“Канвертаваны” старт

Тэатры краіны пачынаюць новы сезон. Што цікавага чакае гледачоў і саміх артыстаў? 

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адкрыў сезон “Царскай нявестай” Рымскага-Корсакава (сёлета споўнілася 180 гадоў з дня яго народзінаў) і шэрагам канцэртных праграм. А ў цэлым сезон пройдзе, калі можна так сказаць, пад знакам яшчэ аднаго рускага класіка — Чайкоўскага, бо запланаваны прэм’еры дзвюх яго опер: сваю версію “Яўгена Анегіна” прадставіць галоўны рэжысёр тэатра Ганна Маторная, а Георгій Ісаакян, мастацкі кіраўнік Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра імя Н. Сац паставіць у нас “Арлеанскую дзеву”. Рэжысёр не ўпершыню супрацоўнічае з нашым тэатрам, менавіта ў яго прачытанні ішла не цяперашняя, а колішняя пастаноўка “Багемы”. Ды і з тэатрам імя Н. Сац можна будзе пазнаёміцца бліжэй: гастролі славутага калектыву з чатырма паказамі двух спектакляў запланаваны на 25—27 кастрычніка: госці прывязуць “Кармэн” і дзіцячую оперу “Уладар мух”. 

Сцэна са спектакля "Царская нявеста"

Балетнай прэм’ерай нашага тэатра стануць тры аднаактоўкі з харэаграфіяй галоўнага балетмайстра Ігара Колба, з’яднаныя ў асобную вечарыну. Адноўленымі паўстануць “Тры парсючкі”: улюбёны дзіцячы балет, што ідзе ў нас больш як 30 гадоў, атрымае новыя касцюмы і сцэнаграфію, вырабленыя па колішніх эскізах. 

Рыхтуецца тэатр і да Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Своеасаблівай сенсацыяй на ім павінен стаць прыезд калектыву “Волга Опера” з Чабаксараў з нашумелым “Галоўным пытаннем”: музыка часткова створана штучным інтэлектам. Упершыню гала-канцэрт будзе ўяўляць сабой выступленні пераможцаў Міжнароднага конкурсу імя А. Абразцовай. А налета — лаўрэатаў 27-га конкурсу вакалістаў імя М. Глінкі, што адбудзецца ў хуткім часе. 

Апошняя прэм’ера Вялікага — “Патэтычны дзённік памяці”. Спектакль, прысвечаны Вялікай Айчыннай і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў на асноўнай сцэне 22, паўтор адбудзецца заўтра, 27 верасня, а 5 кастрычніка — у Брэсце, у натуральных “дэкарацыях” Брэсцкай крэпасці. 

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ўрачыста адкрыў юбілейны, 105-ы сезон яшчэ 29 жніўня — вядома, неўміручай “Паўлінкай”. Гэта стала ўжо добрай традыцыяй: менавіта гэты спектакль і яго гераіня, што ўвасабляе найлепшыя якасці беларусачкі, быццам даюць блаславенне чарговым творчым памкненням калектыву. 

Сцэна са спектакля "Паўлінка"

Вядома, кожны чарговы паказ “Паўлінкі” не падобны да папярэдніх. Але ж сёлетні старт стаў асаблівым не толькі з гэтай прычыны: перад пачаткам легендарнага спектакля адбылося гашэнне мастацкага немаркіраванага канверта, прысвечанага новаму сезону. У фае разгарнулася выстава, што распавядала пра ранейшую паштовую прадукцыю, звязаную з гісторыяй купалаўцаў. Усё атачала жывая музыка, беларускія песні ў выкананні артыстаў тэатра. 

На ўрачыстасці гучалі шматлікія здравіцы ў гонар Купалаўскага, генеральным партнёрам якога ў гэтым сезоне з’яўляецца Белаграпрамбанк. Намеснік старшыні яго праўлення Сяргей Чугай, падкрэсліваючы значнасць Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў развіцці нацыянальнай культуры, адзначыў, што квіток на “Паўлінку” павінен каштаваць столькі ж, колькі ў Ла Скала — оперную Мекку Італіі і ўсяго свету: “Купалаўскі тэатр — гэта наш нацыянальны здабытак. А людзі, якія ствараюць гэту гісторыю, — сапраўдныя зоркі”. 

Але ж у планах на сезон не опера, а “Дзядзечкаў сон” паводле Дастаеўскага. Ставіць яго будзе, як паведаміла мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаная артыстка Беларусі Вольга Няфёдава, расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў — той самы, які ўвасобіў “А зоры тут ціхія”: “Гэты спектакль — тое, што, я не пабаюся параўнання, знаходзіцца на вышэйшай прыступцы сярод тых пастановак пра вайну і Радзіму, якія былі цягам усёй гісторыі Купалаўскага тэатра”. Таксама запланавана ўвасабленне і нацыянальнай класікі — “Брамы неўміручасці” Кандрата Крапівы, і п’есы сучаснага беларускага драматурга Улады Альхоўскай пра цяперашнюю моладзь: “Пастаноўка будзе данінай памяці тым, хто сышоў у 1941—1945 гадах і цаной свайго жыцця абараніў нашу зямлю, даў нам магчымасць і права жыць зараз”. У коле гастрольнай геаграфіі — уся краіна: апошнім часам тэатр ажыццяўляе каля пяцідзесяці такіх паказаў на год, удзельнічае ён сёлета і ў акцыі “Культурная карта”. А наконт замежжа, дык гэта паездкі ў Расію і, магчыма, Кітай. Будзе попыт і на сувенірную прадукцыю, якую тэатр пашырае. З’явяцца не толькі світшоты, майкі, шоперы, але і драўляныя лялькі ў выглядзе персанажаў “Паўлінкі”. 

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры пачаўся 54-ы сезон. Акрамя прэм’ер (у снежні ў рэпертуар вяртаецца “Блакітная камея”, рыхтуецца навагодняя праграма і іншыя навінкі), будзе шмат гастрольных тураў. Тэатр пабываў у Гродне, наперадзе — Мірскі замак, Полацк, Брэст, шматлікія расійскія гарады: Пенза, Стаўрапаль, Новарасійск, Бранск, удзел у міжнародных фестывалях у Смаленску, Растовена-Доне, Мічурынску. А на нашай сцэне — двухтыднёвыя гастролі Свярдлоўскай музкамедыі, што пачаліся 24 верасня. Запланаваны таксама абменныя гастролі з драматычнымі тэатрамі Разані і Тулы. 

Падчас агульнага сходу калектыву Вялікага тэатра Беларусі напярэдадні адкрыцця новага сезона

Тым часам буйныя музычныя прэм’еры ладзяць і іншыя калектывы нашай краіны. 13 верасня адкрыў сезон Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча — прэм’ерай “Ідыліі”. Спектакль вырашаны як музычная камедыя, знаны беларускі кампазітар Алег Хадоска напісаў да яго больш як 20 музычных нумароў. 

— Мы даўно да гэтага ішлі, — распавяла дырэктар тэатра Вераніка Вінель, — пачалі рыхтавацца яшчэ летась. Бо хочам, каб спектакль стаў візітоўкай нашага тэатра, што носіць імя аўтара п’есы. “Ідылія” калісьці ў нас ішла, тую пастаноўку Сяргея Палешчанкова мы нават аднаўлялі. Але час бяжыць і патрабуе новага, сучаснага прачытання, блізкага моладзі. 

— Спектакль пра каханне і любоў да Радзімы, — дадаў рэжысёр Павел Марыніч, запрошаны з Пінска. — У школе я неяк не надта ўспрымаў Дуніна-Марцінкевіча. А потым уцяміў усё хараство і глыбіню яго творчасці, скіраванай на нацыянальную тэму. Дарэчы, той жа тэме прысвечаны і мой спектакль “Пан Твардоўскі” паводле Сяргея Кавалёва: 22 верасня ён стаў першай прэм’ерай 19-га сезона ў Палескім драматычным тэатры, дзе я працую. 

Магчыма, два згаданыя спектаклі мы ўбачым на IХ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі, што адбудзецца 28 лістапада — 3 снежня ў Бабруйску: зараз ідзе фарміраванне яго праграмы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва тэатраў