Бясконцая мяжа

Апублiкавана: 10 кастрычнiка 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Мастыхін

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

У галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 24 верасня адкрылася выстава Людмілы Кальмаевай.

Прадметам яе даследавання былі чалавек, асоба, жанчына, сталыя людзі, дзеці, адносіны, эмоцыі, перажыванні і пачуцці, абмежаванні і магчымасці. У экспазіцыі прадстаўлены раннія замалёўкі і плакаты 1970—1980-х, творчыя эксперыменты і пошукі 1990—2010-х, жывапісныя пейзажы, сярод якіх — руіны Гальшанскага замка 1980-х, партрэты “галандскага перыяду”. 

Ідэя выставы належыць мастацвазнаўцы, куратару Ларысе Фінкельштэйн (1950—2023). Яна распачала работу над экспазіцыяй — графіка і жывапіс былі адгледжаны, выстаўка запланавана, але, на жаль, заўчасны сыход галерысткі не дазволіў гэтую справу завяршыць. “Бясконцая мяжа” — плён і прастора творчасці Людмілы Кальмаевай, сімвал адлегласці паміж мінулым і сучаснасцю, паміж тымі, хто сышоў, і тымі, хто сумуе, знак бясконцасці вымярэнняў паміж марай і паўсядзённасцю, паміж пажаданым і магчымым. Метафарычнасць выяўленчай мовы, універсальны сімвалізм, скульптурнасць кампазіцый, лаканічнасць, унутраная дынаміка, буйная фантазія даюць надзвычайны ўзровень графікі творам, што ўвайшлі ў залаты фонд беларускага мастацтва і захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва і многіх музеях і галерэях свету. Выстава атрымалася насычаная, цэльная, цікавая. 

Распачалася імпрэза выступленнем ансамбля скрыпачоў “Туцці” дзіцячай школы мастацтваў №13 Мінска. Падчас ўрачыстага адкрыцця слова бралі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая, першы намеснік грамадскага аб’яднання “Саюз мастакоў Беларусі” мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Надзея Усава ды іншыя. 

У прамовах сябры і калегі Людмілы Кальмаевай падзяліліся ўспамінамі аб ёй як чалавеку, аб пачатку творчага шляху мастачкі, які прыйшоўся на канец 1960-х, аб працах пазнейшага перыяду. 

У 1986—1992 гадах Людміла Кальмаева працавала ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Стварыла ўласную методыку выкладання акварэльнага жывапісу. Таму на адкрыццё, каб аддаць даніну павагі настаўніцы, прыйшлі і яе вучні. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ