Агульнанацыянальная прэм’ера кіно “Культурны код” студыі“Беларусьфільм” адбылася 5 верасня. Выхад карціны на вялікія экраны прымеркаваны да Дня народнага адзінства.
Стужка распавядае пра значэнне герба, гімна і сцяга, а таксама закранае актуальныя пытанні: што значаць для нашай моладзі дзяржаўныя сімвалы краіны і чаму юнакі і дзяўчаты выбіраюць для жыцця Беларусь? У фільме рэжысёр Кірыл Халецкі раскрывае досыць сур’ёзную тэму, але размову з гледачом вядзе ў лёгкай і даступнай для юнага пакалення форме. Творца не адмаўляе, што знайсці яе — даволі складаная задача.
— Самым цяжкім было ўтрымаць увагу аўдыторыі з кліпавым мысленнем. І гэта не толькі моладзь, але і нават дарослыя. Калі відэа праз 15 секунд прагляду не “зайшло”, яго прагортваюць. Таму важна зацікавіць адразу і не адпускаць. Вынікам працы я задаволены: тэмпарытмам, атмасферай, музыкай. Тым, што атрымалася распавесці пра дзяржаўныя сімвалы міла, весела, моладзева. Спадзяюся, фільм спадабаецца і яго мэтавай аўдыторыі: школьнікам і студэнтам, — адзначае Кірыл Халецкі.
Сюжэт падзелены на дзве часткі: дакументальную і ігравую, якія выглядаюць настолькі арганічна, што немагчыма ўявіць іх у адрыве адна ад адной. Галоўныя героі — студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ваня і Ліза. Яны атрымліваюць няпростае заданне — зняць дыпломны фільм аб дзяржаўных сімвалах краіны. Будучым выпускнікам трэба правесці сацыяльнае апытанне, наведаць Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, паўдзельнічаць у аўтапрабегу і акцыі “Праспяваем гімн разам”. Дарэчы, першапачаткова падзеі мусілі разгортвацца на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але лакацыю вырашылі змяніць.
— Адразу галоўнымі героямі былі выпускнікі факультэта журналістыкі БДУ. Але паколькі я не вучыўся на журфаку, падчас падрыхтоўкі сцэнарыя мы сутыкнуліся з некаторымі недакладнасцямі. А вось як пабудаваны адукацыйны працэс у Акадэміі мастацтваў, я ведаю добра. Да таго ж хацелася аддаць даніну павагі альма-матар, — тлумачыць малады рэжысёр.
Творчы тандэм увасобілі Уладзіслаў Соладаў і Дар’я Лазарчык, для якой “Культурны код” стаў першым кінапраектам.
— Даша ў гэтым годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Для дзяўчыны экранная гісторыя атрымалася нават сімвалічнай, бо ў фінале карціны мы фактычна здымалі сапраўдны выпускны. Зараз Даша па размеркаванні — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. З Уладзіславам мы сябруем яшчэ з “Кіношнікаў”, з ім прыемна працаваць. Увогуле, мне вельмі спадабалася, якім арганічным аказаўся гэты дуэт, нягледзячы на перапад у росце. У акцёраў атрымалася перадаць хімію, якую я закладаў у сцэнарый, — распавядае Кірыл Халецкі.
Карціна пазбаўлена знарочыстага пафасу. У ёй адчуваецца любоў аўтараў не толькі да твора, але і да самой тэмы. Патрыятызм у фільме не ў форме лозунгаў, мы бачым не плакатную стужку. Усё апавяданне прасякнута асаблівай душэўнасцю, уласцівай беларускаму народу, і гэта вельмі дакладна пераклікаецца з назвай — “Культурны код”. Не будзе надта гучнай заўвага, што так пра любоў да Радзімы не казаў яшчэ ніхто. Фільм сапраўды абуджае гонар за краіну, за нацыянальную прыналежнасць. Эмоцыі падчас прагляду падобныя да магіі: тое, што адбываецца на экране, літаральна злучае сэрцы ўсіх людзей у зале. Пэўныя часткі стужкі ствараюць атмасферу ўрачыстасці. Іншыя, як, напрыклад, разважанні моладзі пра значэнне слова “Радзіма” і пра ўклад у развіццё роднай зямлі, натхняюць.
“Культурны код” унікальны не толькі па форме, але і па ўзроўні шчырасці. Кожны кадр дэманструе сумленнасць аўтараў карціны і тых выпадковых мінакоў, якія дзеляцца разважаннямі. Камусьці можа падацца, што фільм недастаткова строгі для заяўленай тэмы. Але варта разумець, што, распавядаючы пра герб, гімн і сцяг, аўтары перш за ўсё звяртаюцца да душы беларускага народа — адкрытай, прыязнай і гасціннай. І чым цяплейшай будзе гутарка з маладымі людзьмі пра вартае, тым мацнейшай стане іх вера ў свой народ і сваю краіну.
З выхадам на вялікія экраны “Культурнага кода” творчая дзейнасць маладога і перспектыўнага беларускага рэжысёра не спыняецца. Зараз працягваецца праца над новым сумесным праектам Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і нацыянальнай кінастудыі — “Класная”. Поўнаметражную карціну, прысвечаную айчынным настаўнікам, плануюць прадставіць у верасні 2025 года. Але і сёлета нас чакаюць гучныя прэм’еры “Беларусьфільма” — “Чорны замак” і першае 3D-анімацыйнае кіно “Песня Сірын”.
Яўгенія ГАБЕЦ