Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа” традыцыйна адкрыў новы сезон: 28-ы па ліку брэсцкі форум паставіў у цэнтр увагі рускую класіку.
А разам з ёй — вечную праблему: як тую класіку ў цяперашніх рэаліях увасабляць? Прытрымлівацца аўтэнтыкі, як гэта модна ў фолку? Пакідаць сэнсы, што ўкладаліся ў яе ў савецкія часы? Ці шукаць новыя акцэнты і падыходы? Фестываль прадэманстраваў увесь спектр рэжысёрскіх прачытанняў.
На адным з полюсаў апынуўся Пермскі тэатр “Ля Моста”. Аўтарскі калектыў Сяргея Фядотава прытрым- ліваецца дакладнага ўвасаблення ўсіх гістарычных дэталяў. Сцэнаграфія і касцюмы яго спектакля “На дне” па п’есе М. Горкага — сапраўдны зрэз эпохі, своеасаблівыя экспанаты-муляжы краязнаўчага, этнаграфічнага музея.
Сцэна са спектакля "Ляўшун"
Яшчэ адна ніша — дакладнае чытанне літаратурнай першакрыніцы, штосьці накшталт аўдыякнігі, толькі з удзелам артыстаў, якія адначасова выступаюць у розных ролях. Такім быў “Дуброўскі. Пачатак…” Усходне-Казахстанскага абласнога драмтэатра, вылучаны як “найлепшы акцёрскі ансамбль”. Знакамітага расійскага крытыка Наталлю Старасельскую ўразіла сцэна вогнішча, вырашаная без дыму і святла, толькі чырвонай тканінай у руках артыстаў. І тое, што Траекураў быў засмучаны, калі пачаў помсціць. Малодшая калега Старасельскай Настасся Ільіна адзначыла, што спектакль атрымаўся пра тое, як каханне перамагае пачуцці помсты і нянавісці.
У тым жа рэчышчы як мага больш поўнага пераказу зместу з усімі падрабязнасцямі былі вырашаны “Мёртвыя душы” з Вялікага Ноўгарада.
Бяспройгрышным стаў зварот да п’ес А. Астроўскага. Ташкенцкі спектакль “На бойкім месцы” (Узбекістан) быў адзначаны “за захаванне традыцый рускага тэатра”. Класічна вырашанай “як па К. Станіслаўскім” атрымалася “Дзікунка” Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя У. Маякоўскага. Рэжысёр Юрый Іофе з уласцівай яму скрупулёзнасцю прасачыў змены ў характарах герояў, і цэнтральная гераіня ў выкананні маладой артысткі Настассі Дзьячук была прызнаная “найлепшай жаночай роллю” ўсяго фэсту. Псіхалагічна дакладнай аказалася і “Старамодная камедыя” А. Арбузава з Капенгагена (Данія).
На супрацьлеглым баку актуалізацыі класічных тэкстаў, пошуку ў іх новых сэнсаў, відавочных праз часавую адлегласць, а таксама ўвасаблення класікі сучаснымі сродкамі іншых відаў тэатра і сінтэзу мастацтваў аказаліся лермантаўскі “Маскарад”, увасоблены Дэвідам Разумавым у нашым Нацыянальным тэатры імя М. Горкага, абодва брэсцкія спектаклі: “Бацькі і дзеці” ў драме (гл. мінулы нумар “К”), “Вішнёвы сад” у тамтэйшым тэатры лялек. Абвінавачванні такіх прачытанняў у неадпаведнасці класічным вытокам, парушэнні гістарычнага кантэксту арыгінала часам выглядалі беспадстаўна. Але таксама мелі працяглыя традыцыі: калісьці многія не прызналі оперу “Яўген Анегін”, бо Чайкоўскага хвалявала не пушкінская “энцыклапедыя рускага жыцця”, а любоўная лінія. Ды і сваю “Пікавую даму” кампазітар перанёс у ХVIII стагоддзе, пры гэтым значна “абяліў” Германа. Дык што, гэтыя оперы забараніць?
Сцэна са спектакля "Дзікунка"
Пэўна, справа не ў тым, ці можна называць Яўгена проста Жэнем, калі ў ХІХ стагоддзі такія звароты не былі прынятыя, а ў існаванні двух розных жанраў: п’есы — і спектакля па ёй. Калі раней тэатр быў літаральна адзіным спосабам данясення п’есы да гледача, дык сёння гэта самастойны від мастацтва, адрозны ад драматургіі як часткі літаратурнай творчасці. Таму згаданы “Маскарад” спалучае арыгінальны вершаваны тэкст з фрагментамі яго сціслага пераказу і дадаткам іншых вершаў паэта. Гэта нагадвае оперную пабудову, дзе рэчытатыў рухае дзеянне, а тыя ж арыі паглыбляюць яго паэтызацыяй пачуццяў.
“Баль падчас чумы” з Душанбэ (Таджыкістан) таксама спалучала пушкінскі твор з яго ж “Наследаваннем Карану” і “Сцэнай з Фаўста”. Гэта надало спектаклю ўсходняе адценне, змяніла сюжэт, наблізіўшы да “Карабля дурняў”. А пластычнае рашэнне на мяжы з выступленнямі цыркавых гімнастаў, за якое спектакль атрымаў спецыяльны дыплом, толькі ўзмацніла тыя алегорыі і асацыятыўныя шэрагі.
Гран-пры атрымаў “Ляўшун” з Сыктыўкара. Сказ М. Ляскова ператварыўся ў сапраўдны мюзікл, аздоблены прыёмам “тэатра ў тэатры” і яркім нацыянальным складнікам. Спектакль ішоў на мове комі, скарыстоўваў тамтэйшы гумар і нацыянальныя музычныя інструменты, што гучалі жыўцом, як і спевы. Падкаваная блыха ездзіла-танчыла на роліках, а такі дададзены персанаж, як Анёл, нагадваў беларускага бусла ў выглядзе вясковага хлапчука: назіраў за ўсім з “гняздзечка”, зробленага з саломы, меў такія ж саламяныя валасы і граў на комі-аналагу нашай жалейкі.
У своеасаблівае падабенства мюзікла ператварыўся і “Дзядзечкаў сон” Ф. Дастаеўскага ў прачытанні Школы драматычнага мастацтва з Масквы. Князь К. у выкананні Кірыла Фёдарава справядліва быў прызнаны “найлепшай мужчынскай роллю”. Цудоўнымі спевамі запомнілася “Айседора” з Баку (Азербайджан).
Сцэна са спектакля "Дзядзечкаў сон"
Да рускай класікі лагічна дадалася еўрапейская і беларуская. “Карнея” нашага РТБД па творах Караткевіча замежныя тэатразнаўцы ўхвалілі за гукапіс, магічнасць атмасферы і ўзнагародзілі “за ўвасабленне нацыянальнай тэмы”. А “Пісаравы імяніны” Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы ўпікалі за фарсіраванне гуку. Затое заходняя п’еса “Я чакаю цябе, любы…”, пастаўленая як “побытавы рэалізм” пад назвай “Жыццё без…” у Астане (Казахстан), саступала колішняму прачытанню купалаўцаў “Donna sola” (“Жанчына адна”), што ідзе на Камернай сцэне. Пазаконкурсная “Казка пра чатырох драконаў” Тэатра моды з Пензы вымушала згадаць не менш паспяховыя беларускія эксперыменты ў гэтай галіне.
За гады свайго існавання фестываль у Брэсце паказаў больш як 600 спектакляў з больш чым 60-і краін. Наступная “Белая Вежа” будзе прысвечана не класіцы, а сучаснай п’есе. Драматургі і тэатры, рыхтуйцеся!
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатраў