У госці… дадому

Апублiкавана: 24 верасня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Зноў у нашай краіне прымалі суайчыннікаў, якія воляй лёсу аказаліся далёка ад бацькоўскага краю, аднак не адракліся каранёў. Кіраўнікоў замежных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа сабрала чарговая стажыроўка на Радзіме. 

Арменія, Італія, Латвія, Літва, Казахстан, Расія, Эстонія — з розных куткоў планеты тры дзясяткі чалавек прыехалі на Бацькаўшчыну. Усе ўдзельнікі вядуць актыўную творчую дзейнасць у краінах пражывання, і падобныя сустрэчы дапамагаюць ім больш плённа папулярызаваць нашу спадчыну за мяжой. Такія стажыроўкі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур ладзіць з 2016 года. Гэтым разам акцэнт зроблены на вакальным мастацтве — праграма насычана шматлікімі майстар-класамі ад вядучых айчынных адмыслоўцаў. 

Пачаўся візіт сустрэчай з артыстамі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Прадстаўнікі славутага калектыву падзяліліся з гасцямі асноўнымі сакрэтамі сцэнічнага выканання аўтэнтычных твораў. Акрамя таго, узорны ансамбль народнай песні “Святкі” і хор народнай песні Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў зладзілі практычныя заняткі для беларусаў замежжа. Некаторы час удзельнікі стажыроўкі нават прабавілі ў студэнцкіх аўдыторыях. Эксклюзіўныя ўрокі правялі педагогі кафедры народнапесеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: прафесар Уладзімір Зяневіч і дацэнт Таццяна Пладунова. 

Зрэшты, праграма ахапіла не толькі сталічныя ўстановы. Беларусы замежжа выправіліся ў Магілёўскую вобласць. Яны наведалі Дрыбінскі і Слаўгарадскі раёны, дзе пазнаёміліся з мясцовымі спеўнымі традыцыямі, далучыліся да майстар-класаў па народных рамёствах. Акрамя таго, гасцям пашчасціла ўбачыць помнік прыроды “Блакітная крыніца” пад Слаўгарадам, трапіць на вядомыя прадпрыемствы “БелАЗ” і “Світанак” у Жодзіне, на гала-канцэрт да Дня народнага адзінства ў “Мінск-арэне”. 

Значнай падзеяй стала дыялогавая пляцоўка беларусаў замежжа з прадстаўнікамі Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў, а таксама апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Суайчыннікаў запрасілі да шчырага абмену думкамі, сардэчнай размовы. Удзельнікі стажыроўкі падзяліліся досведам па захаванні і папулярызацыі роднай культуры ў краінах пражывання. Ад гасцей гучала шмат слоў падзякі Міністэрству культуры і Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур за пастаянную падтрымку — метадычную і матэрыяльную.