Сезон восеньскіх вандровак па мясцінах герояў нашых публікацый распачынаем з Гродзеншчыны.
Каб паспець убачыць усё за ўжо не надта працяглы светлавы дзень, выбіраемся з Мінска ледзь не на світанку.
Магіла кампазітара Міхала Грушвіцкага знаходзіцца за касцёлам Святой Ганны (Ракаў)
Першы пункт — Ракаў. Дакладней, старыя могілкі. Мы ўжо не раз праводзілі тут суботнікі. Але праехаць побач, ды не прыбрацца на месцы спачыну Міхала Грушвіцкага, аднаго з нашых найбольш таленавітых кампазітараў другой паловы ХІХ стагоддзя, немагчыма. Пахаванні творцы і яго сына Караля, а таксама помнікі бацькоў (былі знойдзены намі ўмураванымі ў могілкавую агароджу) знаходзяцца за касцёлам Святой Ганны, на іншым канцы могілак. Запаліўшы самотны зніч, прастуем далей.
Даехаўшы да ракі Гаўі, якая з’яўляецца мяжой Іўеўскага і Лідскага раёнаў, збочваем да вёскі Залейкі. Выбіраемся паўз яе да месца, дзе некалі стаяў фальварак Гаўя. Там у 1807-м прыйшоў на свет піянер беларускага гістарычнага пейзажа Вінцэнт Дмахоўскі (у той час прозвішча яшчэ пісалася як Дмухоўскі). Цікава, што першы хрост вадой творца і яго брат атрымалі ад святара ўніяцкай царквы, якая некалі была на востраве насупраць сядзібы. Ад самога маёнтка засталіся хіба толькі камяні падмуркаў, акуратна сабраныя ў груды новымі пасяленцамі (побач актыўна будуюцца катэджы). Але маляўнічыя месцы, асабліва на беразе хуткаплыннай Гаўі, ёсць — вось бы зладзіць мастацкі пленэр у гонар Дмахоўскага! Дарэчы, зусім побач з маёнткам рака Гаўя, якую ўпадабалі аматары сплаваў на байдарках, злівае воды з бацькам Нёманам.
У касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла месціцца памятная дошка ў гонар сям’і Дмахоўскіх
У Іўе, што вядзе летапіс з 1444 года, заязджаем з двайной нагоды — наведацца ў касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла, што на вуліцы Карла Маркса, а таксама завітаць туды, дзе некалі стаяў палацык Агінскіх (не знакамітых творчым даробкам Міхала Казіміра і Міхала Клеафаса, а прадстаўнікоў іншай галіны роду). Для даследчыкаў, вядома, самае цікавае ў касцёле — памятныя дошкі. Першая прысвечана сям’і Дмахоўскіх (сваякі мастака). Вырабіў яе выдатны разьбяр і скульптар з Вільні Юзаф Казлоўскі — той самы, што на замову Тышкевічаў для іх віленскага палацыка стварыў чатыры атланты, а для віленскага кафедральнага сабора — памятную дошку ў гонар князя Вітаўта. Другая дошка прысвечана Пратасовічам. Яна датуецца таксама сярэдзінай ХІХ стагоддзя, але аўтар іншы — калега Казлоўскага, выдатны віленскі майстар Юзаф Гарбацэвіч.
Былы маёнтак у Іўі
Развітаўшыся з касцёлам, едзем да Агінскіх. Аднак раней за іх палацыкам валодалі Кішкі, Глябовічы, Жыжэмскія, Сапегі, Тызенгаўзы. Потым ён перайшоў роду Замойскіх, якія зрабілі Іўе цэнтрам графства. Вялізны маёнтак, што ўключаў больш за дзясятак ставоў, парк, двор і гаспадарчыя пабудовы, знаходзіўся на паўночна-ўсходнім краі мястэчка. Сёння тут прыватны сектар. Ставы даўно пазарасталі, і вада ледзь бачная праз густы чарот. Зона адпачынку хіба абрысамі крыху нагадвае парк. З усіх пабудоў засталіся невядомага прызначэння цагляны будынак, які патанае ў гушчары хмызу, і акуратны аднапавярховы дамок з дагледжаным садам. Аб тым, што камяніца старадаўняя, сведчыць архітэктурнае рашэнне. Дарэчы, гэты дамок шукае новых гаспадароў. Мог бы атрымацца цікавы музейчык: у маёнтка доўгая і займальная гісторыя. У
Мястэчка, што раней звалася Геранёны Манівідавы, носіць імя Суботнікі з 1545-га. Гэта малая радзіма беларускіх дзяржаўных дзеячаў і пісьменнікаў. Але адметнасцей у населеным пункце, на жаль, небагата. Патрапіць у неагатычны касцёл Святога Уладзіслава (1904) і на прыкасцельную тэрыторыю нам не пашанцавала, бо ўсё ўжо было зачынена. Храм гэты збудаваны ўласнікамі маёнтка графам Уладзіславам Умястоўскім і яго жонкай Янінай Астрарог-Садоўскай. Тут жа Умястоўскага ў 1905-м і пахавалі. Побач са святыняй ёсць нешматлікія старыя магілы (парафія існуе з 1423-га).
Неагатычны касцёл Святога Уладзіслава
З Суботнікаў рушым налева, у блізкія Геранёны. Спыняемся двойчы. Спярша ў Квяткоўцах: на ўездзе прытулілася мураваная капліца, з якой на мінакоў пазірае святы Ян Непамук. Крыху далей, у вёсцы Ёдзенцы (на даўнейшых картах Ёдэнцы), пры дарозе таксама мураваная капліца, толькі зусім невялічкая.
Капліца (Квяткоўцы)
На ўездзе ў слынныя Геранёны — знак, які паведамляе, што заснаваны яны ў 1287 годзе. Праўда, гэтаму пярэчаць звесткі з розных крыніц, згодна з якімі першая згадка Геранёнаў прыпадае на 1403-і. Паглыбляцца ў таямніцы мястэчка, што мае насамрэч даўнюю і захапляльную гісторыю і некалі атрымала магдэбургскае права, мы не ўзяліся і рушылі да касцёла Святога Мікалая (1770-я). На жаль, і гэты храм аказаўся зачынены. Мы скіравалі ўвагу на капліцу, прыбудаваную да касцёла ў ХІХ стагоддзі. На ёй вісіць памятная дошка, якая сведчыць — тут спачывае Оскар Корвін-Мілеўскі (1817—1906). Дзеяч стаў першым лібрэтыстам Станіслава Манюшкі, таму вельмі дарагі нам. Дарэчы, лічылася, што іх шляхі разышліся, бо Мілеўскі “быў графам” і “ўся гэтая музыка” для яго — забаўкі. Але, трошкі разабраўшыся ў пытанні пасля вандроўкі, можам высунуць больш важкі аргумент — акрамя таго, што на час супрацоўніцтва род не з’яўляўся графскім. Акурат у момант “разрыву” Оскар стаў спадчыннікам маёнтка, ажаніўся і вымушаны быў прысвяціць сябе гаспадарцы, якая — самы зацяты канкурэнт творчасці.
Памятны знак (Геранёны)
Зусім побач з касцёлам маёнтак Корвін-Мілеўскіх, і мы туды трапілі. Але пасля агляду руін важнага і знакамітага замка. На пачатку сцяжыны (злева ад касцельнай агароджы), што вядзе на замчышча, усталяваны выдатны інфармацыйны стэнд і памятны знак. Замак, калі б захаваўся, мог бы стаць месцам здымак гістарычнага блокбастара, у якім знайшлі б сабе месца такія знакамітасці, як наваградскі (пазней троцкі) ваявода Станіслаў Гаштольд (апошні прадстаўнік слыннага роду), княжна Барбара Радзівіл (дачка выдатнага ваеннага і палітычнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Юрыя Радзівіла, што меў мянушку Літоўскі Геркулес), вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт ІІ Аўгуст і яго маці — каралева Бона Сфорца, італьянка.
Касцёл Святога Мікалая
А вось што іх яднае і якім быў наш далейшы шлях па Гродзеншчыне, чытайце ў наступным нумары “К”.
Зміцер ЮРКЕВІЧ
Фота аўтара