На варце памяці

Апублiкавана: 12 верасня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: Аўтары

Прыцягненне наведвальнікаў, праца з фондамі, рэстаўрацыя і брэндавыя мерапрыемствы. Аб праблемах і перспектывах музейнай сферы гаварылі на чарговым пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры.

Адкрываючы сход, першы намеснік міністра Валерый Грамада сказаў: у цэлым дзяржаўныя музеі дэманструюць станоўчую дынаміку фінансава-эканамічнай дзейнасці. Напрыклад, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” за першае паўгоддзе значна перавыканаў паказчыкі. Установу наведала каля 350 тысяч чалавек. Сярод рэгіянальных арганізацый у лідарах мемарыяльны комплекс “Хатынь” і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. 

Акрамя таго, па выніках працы за апошнія два гады на Рэспубліканскую дошку Гонару заносілі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гомельскі музей ваеннай славы. Вядучыя ўстановы дэманстравалі свае праекты на ВДНГ у Маскве ў рамках прэзентацыі культурнага патэнцыялу Беларусі. 

Падчас пасяджэння калегіі

Валерый Грамада звярнуў увагу, што дзяржава аказвае магутную падтрымку музеям. Прыкладам, на рэстаўрацыю Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея накіравана каля 36 мільёнаў рублёў, Косаўскага палацава-паркавага комплексу — больш за 35 мільёнаў рублёў. Разам з тым перад арганізацыямі стаіць задача павялічваць долю ўласных даходаў. Таксама актуальнае кадравае пытанне: у музейнай сферы патрэба ў супрацоўніках большая, чым у сярэднім у галіне культуры. Асабліва востра гэтая праблема адчуваецца на Гомельшчыне і ў Мінску. 

АПЯРЭДЖВАЮЧЫ ПЛАНЫ 

— Сучасным беларускім музеям удаецца падтрымліваць баланс паміж захаваннем традыцый і імкненнем да інавацый. Установы ідуць у нагу з часам, не здраджваючы прызначэнню. Гэта дазваляе зберагаць кантакт з людзьмі і прыцягваць маладую аўдыторыю, — падкрэсліла ў сваім дакладзе начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч

Асноўны паказчык у музейнай справе, устаноўлены Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2021— 2025 гады, — колькасць наведванняў на тысячу чалавек насельніцтва. Летась ён быў перавыкананы: 829 наведванняў на тысячу чалавек. Другі мэтавы паказчык — доля алічбаваных музейных прадметаў. Калі ў 2020-м яна складала толькі 9 %, то па выніках мінулага года — каля 25 %. Разам з тым калегія пастанавіла да канца 2024-га распрацаваць метадычныя рэкамендацыі па алічбоўцы прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь. 

УЛАСНЫ ЗАРОБАК 

Летась вырасла доля пазабюджэтных даходаў у агульным аб’ёме фінансавання. Лідары па заробленых сродках — Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, музей “Замкавы комплекс «Мір»” і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Найбольшы пазабюджэтны даход сярод рэгіянальных устаноў атрымалі Косаўскі палацава-паркавы комплекс, музей “Бездзежскі фартушок”, Музей Марка Шагала ў Віцебску, Карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі ў Гомелі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Лідскі гісторыка-мастацкі музей, Музей-сядзіба М. К. Агінскага ў Залессі і Жыліцкі гістарычны комплекс-музей. 

Заваяваць аўдыторыю розных катэгорый дапамагаюць брэндавыя мерапрыемствы. Прыкладам, у Нясвіжы да славутых “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” дадаліся праекты “Джаз у горадзе Н.”, “Нясвіж Хрыстоў запрашае”, “Вяртанне да тэатральных вытокаў”. Яны ўжо сталі традыцыйнымі. Афішу ў Мірскім замку дапоўнілі выступленні Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, канцэрты лаўрэатаў Рэспубліканскага адкрытага фестывалю-конкурсу класічнай музыкі “Музычны Мір”. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту штосуботу запрашае на абрадавыя імпрэзы. 

Каб прыцягнуць наведвальнікаў, скарбніцы прымяняюць новыя формы працы, ладзяць інтэрактыўныя заняткі, ствараюць студыі па інтарэсах. Варта згадаць і акцыю “Ніхто не забыты. Нішто не забыта”, у межах якой можна бясплатна наведаць усе музеі рэспублікі 9 мая. Адмысловы дзень бясплатнага візіту ўстаноўлены і для школьнікаў. Такая магчымасць з’явілася ў новага пакалення дзякуючы пагадненню паміж Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі. 

Эфектыўнасць паказалі і анлайн-трансляцыі выстаў ды віртуальныя экскурсіі. Для замежных турыстаў укараняюць аўдыягіды на англійскай, нямецкай, кітайскай і іншых мовах. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць і ў тым, каб зрабіць культурныя паслугі больш даступнымі для людзей з інваліднасцю. 

БАЛЮЧЫЯ КРОПКІ 

Асаблівай увагі патрабуе праца з фондамі. Улік музейных прадметаў ажыццяўляецца з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы, праз якую вядзецца электронны каталог. На пачатак гэтага года ў яго было ўнесена больш за тры чвэрці ўсяго музейнага фонду краіны. Аднак не кожная ўстанова трымаецца належнага тэмпу работы. 

Як адзначыла Ірына Карповіч, актуальным застаецца пытанне кансервацыі і рэстаўрацыі музейных аб’ектаў. У сувязі з гэтым калегія вырашыла да пачатку снежня распрацаваць план рэстаўрацыйных работ для прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, на 2025—2027 гады. 

Таксама на кантролі ведамства — праблема недакладнай і скажонай падачы гістарычных фактаў у экспазіцыйных прасторах. Такія выпадкі выяўлены ў некаторых рэгіянальных музеях, у тым ліку дзякуючы зваротам грамадзян. З гэтай прычыны варта ўдзяліць асаблівую ўвагу супрацоўнікам, якія ўзаемадзейнічаюць з наведвальнікамі, і правесці іх дадатковае навучанне і атэстацыю.

Згодна з ранейшым пастанаўленнем калегіі Міністэрства культуры, арганізавана 105 экспазіцый, прысвечаных развіццю Беларусі ў другой палове ХХ — ХХІ стагоддзі. Яшчэ 26 рыхтуюцца да адкрыцця сёлета. Таксама апошнім часам разам з Генеральнай пракуратурай вялася мэтанакіраваная праца па стварэнні экспазіцый аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аднак некаторыя рэгіёны адстаюць у гэтай справе. 

ДРУГОЕ ЖЫЦЦЁ 

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава паведаміла аб арганізацыі работы рэспубліканскага рэстаўрацыйнага цэнтра на базе ўстановы. Аддзел навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў ажыццяўляе рэстаўрацыю і кансервацыю алейнага і тэмпернага жывапісу, паліхромнай скульптуры, мэблі, металу і керамікі, тканін, старадрукаваных кніг і графікі. Установа не толькі працуе з прадметамі з уласных фондаў, але і аказвае паслугі іншым арганізацыям і фізічным асобам. Высокі прафесіяналізм работнікаў і магутная матэрыяльна-тэхнічная база дазваляюць выдатна спраўляцца з самымі складанымі задачамі. Сярод заказчыкаў — музей “Замкавы комплекс «Мір»” і іншыя скарбніцы нашай краіны. 

У залах Нацыянальнага мастацкага музея

ВОПЫТ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ 

Аб дзейнасці па развіцці музейнай справы ў рэгіёне расказаў дырэктар Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава Віктар Анненкаў. Установа наладзіла сістэму куратарства. Такім чынам, за кожным раённым музеем замацаваны вопытны спецыяліст. Працуюць і мабільныя групы, якія выязджаюць у розныя куткі Магілёўшчыны, каб выявіць праблемныя пытанні і дапамагчы ў іх рашэнні. 

Як падкрэсліў Віктар Мікалаевіч, важная форма павышэння кваліфікацыі — семінары-практыкумы. Апошнім часам абласны краязнаўчы музей зладзіў заняткі, прысвечаныя ўліку, захаванню, алічбоўцы і ацэнцы музейных прадметаў, адлюстраванню генацыду беларускага народа ў экспазіцыях, методыцы правядзення экскурсій, іншым тэмам. 

Музейная сетка Магілёўшчыны прырасла новымі знакавымі аб’ектамі. Сярод іх — Мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах, экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе ў вёсцы Боркі, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, экспазіцыя аб гісторыі фестывалю “Александрыя збірае сяброў”. Цяпер вядуцца працы над будучай экспазіцыяй Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея, які размесціцца ў рэканструяваным асабняку — помніку драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя. Адмыслоўцы працягваюць шчыраваць і над Музеем Славы Магілёўшчыны на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. 

У залах Нацыянальнага мастацкага музея

Ва ўсіх установах рэгіёна адкрыты раздзелы і выставы аб генацыдзе беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну. Пры іх стварэнні навуковыя супрацоўнікі актыўна карысталіся найноўшымі вынікамі расследавання Генеральнай пракуратуры. Таксама ўсе музеі Прыдняпроўскага краю прэзентавалі экспазіцыі “Беларусь ХХІ стагоддзя”, што адлюстроўваюць станаўленне нашай дзяржаўнасці, сучасныя дасягненні ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, спорце і іншых сферах. 

Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усе музеі вобласці аб’ядналі намаганні для стварэння праекта “80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны”. Эксперты адабралі найбольш выбітныя прадметы для часовай экспазіцыі. 

РАШЭННІ НА ПЕРСПЕКТЫВУ 

Падчас пасяджэння калегіі Міністэрства культуры таксама выступілі іншыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў, кіраўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных музеяў. Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі распавёў пра выкананне сацыяльна-эканамічных і прагнозных паказчыкаў музеямі вобласці. Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская паведамілі аб мерах па павышэнні долі ўласных даходаў устаноў і павелічэнні заработнай платы. 

Для ліквідацыі выяўленых парушэнняў, выканання сацыяльна-эканамічных і прагнозных паказчыкаў, а таксама для далейшага развіцця музеяў калегія Міністэрства культуры рашыла прыняць шэраг захадаў. Сярод іх — правядзенне рэспубліканскага навукова-практычнага семінара для галоўных захавальнікаў фондаў, стварэнне метадычных рэкамендацый. 

Актывізаваць варта і міжнароднае супрацоўніцтва, у прыватнасці з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. За апошнія тры гады ўжо рэалізаваны цэлы шэраг знакавых выставачных праектаў, навуковых і дзелавых праграм. Таксама перад арганізацыямі пастаўлена задача забяспечыць рост пазабюджэтных даходаў не менш чым на 9 % да ўзроўню мінулага года, павысіць сярэднямесячны заробак супрацоўнікаў музеяў і аб’ём пазабюджэтных даходаў, што накіроўваюцца на стымулюючыя выплаты.