Беларускія жывапісцы выказалі свае адносіны да вар’яцтва, імя якому — вайна. Выстава “Жывыя, пакуль памятаем” створана па выніках пленэру, прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Беларусі і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. У пленэры ўдзельнічалі члены Беларускага саюза мастакоў, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — усяго 12 аўтараў. Жывапісцы наведвалі мемарыяльныя комплексы на месцах канцэнтрацыйных лагераў і спаленых вёсак, вывучалі гістарычныя факты аб Вялікай Айчыннай вайне. Уражанні ўвасобіліся ў партрэтах і сюжэтна-тэматычных палотнах, прысвечаных падзеям вогненных гадоў.
Мастакі прадставілі партрэты дзяцей вайны, вымушаных змагацца за жыццё, карціны-прысвячэнні героям беларускага супраціўлення. Адлюстраваны і мемарыяльныя комплексы, на месцах якіх былі канцэнтрацыйныя лагеры, лагеры ваеннапалонных, спаленыя вёскі.
Маладая мастачка Аляксандра Чудакова
Уражанне ад убачанага — быццам токам па нервах. Вось пазітыўныя рознакаляровыя класікі на асфальце: ах, маленства-маленства! А вышэй — босыя ножкі ў кайданах. Ком у горле… Марыя Кручкова, “Так скончылася дзяцінства”.
Малюначкі, паўпрыкрытыя туманам. Просценькія, наіўныя: конік, тата, утаймавальнік тыграў. Нехта з маленькіх аўтараў мог бы стаць вялікім мастаком. Або дрэсіроўшчыкам. Або касманаўтам. Папяровы караблік — сімвал надзей. Няздзейсненых. Нацысцкія садысты выпампоўвалі з дзяцей кроў для сваіх салдат… Адводзіш вочы. Слёзы выціраеш не крадком: тут плакаць не сорамна. Марта Шчэрбіч, “Мемарыяльны комплекс «Красны Бераг»”.
— Перад студэнтамі, што ўдзельнічалі ў пленэры, стаяла няпростая задача — пераасэнсаваць, прапусціць праз сябе трагедыю і зрабіць твор, які б адпавядаў узроўню дарослага, сфарміраванага мастака. Аўтарам прац, што тут прадстаўлены, гэта ўдалося: палотны атрымаліся сур’ёзныя. Маладое пакаленне, якое, дзякуй богу, не бачыла вайны, асэнсавана перадало жах тых пакут, гора і болі, што зведалі нашы продкі, — адзначыў дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч. — Я спакойны за будучыню беларускага мастацтва. Рады, што наш цэнтр робіць унёсак у станаўленне маладых творцаў.
— Першы паказ праекта адбыўся 11 ліпеня ў рамках ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Зараз экспазіцыя даступная ў НЦСМ. Спадзяюся, яе змогуць убачыць і ў іншых гарадах краіны, — распавядае дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння Аляксандр Госцеў, дзякуючы якому ўдзельнікі пленэру папрацавалі ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец”. — Аўтары работ па-сапраўднаму прасякліся тэмай. Я быў сведкам таго, як мастакі наведвалі крыпту храма-помніка ў гонар Усіх Святых, дзе знаходзіцца прах ахвяр Трасцянецкага лагера смерці, і наколькі гэта ўзрушыла творцаў. Іх эмоцыі знайшлі яркае адлюстраванне на палотнах.
Аўтар дыптыха “Забыццю не падлягае” і карціны “Вечная памяць” — Аляксандра Чудакова, студэнтка 6 курса Акадэміі мастацтваў. Дзяўчына — актыўная ўдзельніца беларускіх і замежных выстаў, лаўрэат розных конкурсаў. Цяперашні пленэр лічыць добрай магчымасцю пашырыць гарызонты і ўдасканаліць навыкі.
"Мемарыяльны комплекс «Азарычы»". Кацярына Друян
— Наведванне кожнай мясціны стала сапраўдным узрушэннем. Неймаверна ўразіў манументальнасцю і трагічным пасылам мемарыял “Азарычы”. Гісторыя лагераў смерці ў Азарычах адлюстроўвае адно з самых гнюсных злачынстваў фашысцкіх захопнікаў, здзейсненых на беларускай зямлі. Тут упершыню была масава прыменена бактэрыялагічная зброя — узбуджальнік сыпнога тыфу. Немагчыма без слёз знаходзіцца і ў мемарыяльным комплексе “Боркі”, прысвечаным памяці спаленых вёсак Магілёўшчыны. Жах трагедыі ўвасабляюць скульптурныя кампазіцыі ды іншыя элементы: вуліца з фрагментамі абгарэлых сцен дамоў, пакінутыя ў іх рэчы як сімвал раптоўнага сканчэння мірнага жыцця і безабароннасці перад нечалавечай жорсткасцю... Бачыць усё гэта было надзвычай цяжка. Але менавіта таму мае боль, гнеў, суперажыванне, нянавісць нібы самі выліваліся на палатно...
"Мемарыяльны комплекс «Боркi»". Марта Шчэрбiч
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, мастак Сяргей Крыштаповіч:
— Дзяцінства нашага пакалення было напоўнена ўспамінамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Мой бацька ў 14 гадоў пайшоў у партызаны. Потым да нас дамоў часта прыязджалі яго баявыя таварышы. Іх апавяданні фарміравалі разуменне, якое ж гэта шчасце, калі свеціць сонца і неба над табой мірнае.
Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка:
— Мы цесна супрацоўнічаем з НЦСМ. Заўсёды рады бачыць новыя праекты калег. Экспазіцыя “Жывыя, пакуль памятаем” патрабавала тытанічнай працы. Выстава ўзрушае глыбінёй твораў і выклікае вельмі шмат моцных эмоцый.
Марына Вашкевіч, загадчыца аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы мемарыяльнага комплексу “Хатынь”:
— Сёння, калі робяцца спробы перапісаць гісторыю, надзвычай важна захаваць праўду пра Вялікую Айчынную вайну, пра подзвіг старэйшых пакаленняў і перадаць яе нашым дзецям. Мір на зямлі немагчымы без гістарычнай памяці.
Ганна Жарская, навуковы супрацоўнік мемарыяльнага комплексу “Хатынь”:
— Кожнае наша апавяданне наведвальнікам павінна быць эмацыйным — каб убачанае і пачутае кранала людзей, прымушала задумацца. А такія выставы дазваляюць нам самім яшчэ больш прапусціць праз сябе ўсё, што адбывалася ў ваеннае ліхалецце, і натхніцца на пошук і вывучэнне новых фактаў, складанне яшчэ больш пазнавальных экскурсій.
Ксенія Колабава, другакурсніца Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ:
— Мы, маладыя, проста абавязаны памятаць, якой цаной далася нашым дзядам Перамога. Памятаць і быць удзячнымі!
Святлана ЧЭКАЛАВА
Фота аўтара