Пытанні на гэту тэму абмеркавалі на чарговым пасяджэнні прэс-клуба РВУ “Культура і Мастацтва”. Да ўдзелу ў размове запрасілі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў, кіраўніцтва райвыканкамаў і прадстаўнікоў устаноў культуры. Тых, чыя дзейнасць непасрэдна звязана з падрыхтоўкай і правядзеннем маштабных культурных мерапрыемстваў.
Першы сваім меркаваннем падзяліўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі, член Пастаяннай парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алег Кузьмін. Па яго словах, статус культурнай сталіцы абавязвае праводзіць узорныя мерапрыемствы, якія ўздымаюць шырокі культурны пласт канкрэтнага раёна.
— У кожнай беларускай вёсачцы існуюць тысячагадовыя традыцыі, што перадаваліся пакаленнямі ад моманту ўтварэння паселішча, — падкрэсліў дэпутат парламента. — Таму задача культурнай сталіцы — скласці пэўны інвентар гэтых традыцый і годна яго прадставіць.
На пытанне, ці мэтазгодна вызначыць пэўныя нарматывы ці паказчыкі для горада, які прэтэндуе на такі статус, суразмоўца адказаў што, з аднаго боку, лічбы і паказчыкі дазваляюць канкрэтызаваць задачы і вынікі, якіх хочуць дасягнуць арганізатары. Але ў гэтай справе неабходна ўлічваць асаблівасці рэгіёна. План мусіць быць, але яго трэба карэкціраваць у залежнасці ад колькасці насельніцтва і арганізацый, ад магчымасцей і патэнцыялу гаспадароў культурнай сталіцы.
Алег Кузьмін распавёў, што яго калегі-дэпутаты актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных культурных мерапрыемствах. Імкнуцца перадусім прысутнічаць на тых, што ладзяцца ў іх выбарчай акрузе. Лепшага моманту і месца для нефармальных зносін з людзьмі, як такія культурныя падзеі, няма. Сярод тых, што ўразілі яго асабліва, згадаў “Сомінскую юшку”, балі ў Косаўскім палацы, “Спораўскія сенакосы”. Яны дазваляюць назіраць за тым, як захоўваюцца і перадаюцца наступным пакаленням беларускія народныя традыцыі.
— Наша культура ўнікальная, і ідэя праводзіць культурную сталіцу ў раённых цэнтрах правільная, — падкрэсліў Алег Кузьмін. — У наш час важна паказаць, што мы адзіны народ са сваімі асаблівымі традыцыямі. На нашы святы культуры прыязджаюць людзі не толькі з усіх куткоў Беларусі, але і з-за мяжы. Для іх гэта выдатная магчымасць дакрануцца да каранёў.
Сёлетнюю культурную сталіцу на мерапрыемстве прадставілі намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Святлана Патапчык, якая курыруе пытанні сацыяльнай сферы і ідэалагічнай работы, а таксама загадчык сектара абслугоўвання і інфармацыі Бялыніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Грыбайлава.
Яны адзначылі, што гэты год насычаны знамянальнымі падзеямі. У раён прыязджаюць сотні турыстаў. І работы ў мясцовых устаноў культуры і ўлады стала шмат.
Скульптурная кампазіцыя "З’яўленне іконы" ў Бялынічах
Так, колькасць творчых сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі, якія паходзяць з гэтых мясцін, павялічылася больш чым у тры разы. Цяпер падобныя мерапрыемствы ладзяць штомесячна: сёлета бялыніцкія літаратары выдалі шэсць кніг. Гэта вялікая лічба. Мясцовая бібліятэчная сетка займела бібліобус. Мабільная скарбніца працуе на 12 маршрутах, дорачы сустрэчу з кнігай жыхарам 71 населенага пункта.
Ярка ў Бялынічах адзначылі Дзень народнага адзінства. У раёне прайшла акцыя “Беларусь, наперад!”. У праграме — тэматычныя чэленджы, маладзёжны велапрабег, урачыстае ўскладанне кветак да брацкіх пахаванняў і да помнікаў героям, конкурс малюнкаў, арганізацыя фотазон, вялікі святочны канцэрт з феерверкам.
Скарыстаўшыся статусам культурнай сталіцы, Бялынічы завабілі да сябе галоўных зорак міжнароднага фестывалю “Анімаёўка-2024”. У мясцовым кінатэатры з аншлагам прайшлі мерапрыемствы з яго ўдзельнікамі, прагляды конкурсных стужак, творчыя сустрэчы.
У кастрычніку Бялынічы наведаюць прадстаўнікі сёлетняй культурнай сталіцы Расіі — Ніжняга Ноўгарада. Потым пройдзе міжнародны пленэр па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, распачнецца “Бялынічская тэатральная восень”.
Гарадскі асяродак — важны складнік агульнай культуры. Прадстаўнікі ўлад Іванава распавялі пра сваю дзейнасць па падрыхтоўцы да 2025 года, калі іх горад прыме эстафету культурнай сталіцы Беларусі ад Бялынічаў.
Старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Рыгор Сыса і намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама Віталь Клышко паведамілі, што горад чакае маштабнае добраўпарадкаванне. Будуць уладкаваныя пад патрэбы масавых мерапрыемстваў цэнтральная плошча і гарадскі парк. Плошча атрымае пешаходны фантан, а парк — сцэнічны комплекс. Таксама пад патрэбы культуры прыстасуюць тэрыторыю вакол басейна.
Рыгор Сыса адзначыў, што падрыхтоўка горада да прымання статусу культурнай сталіцы распачалася нават не сёлета, а нашмат раней. І запэўніў: усё адбудзецца на вышэйшым узроўні. У доказ прывёў удалую арганізацыю і правядзенне папулярных брэндавых фестываляў “Мотальскія прысмакі” і “Фальклор без меж”, якія традыцыйна ладзяцца ў рэгіёне.
— Мы самабытныя ў сваёй спадчыне, — падкрэсліў старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў. — І будзем рабіць на гэтым акцэнты. А мэта ў нас адна, агульная з усімі іншымі культурнымі сталіцамі. Яе вызначаюць словы песні: “Трэба трымацца разам, у еднасці наша сіла”.
Віталь Клышко заўважыў, што “культура — гэта не толькі песні і танцы, але і добраўпарадкаваныя тратуары”. Прадстаўнікі гарадскіх улад запэўнілі, што дэтальнае планаванне і дакладнае вызначэнне рэсурсаў, нароўні са здаровымі амбіцыямі устаноў культуры, будуць залогам паспяховага правядзення ўсяго комплексу мерапрыемстваў года, калі Іванава стане культурнай сталіцай Беларусі.
Віктар ГАЎРЫШ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА