Дні культуры Рэспублікі Беларусь праходзяць у Новасібірску з 26 па 28 верасня.
Прадстаўляць нашу краіну ў сталіцы Сібірскай федэральнай акругі Расіі выправіўся салідны творчы дэсант. Падрыхтавана насычаная праграма. Сярод галоўных мерапрыемстваў — гала-канцэрт майстроў мастацтваў, Дні беларускага кіно, выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея “Беларусь у рытме традыцый”. Дэлегацыю ўзначаліў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.
Самай яскравай часткай праграмы абяцае стаць гала-канцэрт, які разгорнецца ў Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі. На сцэну выйдуць заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”, фальклорны гурт “Купалінка”, ансамбль “Камерата”. Расіяне з нецярпеннем чакаюць выступленні оперных салістаў Вялікага тэатра — народных артыстаў Беларусі Уладзіміра Громава і Настассі Масквіной, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Аляксандра Міхнюка, Аляксандра Гелаха і Віктара Мендзелева. Парадуюць публіку салісты балета — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Хітрова і вядучы майстар сцэны Канстанцін Белахвосцік. Натхняць мілагучнасцю песні ў выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алёны Ланской. Уразіць віртуозная ігра Юліі Шчарбаковай (раяль), Аляксандра Кандрацьева (кантрабас), Веранікі Прадзед (цымбалы).
Яшчэ адзін пункт прыцягнення падчас Дзён культуры — выстава, якую беларусы зладзілі ў Новасібірскім дзяржаўным краязнаўчым музеі. Экспазіцыя раскрывае характэрныя асаблівасці нашай традыцыйнай культуры: дэманструюцца нацыянальны касцюм і вырабы майстроў. Цікавасць наведвальнікаў выклікаюць малюнкі этнографа і мастака Міхаіла Раманюка, які адлюстраваў рэгіянальныя варыянты народнага строю. Таксама прадстаўлены аўтэнтычныя рамёствы — ткацтва і вышыўка, бандарная і ганчарная справы, разьба па дрэве, салома-, лозапляценне, валенне з шэрсці.
Найлепшыя айчынныя стужкі паказваюцца ў межах Дзён беларускага кіно — урачыстае адкрыццё адбылося 26 верасня ў кінатэатры “Перамога”. У Новасібірск свой фільм “Час вярнуцца” прывёз рэжысёр Іван Паўлаў.
А заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Купалінка” таксама паўдзельнічае ў адкрыцці VII кірмашу беларускіх тавараў. Мерапрыемства праходзіць у Новасібірску з 27 верасня па 6 кастрычніка.