Вынікі ХХVIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа” падвялі 15 верасня. Найлепшым з 22-х спектакляў з сямі краін крытыкі назвалі музычную камедыю “Ляўшун” Нацыянальнага музычнадраматычнага тэатра Рэспублікі Комі. А чым вылучыліся гаспадары?
Адкрываўся форум пастаноўкай “Бацькі і дзеці” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. За выкананне ролі Яўгена Базарава быў узнагароджаны вядучы артыст тэатра Міхаіл Ільіч. Спектакль адразу задаў фестывалю высокую мастацкую планку і скіраваў да абмену думкамі, на каго трэба сёння арыентаваць хрэстаматыйныя творы: на школьнікаў, якія замест чытання літаратуры прыйдуць паглядзець яе тэатральную версію, ці на старэйшае пакаленне, здольнае аналізаваць розныя інтэрпрэтацыі. Між тым уменне параўноўваць кнігу з пастаноўкай ці фільмам па ёй — першы крок да развіцця мыслення. Так што культпаход школьнікаў на ўвасабленне класікі з далейшым абмеркаваннем убачанага будзе, безумоўна, карысным. Абмяркоўваць жа ў брэсцкай версіі ёсць што!
Дзеянне перанесена ў сучаснасць, таму многія акцэнты змясціліся, а характары герояў пераасэнсаваліся. Інсцэніроўку паводле рамана Тургенева зрабіў расійскі кінарэжысёр і сцэнарыст Уладзімір Яканін. А паставіў спектакль Сяргей Шчадрын, таксама з Расіі. Сумесны праект!
Інтрыгуе ўжо сам пачатак, першыя хвіліны відовішча. На вялізным плоце, якім замест завесы закрыта сцэна, з’яўляецца неверагодна прыгожае відэа сажалкі з жабкамі. Ці ж можна рэзаць такую мілату? А Базараў, як усе памятаюць з тургенеўскага рамана, толькі гэтым і займаўся. Так у спектаклі міжволі ўзнікае дадатковая тэма — экалагічная. Не прадугледжаная Тургеневым, але ж такая актуальная сёння! Следам — суцэльны шэраг тэматычных адгалінаванняў. Злева з’яўляецца Мужык (Алег Бузук), які пазней будзе пераў- васабляцца ў розных персанажаў — ад бармена да гэтакага “канферансье”, што аб’яўляе сцэны і месца дзеяння. Справа — вальяжна-іранічны Яўген Базараў (Міхаіл Ільіч): “Ну што, мужык, выкладай мне сваю філасофію. Што ёсць ваш свет?”
Праз гэтае пытанне ўвесь спектакль становіцца спасціжэннем свету і сябе самога. Праблематыка “лішняга чалавека”, уласцівая раману, саступае месца развагам пра сэнс жыцця. Цэнтральны герой надзелены псіхалогіяй цяжкога падлетка, блізкай яго аднагодкам-тынэйджарам у зале. Крыўлянне на мяжы з захворваннем — маска, якой ён адгароджваецца ад наваколля. Але яна настолькі прарастае ў ім, што становіцца часткай натуры і зняць яе ўжо немагчыма. Недарэчная смерць юнака, на якога ўскладалася так многа надзей, міжволі вымушае задумацца пра хуткаплыннасць жыцця. І пра тое, што нельга марнаваць час. Бо трэба паспець напоўніцу рэалізаваць сваё прызначэнне, дадзеныя прыродай здольнасці. Ці ж не важны мэсэдж для сучаснай моладзі?
Спектакль дэманструе спектр жыццёвых сэнсаў і каштоўнасцей. Каханне, сям’я, дзеці, падтрымка адно аднаго — для старэйшага пакалення. Баўленне часу ў начных барах — для “залатой моладзі”, якая прадстаўлена сатырычнымі вобразамі Кукшыной (Вольга Клімук) і Сітнікава (Вячаслаў Цыцкоўскі). Яўген як сапраўдны нігіліст адмаўляе ўсё. Ды яго не мінае каханне. Абранніца ж героя Ганна Адзінцова (Таццяна Строк) — тыповая “дынама-машына”: спакушае загадкавасцю і моцным характарам, а заўважыўшы ў Яўгене сапраўдныя пачуцці, ахалоджвае ледзяной абыякавасцю, стомленасцю жыццём.
Бацькі Яўгена (Мікалай Маршын і Таццына Зелянко) паўстаюць, як і ў рамане, замілаванай парай. Маці ўвесь час прыціскае да сябе то падушку, быццам гэта дзіця, то каструлю як сімвал хатняга цяпла і дабрабыту. Ціхім, утульным, папраўдзе шчырым каханнем азораны стасункі Мікалая Кірсанава (Сяргей Пяткевіч) і Фенечкі (Яўгенія Гадун) з яе шырока расплюшчанымі вачыма, поўнымі захаплення. Куды больш супярэчлівы па характары брат Мікалая — Павел Кірсанаў (Аляксей Шчарбакоў). Даволі экстравагантная і адначасова кранальная ў сваёй адзіноце цётухна сёстраў Адзінцовых (Тамара Ляўчук). На нашых вачах разгортваецца каханне Аркадзя (Дзмітрый Бацюк) і Кацярыны Адзінцовай (Таццяна Васількова). Юнак усё не можа прызнацца дзяўчыне, шукае, ды не знаходзіць словы — і просіць дапамогі ў залы. Звыклы інтэрактыў? Не толькі. Менавіта гэты выхад да публікі сімвалізуе сувязь пакаленняў бацькоў і дзяцей: маўляў, не ўсё страчана! Бо артыст звяртаецца па параду не да сваіх аднагодкаў, а да людзей сталага веку. І знаходзіць паразуменне.
У працы расійскага мастака-пастаноўшчыка Міхаіла Гербера заўважная тонкая сімволіка колеравай палітры: героі і іх сямейныя, сяброўскія групоўкі пазначаны пэўнай фарбай і яе адценнямі, што цягне за сабой багаты асацыятыўны шэраг і дапаўняе развагі гледача над убачаным.
Пры абмеркаванні спектакля запрошаныя на фестываль крытыкі былі аднадушныя ў тым, што пастаноўка стала значным крокам наперад для Брэсцкага тэатра і яго артыстаў, многія з якіх паўсталі ў нязвыклых амплуа, знайшлі нечаканыя рысы ў абмалёўцы персанажаў.
Тэатр адзначыць 80-годдзе 1 кастрычніка. Да падзеі будзе адкрыты музей. І гісторыя тэатра — таксама своеасаблівыя “бацькі і дзеці”, сувязь пакаленняў, пераемнасць найлепшых традыцый і шляхі ў невядомае.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра