У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі спектакляў патрыятычнай тэматыкі больш, чым у якім іншым. А нядаўна рэпертуар папоўніўся яшчэ адным — пастаноўкай “Хатыня” пра трагедыю гэтага і іншых паселішчаў, спаленых у вайну.
Шырока вядомы крыху іншы варыянт геаграфічнай назвы — Хатынь. Але ж самі жыхары называлі сваю вёску Хатыня. Пагадзіцеся, такая версія больш мілагучная, працяглая. Замест двух складоў — тры, і гэта дакладней адпавядае беларускаму маўленню з яго імкненнем да галосных, што забяспечваюць мове пявучасць. Увесь спектакль атрымаўся такім жа “пявучым”, паэтычным, запаволеным, нягледзячы на экспрэсіянісцкую тэматыку і жанравае азначэнне — “прадчуванне трагедыі”.
У аснову пакладзены сапраўдныя падзеі, памастацку паднесеныя ў аповесці “Жаваранкі над Хатынню”. У гэтым творы, што з’явіўся ў 1970-я, шмат увагі нададзена часу, што папярэднічаў трагедыі, і акцэнтуюцца не знешнія падзеі, а ўнутраны свет герояў, іх жыццё, думкі, памкненні. А яшчэ — сны, што аказваюцца прарочымі. Да аповесці ўжо звяртаўся паэт і журналіст Зміцер Арцюх, прапанаваўшы сваю п’есу “Жаваронкі”. Але гэтым разам сцэнічную адаптацыю рабіў сам рэжысёр-пастаноўшчык — Аляксандр Бародка. Сціслая, кампактная, яна ўлічвае асаблівасці тэатральнай дзеі, аддаючы перавагу паказу, а не аповеду. Тэксту зусім нямнога, ды пры ўсіх скарачэннях дабаўлены сухія інфармацыйныя фрагменты. Такія паведамленні, мінімальныя па аб’ёме (літаральна пара сказаў), узмацняюць дакументальнасць і выводзяць дзеянне на ўзровень гістарычных абагульненняў. У спектакль уплецены народныя песні, што выконваюцца ў аўтэнтычнай манеры і, як заўжды ў гэтым тэатры, жыўцом. Яны не проста ўпрыгожваюць агульную фанасферу, а даюць усяму аповеду своеасаблівы пункт апоры — гэта тая духоўная спадчына, якую прыйшлі разбурыць гітлераўцы.
Мастачка Марына Алекна стварыла даволі рэалістычную і адначасова сімвалічную сцэнічную прастору. З аднаго боку — лес. З другога — вясковы падворак з драўляным плотам. Толькі агароджа не з габляваных дошак, а з доўгіх сухіх галін, пераплеценых між сабой, — тыповая для перадваеннай вёскі. З глядзельнай залы гэты закруглены астравок нагадвае гняздо — сімвал дому, сямейнага кола, хатняй абароненасці. Бо і назва Хатыня азначае хату, і адным з яркіх вобразаў-сімвалаў становяцца птушкі. У першай сцэне іх не бачна, чуецца цвіньканне. У фінале ж яны паўстаюць як атрыбут абраду. Вёска была спалена 22 сакавіка — акурат калі беларусы спраўляюць Гуканне вясны і з цеста робяць жаўрукоў, каб тыя хутчэй вярталіся з выраю дамоў. Аднак тут жаваранкі не печаныя, а папярова- празрыстыя, на нітачках. Душы спаленых людзей будуць развешваць фігуры птушак на дрэвах — каб вясна ўсё роўна прыйшла! Зіма тут асацыіруецца не з Калядамі, а са снегам, прынесеным ветрам. І той снег аказваецца попелам суседняй знішчанай вёскі.
Такія ж сімвалічныя і сцэнічныя строі. Звыклае адзенне носяць хіба партызан Кузьма (Уладзіслаў Віленчыц) і яго антаганіст — стараста Гнат (Алесь Ніканенка), што прыслужвае ворагу. Ва ўсіх астатніх зверху накінуты лёгкія напаўпразрыста-белыя плашчы-халаты. З самага пачатку спектакля гэта ўжо не жывыя людзі, а спаленыя — гэта душы, што распавядаюць пра сябе, свае няспраўджаныя мары.
Перад намі з’яўляюцца асобныя вяскоўцы, і іх сумесны партрэт становіцца псіхалагічным зрэзам некалькіх пакаленняў. Адась (Сцяпан Краўчук) і Марыся (Юлія Гружэўская ці ў іншым складзе Юлія Лазоўская) — закаханыя падлеткі, якія маглі б ажаніцца, выхоўваць дзяцей, а потым і ўнукаў. Лёкса (Арсеній Луцкі) — тонкая паэтычная натура, надзеленая пантэістычным светаўспрыманнем. Ён мог бы ўзрасці да сапраўднай творчай асобы з добра развітой фантазіяй і спагадлівым сэрцам. Людзі сярэдняга і старэйшага пакаленняў маглі б падтрымліваць моладзь, заставацца вытокамі мудрасці. Дзед Карабан (каларытны Канстанцін Воранаў ці Ігар Сідорчык), падобна на тое, заспеў яшчэ Першую сусветную. Васіль (Сяргей Шымко) таемна дапамагае партызанам, а не толькі займаецца гаспадаркай. Яго жонка Адэля (Надзея Цвяткова ці Вераніка Буслаева) вечна ў клопатах пра дзяцей. Бабка Тэкля (Ганна Анісенка), здараецца, пагарачыцца і скажа чаго залішняга, але ж выступае захавальніцай народных традыцый. Стэфа з суседняй спаленай вёскі (Галіна Чарнабаева) страціла розум пасля таго вогнішча, але яе блытаныя выказванні ўспрымаюцца як глыбока сімвалічныя папярэджанні. Тэкля і Стэфа — быццам адбіткі адна адной, адлюстраванні абагульненай гераіні да і пасля жудаснай падзеі. Невыпадкова ў розных складах гэтыя артысткі змяняюцца між сабой.
Сцэна спалення вырашана вельмі проста і ціха, без аніякіх экспрэсіянісцкіх фарбаў. Вакол “гнязда”, унутры якога стаяць бязмоўныя вяскоўцы, Гнат складае штосьці накшталт шалаша з самых доўгіх галін. Персанаж апраўдвае сябе тым, што толькі выконвае загад. Знаёмыя словы! А сукаватыя палкі загараюцца чырвоным, адліваюць чорным, пакуль не згаснуць цалкам. Тое чарноцце пераклікаецца з белымі напаўпразрыстымі стваламі дрэў, становіцца іх супрацьлеглым полюсам і вымушае згадаць іншы пажар — лясны, у самым пачатку спектакля, калі маланка ўдарыла ў хвою. Два вогнішчы, вырашаныя прынцыпова рознымі светлавымі эфектамі, утвараюць своеасаблівую арку. А сасна ў полымі прадказвае і без таго вядомы фінал.
Фашысты ў спектаклі не з’яўляюцца. Мы толькі з трывогай чуем упэўнены грукат іх каваных ботаў — і пагружаемся ў няўмольна катастрафічнае чаканне бязлітаснасці. Ды і ўвесь спектакль атрымаў жанравае азначэнне “прадчуванне трагедыі”, што разам з душамі-прывідамі, якімі мы бачым герояў, дыктуе дзеі амаль містычную, гіпнатычную запаволенасць…
Тэатр распачаў 33-і сезон, назваўшы яго “Сезон пазнанняў”. Лагатыпам абрана папараць-кветка, якую калектыў лічыць за “сімвал пазнання новага”. “Лісце папараці — як бясконцы зварот да сябе, то-бок самапаглыбленне, самавывучэнне, палаючая кветка ўнутры — як росквіт, энергія і жыццё”. Сапраўды, наперадзе шмат цікавага!
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра