пра што мараць госці, хто іх любімыя героі. Спадабаліся наведвальнікам кіназалаў і сустрэча з Кацярынай Шарамет, рэжысёрам фільма “Леанід Шварцман. Казка пра хлопчыка і стары горад” (студыя гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, Мінск), і лэйаўт з артыстам Паўлам Карнеевым, і “Каляндар разумных спраў” Ірыны Лапацінай, кіраўніка ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Фітадызайн” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. 

ЦЁПЛАЯ АТМАСФЕРА 

Сапраўдны ажыятаж выклікалі майстар-класы і творчыя сустрэчы, якія правялі гукарэжысёр, саўнддызайнер, расійскі акцёр Барыс Кутневіч і яго юная каляжанка, актрыса агучвання Юлія Зунікава. Іх галасы пазнае кожны, хто глядзеў мультсерыял “Маша і Мядзведзь”. Паразмаўляць з любімымі героямі, сфатаграфавацца і ўзяць у іх аўтографы было сапраўдным шчасцем для дзяцей. 

Шмат прыхільнікаў сабраў майстар-клас “Сучасныя анімацыйныя АI-сэрвісы: практычнае кіраўніцтва” АI-аніматара студыі “Tcl North America”, рыгера і лэйаўт-артыста студыі “Тооnbox” Таццяны Сіманавай (Расія, Кіпр). Дарэчы, тэма яе выступленняў стала яшчэ адной з навінак сёлетняга фестывалю. 

Таццяна прыехала ў Беларусь упершыню і засталася ў захапленні: “Краіна цудоўная, беларусы — выдатныя людзі! Я ўдзячная арганізатарам «Анімаёўкі» за тое, што здолелі стварыць на фестывалі вельмі прыемную, цёплую атмасферу!” 

ЗОРНЫ ЧАС 

На ўрачыстым закрыцці фестывалю адбылося ўзнагароджанне пераможцаў усіх конкурсаў. 

Старшыня журы конкурсу дзіцячай анімацыйнай творчасці Сяргей Струсоўскі заўважыў: 

— Адметнай асаблівасцю “Анімаёўкі-2024” стала вялікая разнастайнасць тэхнік выканання анімацыі: дзеці паказалі працы маляваныя, лялечныя, сыпкія, пластылінавыя і зробленыя па іншых тэхналогіях, што вельмі радуе. Акрамя таго, былі прадстаўлены работы на вельмі сур’ёзныя тэмы. І калі развагі дарослых прагучалі б як маралізатарства, то апавяданні дзяцей аб тым, што іх хвалюе, — гэта вельмі шчыра і карысна, прычым не толькі для іх аднагодкаў, але і для дарослых. 

Гран-пры “Анімаёўкі-2024” атрымаў фільм “Ноч у зоне адпачынку” рэжысёра Сакі Мурамота (Японія). 

У намінацыі “Найлепшы беларускі анімацыйны фільм” прыз “Вялікі аловак” заваявала стужка “Ала” рэжысёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Наталлі Касцючэнка. А найлепшым анімацыйным фільмам, створаным дзецьмі, прызнаная стужка “Святло свету” (аўтар — Елісей Грузд, выхаванец магілёўскай дзіцячай анімацыйнай студыі “ДзіГі Клаб”, педагог Анастасія Клачкова). 

З поўным спісам пераможцаў можна азнаёміцца на сайце mogilevkino.by у раздзеле “Анімаёўка”. 

Святлана ЧЭКАЛАВА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА