Зачараваны родным краем

Працягваем раскрываць таямніцы жыццяпісу Вінцэнта Дмахоўскага — піянера айчыннага гістарычнага пейзажа. Геаграфія твораў аўтара ахоплівае Піншчыну, Навагрудчыну, Ашмяншчыну, Лідчыну ды іншыя мясціны. Апошняя ж, няскончаная праца прысвечана Слоніму. На жаль, гэтыя жывапісныя адбіткі беларускай мінуўшчыны зніклі без следу або аселі ў замежных музеях.

(Завяршэнне. Пачатак у “К” №№ 32, 33, 36, 2024)

ПЕРШЫЯ ЗАМОЎЦЫ 

Складаючы біяграфію Вінцэнта Дмахоўскага, паэт Уладзіслаў Сыракомля карыстаўся мастаковым “дзённікам”. Майстар вёў яго з моманту пераезду з Нагародавічаў у Вільню (1837—1838) амаль да апошніх гадзін жыцця (1862). Таму Сыракомлю не так складана было “адбіць у вяках” творчы даробак сябра. Жывапісец старанна занатоўваў імёны замоўцаў, назвы прац і велічыню ганарараў (час ад часу). 

Першым замоўцам выступіла слынная Радзівілаўская камісія, якая разбірала заблытаныя маёнткавыя і фінансавыя справы Радзівілаў і Вітгенштэйнаў. Што гэта былі за “некалькі карцін”, выкананых Дмахоўскім, невядома, але яны, думаецца, звязаны з радзівілаўскімі ўладаннямі. Адначасова біскуп Казімір Дмахоўскі заказаў у пляменніка два пейзажы. Магчыма, на іх жывапісец выявіў дзядзькавы родныя мясціны на Браслаўшчыне (маёнтак Забалоцце). Працягам супрацоўніцтва з Радзівілаўскай камісіяй (спыніла дзейнасць у 1838-м) сталі замовы ўжо непасрэдна ад Людвіга Вітгенштэйна, мужа княжны Стэфаніі Радзівіл. За першы відарыс салона палаца ў Вярках граф шчодра ахвяраваў мастаку 180 рублёў, а за выяву Закрэта яшчэ 120 рублёў. Для творцы, які прыехаў (разам з жонкай і дзецьмі) скараць Вільню, маючы 14 рублёў у кішэні, гэта была сур’ёзная падтрымка. У 1840-м Дмахоўскі яшчэ тройчы намалюе для графа Вяркі. З гэтых работ захавалася “Вілія ў Вярках”, якая сёння выстаўлена ў адным з музеяў Літвы пад змененай пасля вайны назвай — “Нярыс у Вярках”. У тым жа годзе для княгіні Далгарукавай Дмахоўскі напісаў інтэр’ер палаца генерал-губернатара і від на Вільню з Буфалавай гары. А яшчэ былі мініяцюры, дробныя акварэльныя партрэты і выява палаца Ленскіх у Вашкевічах (захавалася). У 1843-м, акрамя карціны “На радзіме. Нагародавічы”, мастак стварыў тры відарысы віленскага батанічнага саду для пані Кубліцкай, а для пана Кастравіцкага — пяць выяў маёнтка Арняны (некалькі малюнкаў ацалела). Тады ж майстар пачаў вялікую працу, на якой адлюстраваў Вільню з боку Зялёнага моста. А ў 1846-м для Вандаліна Пуслоўскага Дмахоўскі выканаў тры алоўкавыя пейзажы Марачоўшчыны. Менавіта гэты Пуслоўскі пабудаваў у Косаве знакаміты палац, які пасля рэстаўрацыі не так даўно гасцінна адчыніў дзверы для наведвальнікаў. 

СУПРАЦОЎНІЦТВА З ТЫШКЕВІЧАМІ 

Пачалося яно з таго, што Дмахоўскі ўзяўся вучыць малюнку малога графа Міхала Тышкевіча. Але не толькі з ім кантактаваў мастак. У 1847-м Дмахоўскі стварыў выявы некалькіх вялікалітоўскіх замкаў — карціны замовіў граф Яўстах Тышкевіч. У 1851-м у Вільню вярнуўся Міхал Тышкевіч, і справы ў Вінцэнта пайшлі лепш: вучань заказаў у настаўніка два відарысы Вільні, выяву даліны Міцкевіча пад Коўнам і заплаціў вельмі шчодра (300 рублёў), чым забяспечыў жывапісцу свабоду творчасці. У гэты час Дмахоўскі намаляваў некалькі варыянтаў пінскіх балот, а яшчэ задумаў адлюстраваць тое-сёе па матывах паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Аб’ектам цікавасці сталі нетры неабсяжных глухіх пушчаў. Случчанін Сыракомля, такі ж знаўца роднай зямлі, ацаніў намаганні сябра: “Ніхто лепш ад Дмахоўскага не заглыбіўся ў таямніцы літоўскай прыроды, ён быў ёй цалкам прасякнуты, яна жыла, квітнела ў яго ўяўленні. Задума тая так прырасла да сэрца мастака і так усюды падабалася, што ён той матэчнік (сэрца пушчы. — Заўв. аўт.) у розных варыянтах у летнюю, восеньскую, зімовую пару шмат разоў мусіў паўтарыць (для графа М. Тышкевіча, для маршалка Р. Пісанкі)”. У 1850-м для графа быў намаляваны пейзаж з карчмой на пінскіх балотах пры захадзе сонца. Бачна, што Піншчына моцна захапляла Дмахоўскага, асабліва бязмежная, страшная дрыгва. 

"Пажар у лесе". Вінцэнт Дмахоўскі, 1860 

1849 год для Вінцэнта стаў больш плённым. З’явіліся карціны з выявай капліцы цёмнай ноччу (выканана для ксяндза-каноніка Залеўскага, пробашча Вастрабрамскага) і два відарысы расійскага паселішча ў Бурбішках (для жонкі генерала Мірковіча). Пэўна, эпічна выглядала работа з хрэсным ходам, са стралянінай з ручной зброі і гармат для таго ж Залеўскага. Для яго намаляваны і пейзаж з захадам сонца. А для знакамітага заслугамі перад жыхарамі Навагрудчыны Уладзіслава Брахоцкага аўтар піша такую самую карціну і ноч на пінскіх балотах. Ёсць яшчэ згадка марскога пейзажа (для віленскага доктара Людвіка Урублеўскага). Ці гэта не палатно, вядомае як “Ноч на востраве Руген”? 

У 1850-м варшаўская прэса ізноў называе Дмахоўскага адным з самых выбітных мастакоў Літвы. Асабліва знаўцы вылучалі з яго пейзажаў “Руіны Лідскага замка”, “Апоўначы”, “Раніцу ў даліне пад Коўнам”, “Палескую вёску”, “Рэзурэкцыю вясковую” (адлюстраваны драўляны касцёл, плябанія з буслам і шэсце людзей у літоўскіх строях), кажучы, што творы Дмахоўскага патыхаюць праўдзівай краёвай прастатою. 

АХОВА ПОМНІКАЎ 

У 1840-х адной з прыкмет часу сталі калекцыянаванне і ахова помнікаў старажытнасці. У 1848-м лекар Ян Вільчынскі (стваральнік серыі “Віленскі альбом”) пісаў: “У нас цяпер у асаблівасці абудзіўся густ да айчынных старажытнасцей”. “З’ява гэтая, увогуле характэрная для рамантызму, на землях Рэчы Паспалітай разглядалася ў якасці «маральнага абавязку нацыі»”, — адзначаў у 1862-м старшыня кракаўскай камісіі па ахове помнікаў археолаг і гісторык Юзаф Ляпкоўскі. Віленскія мастакі далучаліся да аховы архітэктуры, замалёўваючы яе. Адным з першых гэта пачаў рабіць Вінцэнт Смакоўскі. Але крытыкі асабліва хвалілі Вінцэнта Дмахоўскага, бо ён “звярнуў увагу на… асуджаныя стаць руінамі замкі і рэшткі старых гарадоў”. Дарэчы, для аднаго з альбомаў Вільчынскага Дмахоўскі стварыў тытульны аркуш з замкамі, цэрквамі, касцёламі і мініяцюрнымі партрэтамі князя Вітаўта і Барбары Радзівіл.

ПАРТРЭТЫСТ 

Дмахоўскі, больш вядомы сёння як майстар пейзажа, працаваў і ў іншых жанрах. Прыкладам, ёсць звесткі пра два партрэты 1840—1850-х гадоў. На пачатку 1846-га вучні Віленскай семінарыі звярнуліся да мастака з просьбай намаляваць іх настаўніка ксяндза Аляксандра Важынскага. Жывапісец выканаў працу бліскуча і ў тэрмін. Пазней на аснове карціны была зроблена і падаравана адрасату літаграфія. Другі партрэт (нейкай Храповіцкай) напісаны Дмахоўскім у 1854-м на мінеральных курортах у Стаклішках. А вось ці належыць яго пэндзлю выява згаданага біскупа Казіміра Дмахоўскага (1850), пакуль сказаць немагчыма. Але гэта імаверна, бо з дзядзькам мастак “супрацоўнічаў” і раней. 

СКУЛЬПТАР 

Вінцэнт Дмахоўскі спрабаваў сілы і ў скульптурным партрэце. І, як казалі сведкі, паспяхова. Вядома пра два бюсты сяброў творцы — паэта Юльяна Корсака і графа Міхала Тышкевіча. Работы вылучаліся дасканаласцю і падабенствам да рэальных асоб. Аднак, на вялікі жаль, сляды скульптур згубіліся ў стагоддзях. 

"Вілія ў Вярках". Вінцэнт Дмахоўскі, 1840

ДЭКАРАТАР СЦЭНЫ

У 1854-м Вінцэнт наладжвае супрацоўніцтва з Віленскім тэатрам, што месціўся ў ратушы, паддаўшыся на ўгаворы яго дырэктара — палкоўніка Геркулана Абрамовіча. Гэты чалавек быў вялікім аматарам оперы, таму пры ім такія спектаклі ставіліся часта. Сыракомля ў некралогу пра Дмахоўскага згадвае тры оперы, дэкарацыі да якіх выклікалі ўсеагульнае захапленне. Першай стала “Галька”. Аўтар твора — зямляк і даўні сябра мастака кампазітар Станіслаў Манюшка. Далей былі “Фаварыт” (Гаэтана Даніцэці) і “Італьянка ў Алжыры” (Джаакіна Расіні). Калі заслона на “Італьянцы” паднялася, публіка ўбачыла цудоўны сад, які нібы лётаў у рознакаляровых хвалях святла, ды так забылася, што шалёнымі апладысментамі ўшанавала дэкаратара. Гэта была сапраўдная навінка. У Вільні такога раней не бачылі. 

ЛІТАРАТУРНАЯ УСТРОНЬ. НОВЫ СЛЕД? 

Пішучы пра свой хатні збор твораў Дмахоўскага, Сыракомля згадаў маленькі малюнак з натуры — “відарыс Устроні Літоўскай”. Гэта можа зацікавіць беларускіх літаратуразнаўцаў, якія многія гады б’юцца над разгадкай аўтарства паэмы “Мачаха”. Яе адшукаў у замежных архівах наш слынны даследчык Адам Мальдзіс. У сшытку былі подпіс Adela і памета “Litwa. 1850. Ustronie”. Сёння пасля многіх дэбатаў аўтарам прызнаецца Габрыэля Пузыня з роду Гюнтэраў. Дарэчы, факт знаёмства з сям’ёй Дмахоўскіх жанчына засведчыла ва ўспамінах. Паэма, на думку знаўцаў, магла быць створана ў любой зацішнай мясціне, у тым ліку і ў Дабраўлянах (маёнтак Гюнтэраў). То-бок Ustronie нібыта і не тапонім. Але ці так гэта? Ці мог Дмахоўскі намаляваць нейкі канкрэтны маёнтак? Тэарэтычна мог. Прыкладам, Устронь Прушынскіх (блізу Салігорска). Адтуль не так далёка да Піншчыны, якую не раз адлюстроўваў у работах жывапісец. 

БРЫЦЯНСКІ ГРЭЧКАСЕЙ 

У красавіку 1855-га, каб палепшыць матэрыяльнае становішча, Дмахоўскі ўзяў у арэнду фальварак Брыцянка пад Навагрудкам і пераехаў туды з Вільні разам з жонкай і шасцю дарослымі дзецьмі. Думаецца, у Брыцянку мастак трапіў не без падказкі старога сябра — паэта Юльяна Корсака, які арандаваў дом Міцкевічаў у Навагрудку. На жаль, прыяцелі нядоўга былі разам: 11 (28) верасня 1855 года Корсак, хворы на сухоты, памёр на руках Дмахоўскага. 

"Начны пейзаж з крыжам". Вінцэнт Дмахоўскі, сяр. ХІХ ст.

“Але дарма марыў аб вясковым зацішшы і свабодным духу бедны творца!” — сцвярджаў Сыракомля. Выдаткі, ад якіх збег з Вільні жывапісец, знайшлі яго і тут. Заняткі мастацтвам саступілі месца зацятым спрэчкам то з млынаром, то з шынкаром, то з гандлярамі. Іх навалы на маленькі фальварак ламалі крылы музе аўтара. “Замест таго, каб пэндзлем на палатно замалёўваць уражанні сваёй душы, мусіў ён у кнізе… нататак выпісваць гарцы прададзенага гароху і асьміны ячменю”, — адзначыў Сыракомля. Пасля трох гадоў у вёсцы засталося няшмат работ Дмахоўскага. Гэта адзін вялікі твор (сцэна палявання з “Пана Тадэвуша” Міцкевіча, намаляваная для Канстанціна Туганоўскага) і некалькі малых акварэлей: відарысы велікакняжацкага замка, дом Міцкевіча ў Навагрудку, старая базыльянская царква ды сёе-тое. Гэтыя працы, акрамя сцэны з Міцкевічавай паэмы, захаваліся. 

У чэрвені 1857 года не без удзелу Дмахоўскага ў Навагрудак прыязджае на некалькі дзён кампазітар Станіслаў Манюшка, яго паплечнік оперны спявак Ахілес Банольдзі ды два аркестры — віленскі (сябры Манюшкі) і аркестр графа Юзафа Тышкевіча. Станіслаў і яго каманда спыніліся ў Дмахоўскага ў Брыцянцы. Канцэрт, што далі ў былым дамініканскім касцёле кампазітар і спявак, надоўга адбіўся ў свядомасці навагрудчан (гл. “К” № 21, 2024). Ад’езд музычнага дэсанта запомніўся яшчэ і таму, што неўзабаве град і саранча спустошылі вакольныя палі і лясы. А яшчэ цягам навальніцы вятрак загарэўся і падпаліў мястэчка (так жартам пісаў Дмахоўскі ў лістах да Манюшкі). Дарэчы, сяброўства творцаў выпрабаваў час: яны бывалі на хросце дзяцей адзін у аднаго, Дмахоўскі вучыў малюнку Альжбету, старэйшую дачку Манюшкі. Да таго ж Станіслаў прысвяціў мастаку “Песню пра графа Мечку”, якая ўвайшла ў 12-ы хатні спеўнік кампазітара (1908). Праўда, не зусім зразумела, чым быў выкліканы такі выбар. Арыгінальны твор Le Roi d’Yvelot выбітнага паэта і шансанье П’ера Беранжа — палітычная сатыра на Напалеона. Пераклад з французскай зрабіў Лявон Бароўскі, колішні прафесар Віленскага ўніверсітэта, чалавек, якога лічаць адкрывальнікам Міцкевіча. А Сыракомля перапрацаваў першакрыніцу і напісаў верш “Кароль Цвечак”. 

ВЯРТАННЕ Ў ВІЛЬНЮ 

Страціўшы на земляробстве апошнія грошы, у чэрвені 1858 года Дмахоўскія паехалі ў Вільню. Ізноў пачалася бойка з жыццём. Ізноў дапамаглі старыя добрыя сваякі і сябры: ашмянскі маршалак Аўрэліян Дмахоўскі і віленскі маршалак Аляксандр Дамейка ўпрасілі Вінцэнта ўзяць на сябе кіраўніцтва ўстановай, што размалёўвала салоны. Не пакінуў настаўніка ў складанай сітуацыі і Міхал Тышкевіч, які набыў некалькі алейных прац і за відарыс свайго маёнтка ў Астрашыцкім Гарадку заплаціў 600 рублёў срэбрам. Для Казіміра Дамейкі ў 1859-м мастак піша ваколіцы Пінска надвячоркам, а для Канстанціна Туганоўскага — дзве акварэлі (пэўна, з Туганавічаў), якія мусілі ўвайсці ў альбом Уладзіслава Міцкевіча (сына паэта). А яшчэ ў 1861-м былі Троцкі і Нясвіжскі замкі ды многае іншае. 

ШКОЛА ПРЫГОЖЫХ МАСТАЦТВАЎ 

Зрэдчас у публікацыях, прысвечаных майстру, сціпла, адным радком, згадваецца намер Дмахоўскага, Ельскага і Русецкага адкрыць у Вільні мастацкую школу ў 1858 годзе. У кнізе даследчыцы Ірыны Свірыда прыводзяцца цікавыя падрабязнасці, якія паходзяць з лістоў Канута Русецкага: “Тут сапраўды складваецца праект стварэння вялікай школы, у якой вучылі б малюнку, жывапісу і скульптуры. Губернатар павінен стаць прэзідэнтам, настаўнікамі паклікалі прафесара ўніверсітэта Ельскага (Караля), мяне і Дмахоўскага. Залы будуць адведзены ў мурах місіянераў, іх адрамантавалі на сабраныя грамадзянамі грошы. Віцэ-прэзідэнтам хацелі зрабіць Міхала Тышкевіча, які абяцаў за свой кошт набыць неабходныя гіпсы і гравюры”. Нарэшце праект школы быў зацверджаны. Тышкевіч унёс у яе фонд грошы, заклікаў іншых рабіць ахвяраванні. Аднак хутка высветлілася, што заняткі пачнуцца толькі ў наступным годзе. Русецкі пазней адмовіўся. Замест яго ў сакавіку 1860-га планавалі запрасіць Тадэвуша Гарэцкага — выдатнага мастака, колішняга вучня Дмахоўскага, які збіраўся прыехаць з Парыжа. Але вялікія расходы, звязаныя з прыёмам імператара ў Вільні, затрымалі рэалізацыю праекта. А далей пачаліся палітычныя пераўтварэнні, якія ўвогуле яго пахавалі. 

АПОШНІ ШЛЯХ У НАГАРОДАВІЧЫ 

Напрыканцы 1861-га здароўе жывапісца стала імкліва пагаршацца. Хвароба (рак) набыла пагрозлівы характар. Хоць Вінцэнт Дмахоўскі і хаваў пакуты ад сяброў, яны бачылі, што канец здарыцца хутка. 

Надышоў 1862 год. Уначы 6 сакавіка (22 лютага) мастак сканаў на руках блізкіх. Праз пяць дзён труну Дмахоўскага перанеслі ў капліцу на віленскіх могілках Росы. А 17 сакавіка на сямейных могілках у Нагародавічах у прысутнасці родных, сяброў і вяскоўцаў майстра аддалі зямлі. Устанавіць дакладную дату смерці і месца пахавання ўдалося дзякуючы таму, што была знойдзена метрыка скону. А месца спачыну выдатнага творцы мы выявілі і адзначылі сімвалічным манументам падчас аднаго з суботнікаў. 

Газета "Культура" №38 ад 20 верасня 2024 г.

Зміцер ЮРКЕВІЧ