Модны міф і рэальны рарытэт з Глуска

Апублiкавана: 11 верасня 2024 Стужка Музеі Магілёў і вобласць

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

У Глускім раённым гісторыкакраязнаўчым музеі з’явіўся новы ўнікальны экспанат. Гэта незвычайны ткацкі станок, на якім з асінавай стружкі выраблялі палатно для капелюшоў, штор, каробак на цукеркі. З рарытэтам звязана шмат міфаў. Некаторыя мы сёння развянчаем.

Гісторыя бярэ пачатак у 2021 годзе. Тады ў мясцовым Доме рамёстваў адшукалі брыкеты асінавай стружкі, сплеценай уручную касічкай. Усяго каля 10 штук. У кожным прыблізна 25 скруткаў, якія ўтрымлівалі па 12 метраў тонкай стужкі. Знаходку перадалі музейшчыкам, і аказалася, што гэта сыравіна для спартры — тканай асновы многіх цікавых рэчаў. 

Глускі раённы гісторыка-краязнаўчы музей правёў вялікую працу. У выніку з’явілася экспазіцыя пра ўнікальную вытворчасць, якая больш за 100 гадоў таму прынесла невялікаму беларускаму гарадку шырокую вядомасць. Першапачаткова былі прадстаўлены фрагменты ткацкага станка, самаробная прылада для здабывання стружкі, прасік для яе выраўноўвання, гатовыя палатно і пачак сплеценай уручную асінавай стружкі. А яшчэ — фатаграфіі розных гадоў і інфармацыя пра тое, як у Глуску ўзнікла вытворчасць спартры. 

Дырэктар музея Наталля Акуліч распавяла, што выраб “палатна з раслінных валокнаў” (такое азначэнне слова “спартры” дае французскі слоўнік сярэдзіны ХІХ стагоддзя) у Глуску наладзіў перасяленец з Германіі. Па адных дадзеных, у 1905 годзе. Па іншых — у 1897-м. 

А было гэта так. Прыехаў немец у Глуск, убачыў тамашнія асіны і зразумеў: трэба пачынаць бізнес. Прывёз з-за мяжы станкі і адкрыў вытворчасць, якая карміла мясцовых жыхароў яшчэ 80 гадоў. Ідэя аказалася вельмі прыбытковай, уся прадукцыя вывозілася ў Германію. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўладальнік вярнуўся на радзіму, прадаўшы абсталяванне нейкаму Кушнеру. У 1921-м мануфактуру нацыяналізавалі. Праз некаторы час глускіх майстроў- саматужнікаў аб’ядналі ў арцель, а спартры стала хадавым таварам ужо ў СССР. 

Пра тое, каб займець ткацкі станок цалкам, работнікі музея марылі некалькі гадоў. Іх натхняльныя аповеды пра ўнікальную мясцовую вытворчасць моцна ўражвалі наведвальнікаў. І неяк адзін з іх падзяліўся доўгачаканай весткай: “Бачыў нешта падобнае ў хляве ў знаёмага!”

 

Ткацкі станок для вытворчасці спартры з асіны 

Станок адшукалі на падворку Васіля Савончыка ў вёсцы Зарэчча Глускага раёна. На прыладзе захаваліся інвентарны нумар 113 і надпіс ад рукі на станіне: “Зоя Васільеўна”. Ёсць і кляймо з датай вытворчасці — 1926 год. Значыць, у канцы 1920-х у ткацкай арцелі ў Глуску было не менш за 113 станкоў, і ўсе яны выраблялі спартры. 

— Знаходка адрэстаўравана намі. Выглядае амаль як новая, — кажа Наталля Акуліч. — Яна вельмі падобная на звычайны ткацкі станок, але з асаблівасцямі, бо замест нітак выкарыстоўвалася асінавая стружка рознай таўшчыні. 

Па словах дырэктара музея, ідэя адрадзіць у Глуску вытворчасць спартры з асіны як традыцыйнае рамяство ўжо агучвалася. Аднак рэалізацыя задумы пакуль немагчымая. Па-першае, у адрэстаўраваным ткацкім станку не хапае многіх дробных дэталей. Ён можа выкарыстоўвацца выключна як музейны экспанат — і ў такой якасці ўяўляе вялікую каштоўнасць. 

Хор глускай арцелі "Спартры", 1937 год

Па-другое, цалкам страчана тэхналогія вытворчасці сыравіны. Калісьці мужчыны стругалі наразалі асіну тонка, як паперу. Сёння такіх майстроў у раёне няма. 

Але вернемся да знаходкі, якая ўпрыгожыла экспазіцыю. Як рарытэт апынуўся ў хляве вясковага дома? Дакладнага адказу пакуль няма. Уладальнік, які перадаў прыладу ў музей, нічога не ведае, акрамя таго, што яго маці калісьці была ткачыхай і працавала ў арцелі на такім станку. 

З адноўленай глускімі музейшчыкамі гісторыі прадпрыемства вядома, што падчас Вялікай Айчыннай вайны абсталяванне разабралі і схавалі ад фашыстаў мясцовыя жыхары. Мо так адбылося і з гэтым станком? Ці яго зберагла дома пасля закрыцця вытворчасці і спісання ў 1980-я руплівая гаспадыня? Загадку яшчэ трэба разгадаць.

А пакуль развянчаем міфы, якія склаліся вакол спартры з Глуска. Існуе меркаванне, быццам з гэтага палатна рабілі валізкі. Не, не рабілі. 

Арцель “КІМ”, з якой у 1960-м вырас цэлы прамкамбінат, была шматпрофільным прадпрыемствам. Яно выпускала шырокі асартымент прадукцыі: цэглу, ганчарныя, сталярныя і швейныя вырабы, пясчаныя блокі, разнастайную мэблю, валізкі і спартры. Усё гэта стваралася рознымі цэхамі. І няма ніякіх сведчанняў, што глускія валізкі былі з асінавага палатна. 

Гэтак жа, як няма ніякіх доказаў другога міфа — пра тое, што модніцы ўсяго СССР у 1920-я бліскалі галаўнымі ўборамі з глускай асіны... На карысць гэтага вельмі спрэчнага сцвярджэння прыводзяцца спасылкі на п’есу Міхаіла Булгакава “Зойчына кватэра” (1926) і раман Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова “Дванаццаць крэслаў” (1928), дзе згадана спартры. Вось толькі аўтары сенсацыі, якая разышлася ў беларускім сегменце інтэрнэту, мабыць, класікаў чыталі не зусім уважліва. Упамінанні спартры і ў п’есе, і ў рамане звязаны з апісаннем швейных майстэрняў, а не свецкіх раўтаў, як можна было б падумаць. 

Ніна Шум (Шапко) адпрацавала ткачыхай спартры ўсё жыццё

Нават павярхоўнае вывучэнне тэрміна “спартры” і гісторыі моды не пакідае ад міфа каменя на камені. Па-першае, з пачатку ХІХ стагоддзя ў рускіх, нямецкіх і французскіх слоўніках слова мае дакладнае азначэнне — “палатно з раслінных валокнаў”. З любых раслінных! З трысняговых або саламяных, напрыклад. Таму ў фразе “па вуліцах Ялты шпацыраваў мужчына ў капелюшы са спартры” гаворка зусім не абавязкова аб высокай модзе з Глуска. Фарсун, хутчэй за ўсё, прагульваўся ў саламяным галаўным уборы. Але ў творах класікаў такіх слоў няма. Размова пра спартры ідзе ў кантэксце дзейнасці капялюшных атэлье. 

А гісторыя моды даводзіць, што гэтая жорсткая тканіна па сёння выкарыстоўваецца як каркас пры вырабе складаных і вычварных галаўных убораў. Зверху спартры абцягваюць нейкім высакародным матэрыялам. Напрыклад, аксамітам. І зноў жа, ніхто не кажа, што палатно абавязкова асінавае. 

Таму глускіх музейшчыкаў чакае шмат цікавых адкрыццяў — у першую чаргу тых, якія распавядуць, для чаго на самай справе выкарыстоўвалася спартры менавіта з асіны. Для гэтага, мабыць, прыйдзецца скласці і старанна вывучыць спіс спажыўцоў прадукцыі мясцовых арцелі і прамкамбіната… 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва музея