Адсюль пайшоў славянскі рок

Апублiкавана: 17 верасня 2024 Стужка Музеі Гродна і вобласць Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Ужо даўно па краіне раз’язджаюць аўтаклубы ды бібліятэкі на колах: стацыянарныя ў маленькіх селішчах забяспечваць затратна. Але ёсць выключэнне. На тры дзясяткі жыхароў — свая ўстанова культуры. Ды якая! Сапраўдная турыстычная перліна. Стара-Васілішкаўскі клуб- музей на Шчучыншчыне штогод прымае тысячы гасцей.

Цяперашняя кніга водгукаў ва ўстанове шостая. Калі пагартаць тамы, можна ўбачыць запісы ад турыстаў з усяго свету. Бывалі вандроўнікі нават з Камеруна і Шры-Ланкі. Што ўжо тут казаць пра суседнія краіны. Школьнікі і студэнты, прафесары і рабочыя, паслы і міністры — гасцей рознага рангу бачылі гэтыя сцены. Чым жа так вабіць беларусаў ды замежнікаў сціплая хатка ў маленькай вёсцы? Адказ — ля ўвахода. Мемарыяльныя шыльда сведчыць: у гэтым доме ў 1939—1958 гадах жыў музыкант, спявак, кампазітар Чэслаў Немэн.

ЛЁС РАДАВОГА ГНЯЗДА

Пабудаваў хату ў пачатку мінулага стагоддзя дзед Чэслава Выджыцкага (сапраўднае прозвішча музыкі) для сваіх двух сыноў. Антоній, бацька будучай рок-зоркі, быў майстрам на ўсе рукі: рабіў рымарам, рамантаваў гадзіннікі ды швейныя машынкі, шыў абутак, настройваў музычныя інструменты. Жаночыя буркі ды мужчынскія боты-штыбнякі яго работы ёсць у экспазіцыі: дагэтуль яны ў выдатным стане. Акрамя таго, час ад часу Антоній падмяняў касцельнага арганіста і граў у мясцовым духавым аркестры на альце.

Напэўна, у спадчыну ад яго творчыя здольнасці і атрымаў Чэслаў. Ужо ў чацвёртым класе хлопец выдатна валодаў фартэпіяна ды лепей за ўсіх у школе маляваў. Без яго не абыходзілася ніводная гулянка вясковай моладзі.

Інтэр'ер бацькоўскай хаты Чэслава Немэна

Напрыканцы 1950-х сям’я пакінула родныя мясціны. Хата Выджыцкіх займела новых гаспадароў, а потым доўгі час будынак займала крама. Калі ж яна зачынілася, то дом прастаяў пустым дзевяць гадоў, прыйшоўшы ў заняпад. Плот павалены, падворак у бур’яне, у даху дзірка, комін разбураны… Намаганнямі энтузіястаў і пры падтрымцы раённай улады на сядзібе ўдалося навесці парадак і адкрыць музейчык. Ён прымае наведвальнікаў з 2010-га.

А недалёка ад бацькоўскай хаты музыкі ўзвышаецца яшчэ адна славутасць вёскі — каталіцкі храм, дзе колісь хрысцілі маленькага Чэся. Неагатычны касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ўзвялі ў 1905-м па праекце архітэктара Канстанціна Вайцяхоўскага. Увогуле ж мясцовая парафія вядзе свой летапіс ад другой паловы XV стагоддзя.

З ЛЮБОЎЮ ДА РАДЗІМЫ

Заснаванне клуба-музея было крокам лагічным. Ужо пасля адыходу Чэслава Немэна ў яго бацькоўскі кут нярэдка наведваліся турысты. Да таго ж землякі памяталі, з якой любоўю да іх, да старонкі маленства ставіўся музыка. Ён не раз запрашаў аднавяскоўцаў на канцэрты, садзіў іх на першых шэрагах. Калі заязджаў у Старыя Васілішкі, то даваў невялічкі канцэрт на школьнай сцэне. А ў 1979 годзе, калі здарыўся перапынак падчас гастроляў у Маскве, на таксоўцы прыехаў за тысячу кіламетраў да бацькоўскай хаты, да сваякоў. Любіў спусціцца да рэчкі дзяцінства — Лябёдкі, дзе так карцела пасядзець на самоце ды падумаць. Аднойчы нават выкапаў на ўзбярэжжы маладую чаромху і пазней пасадзіў ля свайго дома ў Варшаве.

САБРАНА ПА КРУПІНКАХ

Асноўную частку музейнай экспазіцыі складаюць фотаздымкі і прадметы побыту мінулага стагоддзя.

Гасцей установы сустракае вялізны партрэт рок-зоркі 

Нешта адшукалі на гарышчы хаты, нешта перадалі ў дар жыхары Васілішак. На невялічкай куханьцы, прыкладам, захаваўся стары буфет, што належаў Выджыцкім. Тут жа юнацкія малюнкі Чэся. На адным з аркушаў — партрэт яго першага кахання Марысі. Фонды папаўняюцца і дзякуючы фанатам спевака. Яны прывозяць пласцінкі і дыскі, плакаты, уласныя малюнкі. Нехта больш за сорак гадоў зберагаў артыкулы пра Немэна ў “Чырвонай змене” — і падарыў музею.

Стара-Васілішкаўскі клуб-музей

Багатую калекцыю ўдалося сабраць дзякуючы рупнасці загадчыка ўстановы Уладзіміра Сянюты. Ён некалькі дзесяцігоддзяў прысвяціў сельскай гаспадарцы, кіраваў сельсаветам, і толькі на заслужаным адпачынку стаў культработнікам. Па крупінках збіраў музейны фонд, вывучаў біяграфію славутага творцы. Такіх апантаных экскурсаводаў, як Уладзімір Уладзіміравіч, яшчэ трэба пашукаць. Гаспадар сядзібы шчыруе сумленна і самааддана. Клубны падворак патанае ў кветках. Ва ўтульнай альтанцы з відам на сад, што пасадзіў яшчэ дзед Чэслава, можна адпачыць з дарогі. Побач узвышаюцца арт-аб’екты ў гонар выбітнага земляка. А чаго вартыя пачастункі ад загадчыка ўстановы! Сакавітыя яблыкі ды агурок з мёдам — улюбёныя летнія ласункі сям’і Выджыцкіх.

Данііл ШЭЙКА. Фота аўтара