Асобны сусвет

Апублiкавана: 03 кастрычнiка 2024 Стужка Цырк Мінск Рэха фестывалю

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

III Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва завяршыўся 22 верасня. Артысты з 17 краін выступалі на працягу чатырох дзён у праграмах “А” і “Б”. А прызёры конкурсу  паўдзельнічаюць у праграме “Трыумф”, якая будзе праходзіць у Белдзяржцырку да 1 снежня.

Мінскі міжнародны фестываль — па-сапраўднаму яркая падзея ў культурным жыцці Беларусі, якая дазваляе пазнаёміцца з выдатнымі дасягненнямі сусветнага цыркавога мастацтва. Упершыню конкурс праводзіўся ў 2017-м і ўжо тады здабыў рэпутацыю прэстыжнай і статуснай пляцоўкі. 

Сёлета свята прыгажосці, грацыі і спрыту было прадстаўленае 32 нумарамі ў самых разнастайных жанрах — ад акрабатыкі і жанглявання да дрэсуры і клаўнады. Сваё майстэрства прадэманстравалі знакамітыя прафесіяналы і артысты-пачаткоўцы з Аргенціны, Аўстраліі, Калумбіі, Партугаліі, Францыі, Эфіопіі ды іншых краін. 

НАТАЛІЦЬ НАТХНЕННЕМ 

На ўрачыстым адкрыцці, што адбылося 19 верасня, прагучала прывітальнае слова міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча. Зварот да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю зачытала начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Кацярына Усава. 

Паветраныя гімнасты Наталля Нарышкіна і Глеб Казленка (Беларусь) 

— Правядзенне міжнародных фестываляў садзейнічае папулярызацыі цыркавога мастацтва, абмену вопытам, развіццю персанальнага майстэрства, — гаворыцца ў адрасе. — Артыст цырка — адна з самых яскравых прафесій у сферы культуры, за якой тояцца гады карпатлівай працы над сабой, адточвання навыкаў, пошуку новых мастацкіх рашэнняў. Цыркавы нумар — асобны сусвет, які агортвае нас святлом дзівосных эмоцый. Кожны глядач абавязкова будзе захоплены майстэрствам і талентам, якія прадэманструюць артысты на гэтым манежы. Упэўнены, што яркая праграма і прафесіяналізм удзельнікаў паслужаць развіццю фестывальнай культуры не толькі беларусаў, але і іншых народаў, а атмасфера сяброўства будзе садзейнічаць развіццю добрасуседскіх адносін. 

НА ДУМКУ КАРЫФЕЯЎ 

Як адзначыў дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан, статус фестывалю залежыць ад прафесійнага ўзроўню журы. 

Ацэньваць творчае спаборніцтва на мінскім манежы прыехалі сапраўдныя майстры сваёй справы: вядомыя рэжысёры, прадзюсары і кіраўнікі цыркаў Азербайджана, Іспаніі, Казахстана, Перу, Расіі, Турцыі і Францыі. 

— Я наведала мноства міжнародных фестываляў, але на беларускім знаходжуся ўпершыню, — дзеліцца ўражаннямі генеральны дырэктар Prodartes Peru SAC, член журы з Перу Марыя Тэрэза Чырынас Версачэ. — Гэта выдатная пляцоўка па абмене каштоўным вопытам і творчымі дасягненнямі, якія будуць карыснымі для маёй далейшай дзейнасці. 

Золата фестывалю атрымала прэм'ера Беларускага дзяржаўнага цырка "Паветраныя эквілібрысты на канаце" пад кіраўніцтвам Алега Лабанава

Генеральны дырэктар кампаніі Armoni і член журы з Турцыі Ахмет Экшы падкрэсліў значны ўклад нашай краіны ва ўзбагачэнне сусветнай цыркавой індустрыі: 

— Вельмі каштоўна, што ў цудоўным Мінску надаецца такая вялікая ўвага развіццю гэтага мастацтва. Фестываль дазваляе прадэманстраваць найлепшыя набыткі нашай сферы.

ВІДОВІШЧЫ НА ЛЮБЫ ГУСТ 

Распачаць конкурс выпаў гонар беларускім артыстам Анастасіі і Ягору Каваленкам. Іх нядаўна створаны нумар “Паветраныя гімнасты на трапецыі” паспеў заваяваць сярэбраны медаль на міжнародным конкурсе “Рэха Азіі”, які завяршыўся 3 верасня ў Астане. Калектыў Белдзяржцырка таксама прадставіў гледачам дзве выдатныя прэм’еры — “Дрэсіраваныя поні” і “Эквілібрысты на канаце”. 

З захапленнем сустрэла публіка і выступленні замежных гасцей. Наталля Майхроўская з Расіі — артыстка ў чацвёртым пакаленні — прыехала пакараць беларускі манеж з дрэсіраванымі сабачкамі, якія паслухмяна выконвалі яе шматлікія каманды. Золбу Болд з Аўстраліі дэманстравала мудрагелістыя гімнастычныя элементы і адначасова іграла на скрыпцы. Паветраныя акрабаты з Расіі Марыя Болдырава і Руслан Семянцоў, якія ўжо выступалі ў Мінску ў лютым, выконвалі на вышыні складаныя трукі з завязанымі вачыма. 

Як адзначыў мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас, грандыёзнасць прадстаўленай праграмы — гэта вынік стараннай працы спецыяльнай камісіі ў складзе кіраўніцтва ўстановы, якая разгледзела вялікую колькасць заявак і выбрала найлепшых. 

ТВОРЧЫ ТРЫУМФ 

Аб выніках конкурсу і пераможцах стала вядома ў апошні дзень фестывалю — 22 верасня. Так, беларускія паветраныя гімнасты Наталля Нарышкіна і Глеб Казленка ўзялі бронзу. 

Дрэсіроўшчыка Казанскага дзяржаўнага цырка Алега Хоціма ўзнагародзілі адной з дзвюх сярэбраных статуэтак за нумар “Шоу папугаяў”. Другая дасталася паветраным гімнастам з Калумбіі Крысціяну Трывінья і Лауры Льарэда, якія прыехалі з чуллівай пастаноўкай “Light my way” (“Асвятлі мой шлях”). 

 Нумар Алега Хоціма “Шоу папугаяў” (Расія) 

Што да найвышэйшых узнагарод, золата атрымалі “Кола смеласці” ў выкананні Андрэя Пагарэлава (Расія) і дзве прэм’еры — беларуская “Эквілібрысты на канаце” Алега Лабанава ды расійская “Тыгры-шоу” Карыны і Артура Багдасаравых з Маскоўскага цырка Нікуліна. А Гран-пры ўзяў паветраны гімнаст на трапецыі Жаао Гадзіньё з Партугаліі. 

Дзве спецыяльныя ўзнагароды — прыз старшыні Мінгарвыканкама і глядацкіх сімпатый — дасталіся адпаведна Сяргею Прасцяцову з Максімам Шолахам (нумар “Дрэсіраваныя поні”) і паветраным гімнастам на трапецыі Анастасіі і Ягору Каваленкам. 

Беларусь, як адзначыў дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан, сёння адкрытая для супрацоўніцтва з кожным артыстам свету на карысць развіцця нацыянальнай цыркавой і фестывальнай культуры. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота з сайта цырка