Жыў-быў і будзе жыць

Апублiкавана: 13 верасня 2024 Стужка Музеі Брэст і вобласць

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Сёлета Музей Беларускага Палесся — адзін з найстарэйшых у краіне — святкуе векавы юбілей. Размешчаныя на двух паверхах былога езуіцкага калегіума пастаянныя і часовыя выставы ўзнаўляюць жыццёвы ўклад пінчукоў ад старажытнасці да нашых дзён. З нагоды значнай даты прапануем здзейсніць падарожжа ў мінулае ўстановы, разгледзець найбольш каштоўныя і цікавыя экспанаты і згадаць, за што мы так любім культурную спадчыну Палесся.

АДНОЙЧЫ Ў ПІНСКУ 

Гісторыя юбіляра пачалася ў 1924-м: менавіта тады Палескае краязнаўчае таварыства прыняло рашэнне аб заснаванні музея і выбрала яго першага кіраўніка. Ім стаў настаўнік пінскай гімназіі Раман Гарашкевіч. Каля 100 археалагічных і этнаграфічных экспанатаў было прадстаўлена ўжо ў 1926-м. З таго часу фонд значна ўзбагаціўся: сёння ён налічвае больш за 95 тысяч аб’ектаў, пошукамі якіх займаліся не толькі супрацоўнікі ўстановы, але і энтузіясты з мясцовых жыхароў. 

У СТАРАЖЫТНЫХ СЦЕНАХ 

З 1996-га музей знаходзіцца ў будынку ранейшага езуіцкага калегіума, які з’яўляецца славутым сімвалам Старога горада. Архітэктурны шэдэўр XVІІ стагоддзя спалучае два стылі — барока і рэнесанс. Да 1950-х калегіум уваходзіў у комплекс адной з найбуйнейшых у былым Вялікім Княстве Літоўскім рэзідэнцый езуітаў. Тады навучальную ўстанову, якая мела найбагацейшую бібліятэку, друкарню і адну з першых у Беларусі аптэк, ведалі далёка за мяжой. 

ЯКАЯ ТЫ, СПАДЧЫНА? 

Экспазіцыя “Промыслы і рамёствы Палесся”, з якой пачынаецца падарожжа па музеі, расказвае пра традыцыйны ўклад жыцця пінчукоў. Шматлікія рыбалоўныя і пчалярскія прылады, вырабы ўмелых кавалёў і ткачоў мінулага, а таксама плеценыя з лазы скрыні, кошыкі, вазы, калыскі ды цацкі ствараюць атмасферу аўтэнтычнага народнага побыту. Прадстаўлены тут і ўнікальныя здымкі, на якіх адлюстраваны штодзённыя заняткі палешукоў у першай палове ХХ стагоддзя. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае драўляны веласіпед, які сканструяваў жыхар вёскі Багданаўка Васіль Ільючык у 1931-м. На дзіва прыгожы і незвычайны выраб быў далучаны да фонду ў 2007-м дзякуючы дачкам майстра.

 

Канцэптуальным працягам першай залы выступае экспазіцыя “Гісторыя Піншчыны”, дзе прадстаўлены дзясяткі розных археалагічных знаходак. Сярод самых старажытных аб’ектаў — скамянеласці і косткі жывёл, якія даўно вымерлі, прылады працы, керамічная вельбарская чаша з арнаментам. Бронзавыя нацельныя крыжы і энкалпіёны, абраз-змеявік “Багародзіца ў дэісусным чыне”, галаснік з Каложскай царквы, фігурныя керамічныя пліткі датуюцца ўжо ХІ—ХІІ стагоддзямі. 

Вылучаюцца асаблівай каштоўнасцю ту- раўскі саркафаг (XІІ ст.), Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года (захоўваецца выданне XVІІ ст., што выйшла ў Вільні на польскай мове), а таксама віслая пячатка князя Ізяслава Яраславіча, на якой выгравіраваны святы Дзмітрый і Божая Маці. Цікава, што гэты артэфакт адшукаў звычайны пінскі рабочы ў 1961-м падчас будаўніцтва жылых дамоў. Выпадкова была знойдзена і каменная булава, створаная на мяжы ІІІ— ІІ тыс. да н. э. 

ВЕК ПЕРАМЕН 

Экспазіцыйныя залы “Гарадскі побыт першай паловы ХХ ст.” і “Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” завяршаюць расказ пра мінулае краю. Першая знаёміць з міжваенным перыядам, калі Пінск стаў буйным прамысловым цэнтрам. Галоўныя падзеі для населенага пункта ў тыя часы — заснаванне першых прадпрыемстваў (гадзіннікавы завод і фабрыка “Тобаль” братоў Лур’е), пракладанне чыгункі, імклівае развіццё тэлефоннай сувязі і выдавецкай справы — адлюстра- ваны ў шматлікіх экспанатах. З дапамогай сапраўдных мэблі, посуду, элементаў мужчынскага і жаночага гардэробу, туалетных і пісьмовых прылад ды іншых прадметаў супрацоўнікі музея стварылі карціну штодзённага жыцця, уласцівага беларускім гараджанам ХХ стагоддзя. 

Зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, нагадвае гісторыю першага партызанскага атрада пад кіраўніцтвам В. З. Каржа, Пінскага партызанскага злучэння, баёў за вызваленне раёна ў ліпені 1944 года. 

ТВОРЫ-ВАНДРОЎНІКІ 

У 1961-м у Пінску з’явілася багатая калекцыя беларускага і рускага жывапісу другой паловы ХІХ — ХХ стагоддзя. Пачалося ўсё з таго, што Уладзіміру Баравікову — супрацоўніку ўстановы — прыйшла ідэя стварэння мясцовай мастацкай галерэі. Пасля сустрэчы ў Маскве з міністрам культуры СССР Кацярынай Фурцавай быў падпісаны ўказ аб перадачы гораду карцін з Дзяржаўнага мастацкага музея БССР і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Так увесь другі паверх будынка занялі шэдэўры знакамітых мастакоў — В. К. БялыніцкагаБірулі, Ю. М. Пэна, Л. Д. Шчамялёва, І. К. Айвазоўскага, І. І. Шышкіна, В. М. Васняцова ды іншых. 

СПРАВЫ СУЧАСНАСЦІ 

Далейшае развіццё юбіляра, па словах супрацоўнікаў, будзе звязана з новымі каштоўнымі дасягненнямі ў даследаванні гісторыі і этнаграфіі Палесся. Сёння намаганні скіраваны ў першую чаргу на стварэнне электроннага каталога фондавых аб’ектаў, навукова-асветніцкую і адукацыйную работу. Штогод установа ўдзельнічае ў рэспубліканскім праекце “Ноч музеяў”, падчас якога прапануе экскурсію па падзямеллі калегіума. 

Акрамя як пра захаванне і ўдасканаленне пастаянных экспазіцый, калектыў скарбніцы рупіцца пра стварэнне часовых выстаў. Сярод найбольш запатрабаваных у наведвальнікаў — “Пінск і ваколіцы”, “Дзіва Палесся”, “Цуд навагодняй цацкі” ды іншыя. Падобныя праекты дазваляюць падтрымліваць цікавасць нават заўсёднікаў музея. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота аўтара