Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў — у студзені мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і айчыннымі кіназнаўцамі, ён расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.
Сярод пранізлівых гісторый пра Вялікую Айчынную асаблівае месца займаюць сюжэты ваеннага дзяцінства. Аўтары, чыё сталенне прыпала на перыяд крывавых 1940-х, як ніхто ведаюць, праз што давялося прайсці дзецям і падлеткам, якіх пазбавілі не толькі бесклапотнага часу, але і самых блізкіх людзей. Адна з цэнтральных карцін беларускага кінематографа, што раскрывае глыбокі псіхалагізм вымушанага сталення, стужка Ігара Дабралюбава “Іван Макаравіч” (1968).
Будучы прызнаны майстар беларускага кінематографа, імя якога будзе неадрыўна звязана з самай вядомай айчыннай камедыяй “Белыя Росы”, не змог прайсці міма тэмы, на якую самому рэжысёру было што сказаць. “Іван Макаравіч” — гэта не толькі фільм пра дзяцінства на фоне ліхалецця, але і магчымасць падзяліць агульны боль пакалення, спроба загаіць раны, а па словах самога рэжысёра, “калектыўная споведзь усіх яе стваральнікаў пра сваё дзяцінства, абарванае вайной”.
Сюжэт апавядае пра хлопчыка Ваню, якога вайна заспела ў Беларусі. Яго бацька ідзе на фронт, а сам галоўны герой разам з маці адпраўляецца на Урал. Падчас аднаго з прыпынкаў цягнік бамбяць, і мама Вані гіне. Хлапчук адзін завяршае доўгі і складаны шлях да Урала, дзе знаходзіць новых сяброў, якія робяцца яго сям’ёй: спачатку дзядзьку Кузю, які працуе апальшчыкам, а потым бабулю і Ляльку. Ваня вымушаны рана пасталець, каб узяць на сябе ролю кіраўніка сям’і, таму ён ідзе на завод. Новае жыццё робіць падлетка не па гадах сур’ёзным, і ў вачах людзей ён больш не Ваня, а Іван Макаравіч.
Выканаўцу на галоўную ролю аўтары шукалі доўга, бо патрэбны быў падлетак з унутраным стрыжнем. Пошукі праходзілі ў Беларусі і Расіі, але ўдача ўсміхнулася стваральнікам фільма ў Адэсе. Рэжысёр успамінаў: “Шмат хлапчукоў прайшло перад нашымі вачыма. І вось летам у Адэсе быў абвешчаны конкурс. Да нас пацягнуліся дзеці. Сярод іх апынуўся Віця Махонін. Зірнуўшы на яго, мы ўсе ў адзін голас заявілі: “Ён”. Для юнага акцёра гэтая роля стала першай і… адзінай. І хоць далейшы лёс Віктар Махонін не звяжа з вялікім кіно, яго вобраз Івана Макаравіча запомніцца ўсім прыхільнікам савецкага ваеннага кінематографа сваёй натуральнасцю і дакладнасцю.
— Віця Махонін сам па сабе быў яршыстым і са складаным характарам, што сфармаваўся ў цяжкім вулічным дзяцінстве. Але менавіта ён прымусіў паверыць, што паважлівае “Іван Макаравіч” далі яго герою нездарма. Тут рэжысёр, будучы сам акцёрам, дакладна трапіў у цэль, — дзеліцца меркаваннем кінакрытык, кандыдат мастацтвазнаўства Антаніна Карпілава.
У фільме таксама знялася Ірына Бразгоўка, для якой карціна стала трэцяй пад кіраўніцтвам Ігара Дабралюбава. Эпізадычную ролю бацькі Івана выканаў народны артыст СССР Мікалай Яроменка, а вобраз маці ўвасобіла заслужаная артыстка РСФСР Тамара Логінава.
“Іван Макаравіч” хоць і апавядае аб складаным дзяцінстве ў ваенных рэаліях, усё ж нясе ў сабе шмат цяпла. У асяроддзі, створаным вакол асірацелага Вані, адзін за адным узнікаюць вобразы клапатлівых дарослых, якія хоць на кароткі час, але дазваляюць галоўнаму герою забыцца пра бытавыя нягоды і пабыць простым дзіцем.
У карціне прасочваюцца прыкметы яркай мастацкай мовы. На экране раз-пораз узнікаюць кантрасныя кадры, якія рэзка змяняюць настрой гісторыі. Як лічыць Антаніна Аляксееўна, шмат у чым гэта заслуга таленавітага аператара Дзмітрыя Зайцава:
— Зайцаў стварыў арганічную фактуру пралогу, дзе ёсць кантраст мірнага жыцця і пачатку вайны. Абсалютна дакументальна выглядаюць кадры гарадскога двара: сядзяць мамы з малымі на руках, мужчыны гуляюць у даміно, а дзятва — у мяч. І раптам узнікае ўнікальная сцэна, якая жорстка праводзіць рысу паміж дзвюма рэальнасцямі: жанчына бязгучна крычыць праз аконнае шкло: “Вайна! Вайна!” Сітуацыю канкрэтызуюць метафарычныя вобразы: кінутыя на стале косткі даміно, прышчэпкі, што боўтаюцца на вяроўцы. Далей увесь фільм упрыгожваюць верхнія панарамы, якія даюць маштабнае ўяўленне пра падзеі ваеннага часу, і, безумоўна, выдатныя партрэты, якімі славіцца беларуская аператарская школа: у фінале майстар цэха падыходзіць да Вані — Івана Макаравіча, ухвальна глядзіць на яго працу і... выцірае дзецюку нос. Твар героя немагчыма забыць.
Шчырая праца выдатных беларускіх кінематаграфістаў была адзначана некалькімі ўзнагародамі. У 1970 годзе карціна атрымала Першую прэмію за найлепшы фільм для дзяцей і юнацтва на IV Усесаюзным кінафестывалі ў Мінску і прэстыжную Гран-пры “Сярэбраная Мінерва” на XXII Міжнародным кінафестывалі дзіцячых фільмаў у Венецыі. Аўтары фільма Ігар Дабралюбаў, Дзмітрый Зайцаў і мастак-пастаноўшчык Уладзімір Дзяменцьеў былі адзначаны прэміяй ЦК ЛКСМБ у галіне кінамастацтва.
У гісторыю беларускага і сусветнага кінематографа карціна ўвайшла нароўні з выдатным творам Андрэя Таркоўскага “Іванава дзяцінства”, аднак, па словах Антаніны Карпілавай, “фільм Ігара Дабралюбава нясе сваю інтанацыю, таму не згубіўся ні ў бліскучай панараме беларускага аўтарскага кіно 1960-х, ні ў маштабе стагадовай гісторыі нашага кінематографа”.
— Стужка нясе шчырыя пачуцці і перажыванні юнай душы, узрушанай карэннымі пераломамі ў сваім неакрэплым жыцці. І глядзіцца цалкам сучасна дзякуючы агульнай ідэі, акцёрскім працам і візуальнаму рашэнню, — заключае кінакрытык.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно