Вынайсці ўласны стыль

Апублiкавана: 02 кастрычнiка 2024 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

Першае месца на конкурсе выканаўцаў маладзёжнай песні XVII фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” заняла Ангеліна Самалётава. Якім быў яе шлях да поспеху?

КРОКІ ДА СЦЭНЫ 

Сёння жыццё маладой вакалісткі распісанае па хвілінах: пастаянныя рэпетыцыі, удзел у канцэртах і тэлевізійных праектах. А пачалося ўсё у дзяцінстве. Ангеліна з 9 гадоў займалася ў вакальнай студыі, паралельна вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Калі ж паўстала пытанне, дзе працягнуць адукацыю, вырашыла накіравацца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Цяпер яна трэцякурсніца факультэта музычнага і харэаграфічнага мастацтва. 

— Атрыманне вышэйшай адукацыі — важны крок для выканаўцы, — упэўнена спявачка. — Падчас навучання я пераймаю вопыт у дасведчаных выкладчыкаў, стасуюся з таленавітымі і матываванымі маладымі людзьмі, якія падзяляюць маё захапленне творчасцю. Нават не хочацца, каб студэнцкія гады заканчваліся. 

Вакалістка гаворыць, што важную ролю ў прафесійным станаўленні адыгрывае і падтрымка блізкіх. Хоць той факт, што ў сям’і расце творчая асоба, і быў нечаканым для бацькоў — патомных настаўнікаў і лекараў. Але родныя заўсёды падахвочвалі пачынанні дачкі і цяпер з’яўляюцца яе галоўнымі фанатамі. 

— Асобна хацелася б падзякаваць педагогу, дацэнту кафедры эстраднай музыкі БДУКМ Таццяне Мікалаеўне Дробышавай, — падкрэслівае Ангеліна. — Яна сапраўдны прафесіянал. Навучыла мяне ўсяму, што я зараз умею. 

СІЛА СЯБРОЎСТВА 

Нягледзячы на малады ўзрост, Ангеліна мае вялікі досвед вакальных спаборніцтвах. Сёлета спявачка заваявала Гран-пры рэспубліканскага конкурсу “Агонь моладзевых талентаў” у рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прыняла ўдзел у XXIII Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні фестывалю “Маладзечна-2024”. На конкурсе форуму “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” выступленне таленавітай дзяўчыны таксама прызналі паспяховым. 

— Фестываль пакінуў самыя цёплыя ўражанні і застанецца ў памяці надоўга, — расказвае вакалістка. — Кожны дзень быў напоўнены яркімі падзеямі. Смаленск — прыгожы горад з багатай гісторыяй і добразычлівымі людзьмі, якія гасцінна сустрэлі нашу дэлегацыю. Вакальны конкурс праходзіў у атмасферы сяброўства і ўзаемапавагі. Удзельнікі дапамагалі адно аднаму і весела бавілі час. Я паспела пазнаёміцца з многімі калегамі, з якімі абавязкова працягну падтрымліваць стасункі. 

З УДЗЯЧНАСЦЮ 

Паводле парады свайго педагога Ангеліна заявіла на конкурс песню Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай “Дзякую” і кампазіцыю “Птушка” з рэпертуару Ані Лорак. Выбар аказаўся ўдалым, бо менавіта гэты рэпертуар дазволіў дзяўчыне раскрыць тэмбр і вакальны дыяпазон, усебакова прадэманстраваць журы выканальніцкае майстэрства. 

Цырымонія закрыцця XVII фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”

— Перад цырымоніяй узнагароджання я моцна хвалявалася. Супакоілася, толькі калі абвясцілі вынікі, — дзеліцца эмоцыямі спявачка. — Але сапраўднае разуменне падзеі прыйшло ўжо за кулісамі. Поспех аказаўся нечаканым, хаця ведала, што выступіла годна. У першую чаргу пра перамогу напісала Таццяне Мікалаеўне: педагог вельмі перажывала за мяне. І гэта яе поспех у той жа ступені, як і мой. 

РУХ НАПЕРАД 

Ангеліна прызнаецца, што заўсёды выходзіць на сцэну з хваляваннем. 

— Перад выступленнем мне трэба пастаяць у адзіноце, пабыць сам-насам са сваімі думкамі. А калі ўжо бачу слухачоў і адчуваю энергетыку залы, непакой знікае сам сабой. Застаецца толькі заглыбіцца ў музыку і атрымліваць задавальненне. 

Вакалістка падкрэслівае, што кожнаму спеваку трэба сфарміраваць і захоўваць уласную самабытнасць, але і павучыцца выканальніцкай культуры ў вядомых артыстаў не перашкаджае. 

— Слухаю і поп-музыку, і рок-н-рол, і фолк-кампазіцыі беларускіх і замежных выканаўцаў, — адзначае Ангеліна. — Нямала часу аддаю прагляду жывых выступленняў зорак, нешта бяру для сябе, але стараюся стварыць уласны непаўторны стыль. Веру: калі дакладна вызначыць мэту і рупліва працаваць, можна прыйсці да прафесійнага поспеху, якім бы ён далёкім у пачатку шляху ні здаваўся. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота Кацярыны БАБКО