Урачыстая сустрэча, прымеркаваная да 55-годдзя з дня заснавання легендарнага ансамбля “Песняры”, адбылася 3 верасня.
Успамінамі пра стваральніка, мастацкага кіраўніка і нязменнага лідара калектыву Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна прыйшлі падзяліцца былыя калегі і дочкі знакамітага музыканта.
У скверы імя Уладзіміра Мулявіна сабраліся і тыя, хто зрабіў каласальны ўнёсак у справу захавання памяці аб таленавітым творцы і яго спадчыне. Гэта Аляксандр Каструкоў — аўтар помніка Уладзіміру Мулявіну, Міхаіл Маруга — фатограф калектыву, Уладзімір Арлоў — рэжысёр фільма “Песняры”, ды іншыя. “З некаторымі прысутнымі мы сталі як родныя”, — заўважыў адзін з сузаснавальнікаў гурта Уладзіслаў Мысевіч.
Гасцей віталі словамі, напісанымі калісьці заслужаным артыстам БССР і бас-гітарыстам ансамбля Леанідам Тышко: “На золотом крыльце сидели: / Царь, царевич, король, королевич, / Мулявин, Мисевич, Тышко, Борткевич, / Яшкин Валера, Мулявин Валера, / Демешко Саша — и молодость наша”. Лёсавызначальная для іх падзея — зараджэнне “Лявонаў” — адбылася 1 верасня 1969 года ў сценах Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Менавіта тады гурт атрымаў статус самастойнага вакальна-інструментальнага ансамбля.
— Філармонія — гэта перш за ўсё таленавітыя асобы ды іх дзівосныя праекты. І ўся Беларусь багатая на адораных творцаў. Сёння любы калектыў, які робіць адсылкі да спадчыны “Песняроў”, збірае поўныя залы. Яна назаўжды ў нашых сэрцах, — адзначыў у прамове генеральны дырэктар установы Аляксандр Мікіта.
Важным крокам да ўвекавечвання памяці пра легендарны ансамбль стала стварэнне ў 2003-м музея на базе філармоніі. Гэта ўнікальнае месца, дзе можна ўбачыць асабістыя рэчы, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы кіраўніка і яго паплечнікаў.
— На працягу 20 гадоў мы захоўваем успаміны аб вялікім творцы. Дзякую тым, хто наведвае экспазіцыю, — сказала загадчык музея Вольга Касцюковіч.
Значны ўнёсак у праслаўленне неўміручага імя здзейсніла і Людміла Крушынская — аўтар выданняў “Нота судьбы” і “Владимир Мулявин. «Сэрцам і думамі...»”.
— Першая кніга пра Уладзіміра Георгіевіча выйшла адразу пасля яго сыходу з жыцця ў пачатку 2004 года. Я сапраўды перажыла ўвесь боль і ўсе перамогі, якія тычыліся “Песняроў”, калі дакранулася да гэтых матэрыялаў. Хачу пажадаць вам “маліцца і сэрцам, і думамі за родны народ Беларусі”. Маліцца шчырымі словамі любві да Айчыны, дзякуючы Янку Купалу, Алегу Молчану, “Песнярам” і найперш Уладзіміру Мулявіну, — звярнулася да публікі аўтар.
Успамінамі падзяліліся і нашчадкі народнага артыста — дочкі Марына і Вольга.
— Упэўнена, што яго музыка будзе гучаць яшчэ вельмі доўга. Мы слухаем Моцарта, Баха і будзем слухаць Мулявіна! У мяне сёння запытвалі, што натхняла бацьку. Цяжка адказаць, калі не з’яўляешся творцам такога ўзроўню. Адзінае, што магу адзначыць: без любові так не пішуць, — сказала Марына Уладзіміраўна.
За час існавання, як заўважыла Вольга Мулявіна, гурт стаў сапраўдным брэндам краіны, які неабходна беражліва захоўваць на карысць маладым пакаленням беларусаў. Завяршылася сустрэча папуры з рэпертуару “Песняроў”, якое выканалі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка і музыкант Аляксандр Мурашка.