Не ўсё тое золата, што блішчыць

Апублiкавана: 14 кастрычнiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

І не ўсё тое конкурс, што гучыць. Народная мудрасць міжволі прыходзіць у галаву, калі даведваешся аб чарговым творчым “конкурсе” з прыгожай назвай і дакладнымі цэнамі на “лаўрэацтва”.

І ў каторы раз хочацца папярэдзіць настаўнікаў і бацькоў, якія не шкадуюць высілкаў, матывуючы дзяцей займацца разнастайнымі мастацтвамі: не кідайце грошай на вецер! 

У нашай краіне ладзіцца шмат прэстыжных творчых спаборніцтваў, для ўдзелу ў якіх патрэбны толькі талент. Ніякай платы! Наадварот, пераможцам такіх конкурсаў уручаюць прызы і падарункі, даюць ільготы пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. 

Поўны спіс падобных мерапрыемстваў змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 2 красавіка 2015 года № 263. Яна мае назву, якая гаворыць сама за сябе, — “Аб арганізацыі і правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фестываляў, конкурсаў, форумаў, свят і пленэраў, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў”. 

Штогод на аснове гэтага спіса фарміруецца пералік мерапрыемстваў, перамога ў якіх адкрывае маладым людзям дзверы ў творчыя ВНУ і ССНУ. Дакумент зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і публікуецца на сайце ведамства. 

Так, Пералік конкурсаў, пераможцы якіх маюць права на залічэнне без уступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі і па-за конкурсам ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на спецыяльнасці, якія адпавядаюць намінацыям творчых конкурсаў і фестываляў у сферы культуры, у 2024 годзе, змяшчае 12 мерапрыемстваў з рэспубліканскім, нацыянальным або міжнародным статусам. 19 чалавек, якія занялі на гэтых спаборніцтвах прызавыя месцы, сёлета сталі студэнтамі і навучэнцамі па льгоце. У мінулым жа годзе такую магчымасць скарысталі 33 пераможцы 11 конкурсаў.