Штогод 15 верасня бібліятэкары адзначаюць прафесійнае свята. Да ўрачыстасцей далучаюцца і шматлікія чытачы. Дзень бібліятэк з'явіўся ў календары па ўказе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2001 года — у гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Надоечы ў галоўным кнігасховішчы краіны адзначылі найлепшых рупліўцаў галіны — пераможцаў ХХХІІ Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.
Патэнцыял бібліятэк у справе адраджэння нацыянальнай спадчыны, гісторыі, літаратуры і мовы ўжо каторы год выразна адлюстроўвае прафесійны рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.
Спаборніцтва праводзіцца сярод публічных бібліятэк краіны па чатырох намінацыях: “За пошукавую і даследчую працу”, “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”, “За падтрымку і развіццё чытання”, “За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы”. Спачатку пераможцаў вызначылі ў абласцях, пасля іх работы ацаніла прафесійнае журы. У склад традыцыйна ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, абласных бібліятэк, цэнтралізаваных сістэм публічных і дзіцячых бібліятэк г. Мінска.
Вынікі ХХХII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” падвялі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў анлайн-рэжыме. З дапамогай “воблачных” тэхналогій эксперты азнаёміліся з дасланымі матэрыяламі напярэдадні пасяджэння і пісьмовым галасаваннем вызначылі пераможцаў.
Сёлета ў конкурсе паўдзельнічала 39 публічных бібліятэк: 15 цэнтральных і 24 філіялы, у тым ліку 18 гарпасялковых і сельскіх. Журы адзначыла змястоўную насычанасць, шматгранныя і разнастайныя тэхнікі прадстаўлення работ. Матэрыялы былі ацэнены па паўнаце раскрыцця тэмы, арыгінальнасці падачы і афармленні. У выніку дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў прысудзілі 21 публічнай бібліятэцы. Пераможцы атрымаюць узнагароды адпаведна з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 100 ад 25 мая 2024 г. “Аб выніках XXXII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры»”. Бібліятэкі-дыпламанты атрымаюць грашовыя прэміі ў памерах 50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна.
Найбольшая колькасць работ была прадстаўлена ў дзвюх намінацыях: “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” і “За пошукавую і даследчую працу” — па 11 праектаў.
Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк у намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” заняла Іўеўская раённая бібліятэка Гродзенскай вобласці за грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі і рэалізацыю праекта “Беларускі чацвер” (2021—2023). Работа ладзілася ў асобных напрамках (цыклах): “Фальклорная мазаіка” (2021), “Мы малюем Беларусь!” (2022) і “НеВядомая беларуская літаратура” (2023) з выкарыстаннем інтэрактыўных форм і метадаў работы. Станоўчым вынікам рэалізацыі праекта стала цікавасць юных чытачоў да пазнання вялікай і малой Радзімы, нацыянальнай літаратуры, гісторыі і культуры. На падставе матэрыялаў праекта былі створаны электронныя інфармацыйныя рэсурсы “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь!” і “Беларускі чацвер. НеВядомая беларуская літаратура!”, якія прадстаўлены на сайце бібліятэкі.
Матэрыялы Іўеўскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці
Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, пераможцам стала Чурлёнская сельская інтэграваная бібліятэка ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік” Мінскай вобласці за комплексную працу з дзецьмі і падлеткамі ў рамках рэалізацыі культурна-этнаграфічнага праекта “Кросны” (2021—2023). Ініцыятыва прадугледжвала стварэнне ў бібліятэцы цэнтра лакальнай культуры, дзе сабрана інфармацыя па гісторыі мясцовасці, калгаса і ўстаноў. У межах праекта ладзіліся абрадныя мерапрыемствы, кулінарныя падарожжы па родным краі, паход па лекавыя травы, урокі ткацкага майстэрства і г.д. Бібліятэкары сабралі і аформілі шэраг краязнаўчых папак: “Гісторыя Чурлёнскай зямлі”, “Гісторыя Чурлёнскай школы”, “Мясцовы фальклор” і інш.
У гэтай папулярнай намінацыі першае месца атрымала Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Купалы ДУК “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Брэсцкай вобласці за рэалізацыю і стварэнне электроннай базы даных “Зямля яднае і ўзбагачае: гісторыя сельскіх гаспадарак Ляхавіччыны”. Рэсурс змяшчае інфармацыю аб калгасах, што існавалі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў час БССР, і аб сучасным стане сельскай гаспадаркі: назвах калгасаў, іх месцазнаходжанні, датах заснавання, аб’яднання і закрыцця, аб кіраўніках і ўдзельніках калгасаў, іх дасягненнях. База даных складаецца з некалькіх раздзелаў: “Гісторыя”, “Калгасы”, “Персаналіі”, “Кіраўнікі”, “Сучаснасць” — і апублікаваная на сайце Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, першае месца заняла Астрынская гарпасялковая бібліятэка ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” Гродзенскай вобласці за рэалізацыю праекта “Экспедыцыя памяці” (2022—2023) па зборы матэрыялаў пра генацыд беларускага народа на тэрыторыі Астрынскага сельскага савета, стварэнне інтэрактыўнай карты “Взгляд в историю Острино” і віртуальнай Кнігі Памяці “І зноў памяць вяртаецца да вайны”. Бібліятэкар сабрала інфармацыю ў розных відах і фарматах: рукапісныя ўспаміны ветэранаў, відэаўспаміны, копіі дакументаў з сямейных архіваў: фатаграфіі, дзённікі, лісты, паштоўкі, артыкулы з газет, узнагародныя пасведчанні і г.д. Унікальныя па сваім змесце матэрыялы пастаянна запатрабаваны настаўнікамі, краязнаўцамі, вучнямі, мясцовымі жыхарамі.
У гэтай намінацыі спаборнічала дзевяць работ. Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Навагрудскай раённай бібліятэцы Гродзенскай вобласці за папулярызацыю кнігі і чытання з дапамогай серыі культурных дыялогаў, якія прайшлі ў межах асветніцкага праекта “Вялікія кнігі — Вялікія справы”. Мэтай ініцыятывы стала папулярызацыя дасягненняў Навагрудскага раёна ў спалучэнні з адметнымі выданнямі сацыяльна значнай літаратуры Беларусі. Кожнае мерапрыемства ўключала дыялог з запрашэннем людзей і прэзентацыю кніг з аглядам літаратуры па пэўных кірунках дзейнасці, справа якіх мела вялікае значэнне для развіцця раёна, вобласці, грамадства ў цэлым. На такіх сустрэчах збіралася мазаіка для вялікага пано Навагрудскі “Букет Міру” ў выглядзе кветак і значных падзей, у выніку чаго атрымалася сімвалічнае адлюстраванне прафесійнай дзейнасці навагрудчан.
Сярод бібліятэк, размешчаных у сельскай мясцовасці, найлепшай прызнана Махаўская сельская бібліятэка дзяржаўнай установы культуры “Магілёўская раённая сетка публічных бібліятэк” Магілёўскай вобласці за ажыццяўленне доўгатэрміновага літаратурна-творчага праекта “Бабуліна казка на па- душках”, мэтай якога з’яўляецца знаёмства дзяцей малодшага школьнага ўзросту з беларускімі народнымі традыцыямі праз музейныя экспанаты, рэканструкцыі абрадаў, найлепшыя ўзоры класічнай і сучаснай дзіцячай літаратуры на беларускай мове. У рамках праекта для маленькіх удзельнікаў мерапрыемстваў пашыты падушкі, на якіх зручна і камфортна сядзець падчас заняткаў, што праходзяць у этнаграфічным пакоі бібліятэкі “Прадметы даўніны”.
Тут прэтэндэнтаў на перамогу было восем. На першым месцы сярод гарадскіх і раённых бібліятэк — Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка Мінскай вобласці за стварэнне і рэалізацыю патрыятычнага праекта “Сиреневый код Солигорска”. Падчас ажыццяўлення задумы выкарыстоўваліся інавацыйныя формы работы: сацыял-эстафеты, краязнаўчыя батлы, інтэрактыўныя гульні, анлайн-урокі. Ініцыятыва накіраваная на фарміраванне ў падрастаючага пакалення пачуцця любові да Радзімы, адказнасці за лёс краіны, далучэнне да гістарычных і культурных каштоўнасцей, традыцый свайго народа, захаванне памяці аб земляках, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Бібліятэкарамі распрацаваны сацыяльна-пазнавальны аўдыятур “Приглашаем в DREVOград!”, змест якога ўтрымлівае цікавыя і ўнікальныя матэрыялы, захапляльныя гісторыі аб кожнай расліне, аўтарскія фота.
Работы Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Мінскай вобласці
Сярод бібліятэк, што размешчаны ў сельскай мясцовасці, выклікала найбольшую цікавасць у журы і стала пераможцам Адэльская сельская бібліятэка — цэнтр краязнаўства і турызму ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” Гродзенскай вобласці за пашырэнне турыстычнай прывабнасці мясцовасці, доступ насельніцтва і гасцей аграгарадка да інфармацыйных рэсурсаў з выкарыстаннем традыцыйных і найноўшых бібліятэчна-інфармацыйных тэхналогій у межах краязнаўчага праекта “Ад вытокаў у будучыню”. Адзначаны і намаганні па стварэнні віртуальнай інтэрактыўнай карты “Мястэчка, якое было горадам. Падарожжа па аграгарадку Адэльск” — структураванага інфармацыйнага комплексу мясцовых матэрыялаў, якія дазваляюць забяспечыць арганізацыйнае, інфармацыйнае суправаджэнне мерапрыемстваў. Вялася плённая праца і дзеля адкрыцця музейнага пакоя драўляных музычных інструментаў, агульная колькасць якіх складае больш за 130 экспанатаў.
Конкурс завершаны, вылучаны лепшыя з лепшых бібліятэкі нашай краіны за 2023 год у справе развіцця нацыянальнай культуры, прапаганды яе здабыткаў, збіранні і распаўсюджванні фальклорна-этнаграфічнай спадчыны.
Удзельнікі зноў здзівілі, захапілі і зацікавілі членаў журы, падзяліліся сваімі перспектыўнымі напрацоўкамі і набылі каштоўны прафесійны вопыт, які спатрэбіцца ў рабоце і пры падрыхтоўцы матэрыялаў да наступнага, XXXIII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.
Вольга КАКШЫНСКАЯ,
галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі