Да вы­то­каў

Абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” чарговы раз сабраў захавальнікаў спадчыны з усяго Панямоння. 

У конкурсе фальклорнага мастацтва “Галасы продкаў жывуць у нашых сэрцах” паўдзельнічалі самадзейныя калектывы з розных куткоў Гродзеншчыны. Яны выканалі абрадавыя і пазаабрадавыя песні, танцы і найгрышы, уласцівыя іх мясцовасці. Атрымаць майстар-клас па побытавых танцах ахвочыя змаглі на пляцоўцы “Танцавальная весяльніца”. 

На пляцоўцы Зэльвенскага раёна

У парку Жылібера разгарнулася маштабная выстава-прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай спадчыны Гродзеншчыны. Майстры з розных куткоў рэгіёна шчодра дзяліліся яркімі набыткамі. Рознакаляровыя посцілкі і бялюткія ручнікі, гліняны посуд і саламяныя фігуркі, тэкстыльныя лялькі і выцінанкі: у кожным вырабе — досвед пакаленняў і цяпло рук. 

Прадстаўнікі Лідчыны дэманстравалі прыклады белаўзорыстага ткацтва. Гэтыя палотны вылучаюцца далікатнай фактурнасцю і тонкасцю. Колісь такія вырабы былі ў шырокім ужытку па ўсім Панямонні, аднак цяпер практыка ткацтва ў вёсках амаль спынілася. Даўнія тэхналогіі ажывілі адмыслоўцы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Адметна, што працуюць яны на кроснах, атрыманых у спадчыну ад старэйшых майстрых. 

Культработнікі Ваўкавышчыны прэзентавалі вясельны каравай свайго краю. Комплекс ведаў і навыкаў па яго вырабе мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У аздабленні каравая выкарыстоўваюць матывы прыроднай красы. Каравай абкручваюць касой з цеста, а ў цэнтры размяшчаюць фігуркі накшталт шышачак, кветачак і птушачак розных памераў. 

Удзельнікі фэсту са Свіслацкага раёна з гонарам распавядалі пра поразаўскую банкуху — кандытарскі выраб з яечнага цеста, які гатуецца ля адкрытага жару ў печы. Найчасцей яго выпякалі адмыслова для вясельнага стала. 

Каб хапіла сіл на скокі — усялякая смаката па даўнейшых рэцэптах. На кожным падворку гасцей шчодра частавалі традыцыйнымі ласункамі. Цэнтральнае месца на сталах занялі стравы з таркаванай бульбы: дранікі, бабка, картаплянікі, калдуны. Тое не дзіва, бо традыцыі іх прыгатавання і спажывання маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. 

Балазе яшчэ засталіся з намі носьбіты традыцыйнай культуры. Яны памятаюць колішнія вечарыны з песнямі ды танцамі, цяжкую працу. Неацэнныя іх намаганні перадаць веды і навыкі маладзейшым. Яны актыўна ўдзельнічаюць у розных фэстах, ахвотна ездзяць у творчыя камандзіроўкі за дзясяткі кіламетраў.

  Гасцей вітае ваўкавыскі падворак

З такіх рупліўцаў — Антаніна Пенцяк з Галынкі Зэльвенскага раёна. Жанчына мае ганаровае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Прасці і ткаць яна навучылася ў маленстве ад мамы. Колькі дываноў і дарожак з мудрагелістымі ўзорамі вырабіла за ўсё жыццё, немагчыма падлічыць нават прыкладна. І цяпер Антаніна Пятроўна нярэдка садзіцца за кросны. Па-ранейшаму ніткі яна робіць сама, фабрычнымі не карыстаецца. Акрамя таго, майстрыха цудоўна вышывае крыжыкам і гладдзю. Прывучаць да рукадзелля маладзейшых — за шчасце для яе. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара