Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” — у чацвёрцы найлепшых музеяў краіны па пазабюджэтных даходах. Якім быў шлях да поспеху?
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 20 ліпеня 2012 года падчас адкрыцця асноўнай экспазіцыі самага знакамітага айчыннага музея пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей: “Багатая культурная і гістарычная спадчына Беларусі выклікае пачуццё гонару ў кожнага яе жыхара. Адным з унікальных помнікаў архітэктуры з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Не аднойчы абнаўляўся ён пасля войнаў, пажараў і перыядаў забыцця. Дзякуючы рабоце рэстаўратараў, будаўнікоў і спецыялістаў музейнай справы сёння мы бачым Нясвіжскі замак ва ўсім яго харастве. Няхай і далей гэты выдатны твор айчыннага дойлідства застаецца ўвасабленнем культурнага багацця Беларусі, сімвалам невычэрпных стваральных сіл і здольнасцей нашага народа”.
Рэстаўрацыя палацава-паркавага ансамбля вялася з 1997 па 2012 год, Нясвіжскага замка — з 2004-га. Работы фінансаваліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. За гэты час Кіраўнік дзяржавы даў 19 даручэнняў, якія датычыліся рэстаўрацыі і рэканструкцыі комплексу. Лідар кантраляваў усе працэсы. У прыватнасці, пасля асабістай праверкі Аляксандрам Лукашэнкам ходу рэканструкцыі ў 2008-м быў зменены генпадрадчык.
З ліпеня 2012-га палац дзейнічае як паўнавартасны музейны аб’ект. За кароткі час скарбніца ператварылася ў адзін з самых папулярных музеяў Беларусі, які штогод прымае каля 400 тысяч наведвальнікаў.
Сёння Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, па словах дырэктара Дзмітрыя Яшчанкі, мае ў адміністрацыйным кіраванні больш за 20 будынкаў. Акрамя ўсім вядомага палаца, гэта таксама касцёл Божага Цела і Нясвіжская гарадская ратуша. Дарэчы, у музея ёсць тры ўласныя аб’екты грамадскага харчавання. Налета плануюць адкрыць яшчэ адзін.
Установа дае працу з канкурэнтнай заработнай платай 200 жыхарам горада, стабільна ўваходзіць у чацвёрку найлепшых музеяў краіны па пазабюджэтных даходах. Так, у 2023 годзе арганізацыя зарабіла каля сямі мільёнаў беларускіх рублёў. Даручэнне Прэзідэнта аб парытэтным фінансаванні ўстаноў культуры прадстаўнікі музея-запаведніка паспяхова перавыконваюць.