Агульная спадчына

Апублiкавана: 23 верасня 2024 Стужка Архітэктура не указан З вандроўкі

Аўтар: РУДАК Антон

Днямі беларуская дэлегацыя прыбыла ў Смаленск, дзе з 11 па 15 верасня прайшоў XVII фестываль "Моладзь — за Саюзную дзяржаву". Форум накіраваны на стварэнне адзінай культурнай прасторы, умацаванне сяброўства паміж моладдзю Беларусі і Расіі, наладжванне супрацоўніцтва паміж моладзевымі калектывамі ды аб'яднаннямі, а таксама на падтрымку юных талентаў. Сёлета ён прымеркаваны да 25-годдзя Саюзнай дзяржавы і сабраў амаль 300 удзельнікаў. На працягу фестывальнага тыдня прайшлі конкурсы выканаўцаў маладзёжнай песні, харэаграфічных калектываў, вечарына “На старце новых ідэй”, форум маладых гісторыкаў, сустрэча са спартсменамі “Скачок у будучыню”. Адбылося наведванне мемарыяла “Поле памяці” і цэнтра “Абавязак”, а таксама стратэгічная сесія-сустрэча “Моладзь у сучаснай медыяпрасторы”... А ў першы дзень беларусаў чакала экскурсія па Смаленску. Месца правядзення форуму абранае невыпадкова, бо гэта найбліжэйшы да Беларусі абласны цэнтр Расіі — як геаграфічна, так і гістарычна. Гасцінны горад з насычанай гісторыяй, велічнай архітэктурай і багатымі традыцыямі — чым ён можа здзівіць наведвальнікаў? 

ЦВЯРДЫНЯ НАД ДНЯПРОМ 

Візітоўка Смаленска і яго найбуйнейшы архітэктурны помнік — крапасная сцяна працягласцю 6,5 кіламетра, збудаваная на мяжы XVI і XVIІ стагоддзяў, якая акружае ўвесь гістарычны цэнтр. Сёння цытадэль лічыцца адной з самых вялікіх цагляных крэпасцей свету, што захаваліся да нашых дзён, хаця збераглося менш за палову перыметра сцен і вежаў помніка. 

Разбурэнне цытадэлі распачалося ў 1812-м, калі некаторыя ўмацаванні пры адступленні ўзарвала напалеонаўская армія. А працягнулася ў 1820—1880-я і ў 1930-я, калі мянялася планіроўка горада і на месцы магутных сцен прайшлі новыя вуліцы. 

Тым не менш паралельна ў міжваенны перыяд муры і вежы крэпасці рэстаўраваліся і музеефікаваліся. Да сёння найлепш захаваўся фрагмент сцяны, якая прылягае да берага Дняпра. З зарэчнай часткі Смаленска адкрываецца найбольш маляўнічы від на гістарычны цэнтр з Успенскім саборам.

ГАЛОЎНЫ ХРАМ 

Кафедральны сабор Успення Прасвятой Багародзіцы ўзведзены ў стылі барока на мяжы XVII і XVIII стагоддзяў. Архітэктурны комплекс стаіць на ўзгорку ў самым сэрцы горада. Тут жа некалі стаяў першы смаленскі сабор, закладзены ў ХІІ стагоддзі і зруйнаваны ў 1612-м падчас абароны ад войскаў Рэчы Паспалітай. 

Успенскі сабор

У новым храме, інтэр’ер якога ўражвае вытанчаным пяціярусным іканастасам і багатымі роспісамі сцен, захоўваюцца хрысціянскія святыні, якія прыцягваюць мноства праваслаўных вернікаў: мошчы Меркурыя Смаленскага, а таксама жалезныя сандалі, што, паводле падання, належалі святому. Лічыцца, што ён паходзіў з Маравіі, служыў у Смаленску падчас нашэсця хана Батыя ў ХІІІ стагоддзі і прыняў пакутніцкую смерць, адбіваючы напад ворага на горад. 

СВЕДКІ СІВОЙ МІНУЎШЧЫНЫ 

У Смаленску захаваўся цэлы шэраг помнікаў храмавага дойлідства дамангольскай Русі. Тры царквы, узведзеныя ў ХІІ стагоддзі, зберагліся да нашых дзён і сёння маюць першапачатковы выгляд. 

Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла была закладзена ў 1146-м смаленскім князем Расціславам Мсціславічам, унукам Уладзіміра Манамаха, у задняпроўскім прадмесці Гарадзянка, што непадалёк ад сучаснага чыгуначнага вакзала. А ў 1173-м сын Расціслава Раман узвёў царкву Святога Іаана Багаслова ў прадмесці Варажкі на левым беразе Дняпра. 

Найбольш цікавая з пункту гледжання архітэктуры — царква Святога Архангела Міхаіла на Прыстані, пабудаваная напрыканцы ХІІ стагоддзя князем Давыдам Расціславічам, братам Рамана. Храм захаваў нетыповыя для Русі рысы раманскага стылю, уласцівага сярэднявечнай Заходняй Еўропе. 

НЕ ЧУЖЫ ЗДАБЫТАК 

З каталіцкіх храмаў у Смаленску ацалеў неагатычны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, узведзены ў 1890-я пад кіраўніцтвам вядомага беларускага архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. У другой палове мінулага стагоддзя, пасля закрыцця храма, будынак выкарыстоўваўся як фондасховішча Дзяржаўнага архіва Смаленскай вобласці. Установа пераехала адсюль у новы корпус у 2013 годзе. 

З пачатку 1990-х у колішняй плябаніі пры касцёле дзейнічае каталіцкая парафія, а вось будучыня самога храма пакуль вырашаецца: разглядаліся планы размясціць тут арганную канцэртную залу. Да святыні прылягаюць старадаўнія могілкі з капліцай-пахавальняй, дзе таксама некалі праходзілі набажэнствы. 

НАШЫ АДРАСЫ 

Тым, хто цікавіцца беларускімі старонкамі ў гісторыі Смаленска, варта зірнуць на будынак колішняга дваранскага сходу на вуліцы Глінкі ў цэнтры горада, дзе цяпер месціцца абласная філармонія. Менавіта тут у снежні 1918 года адбыўся І з’езд Камуністычнай партыі Беларусі, які 1 студзеня 1919-га абвясціў пра стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. 

Непадалёк, у корпусе Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у другой палове 1920-х дзейнічала беларускае зямляцтва, а на педагагічным факультэце чыталі курс беларусазнаўства. А на вуліцы Пушкіна, што прылягае да заходняй часткі гістарычнага цэнтра, паблізу Дняпра захаваўся дом, дзе ў гады Першай сусветнай вайны жыў паэт Янка Купала. 

САМАЕ СМАЧНАЕ 

Горад багаты і на музеі, з якіх найперш трэба наведаць Смаленскі гістарычны. Ён дае цудоўнае ўяўленне аб мінуўшчыне краю і яго цесных повязях з беларускай гісторыяй і культурай. Тут з гонарам дэманструюць як адзін з найбольш выбітных экспанатаў слуцкі пояс, падкрэсліваючы важнасць такіх артэфактаў нашай супольнай спадчыны. А ў музеі “Смаленскі лён” можна ўбачыць, наколькі падобныя ўзоры традыцыйнага ткацтва Смаленшчыны і сумежных беларускіх рэгіёнаў. 

І яшчэ колькі слоў аб нематэрыяльнай культуры, дакладней аб традыцыйнай кулінарыі. Каб пераканацца, што і гастранамічная спадчына ў суседзяў блізкая, варта зазірнуць хаця б у кавярню ў цэнтры Смаленска. У меню — дранбургер. Складаецца ён з катлеты, смажанага яйка і двух дранікаў. Падобнымі шэдэўрамі кулінарнай думкі пад той самай назвай даўно ўжо частуюць гасцей і ў беларускіх рэстаранах. Вось такая яна — супольная спадчына ў штодзённасці. 

Антон РУДАК