Пад увагай Першага

Апублiкавана: 06 верасня 2024 Стужка Афіцыйна Віцебск і воблась

Аўтар: Аўтары

Лепельскаму раённаму краязнаўчаму музею моцна пашанцавала двойчы. У 2006 годзе мясцовыя ўлады вырашылі перадаць установе гісторыка-культурную каштоўнасць трэцяй ахоўнай катэгорыі. У 2021-м фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзеліў больш за паўмільёна рублёў, каб прывесці гэты аб’ект у належны выгляд.

Гаворка ідзе пра помнік архітэктуры — былы вінаачышчальны склад 1897 года. Грандыёзны будынак плошчай 1359 квадратных метраў у цэнтры Лепеля шмат што пабачыў на сваім вяку. Пасля склада тут была земская ўправа. Затым — педагагічны тэхнікум, цэнтр дзіцячай творчасці. Гісторыяй прасякнута кожная цаглінка архітэктурнага помніка. Для многіх пакаленняў лепяльчан гэты аб’ект нараўне з тутэйшымі касцёлам і электрастанцыяй — адзін з галоўных сімвалаў горада. 

— Рамонт і рэстаўрацыя гістарычнай пабудовы мелі велізарнае значэнне для ўсяго краю, — лічыць загадчыца сектара культуры Лепельскага райвыканкама Алена Барадзейка. — Да завяршэння прац наш музей размяшчаўся ў былой канторы Бярэзінскай воднай сістэмы. Гэта таксама цікавы гістарычны аб’ект, але занадта стары і зусім не прыстасаваны для захоўвання фондаў. Там не было ні каналізацыі, ні вады. Цяпер створаны самыя сучасныя ўмовы для супрацоўнікаў і наведвальнікаў Лепельскага раённага краязнаўчага музея. 

Паводле слоў адмыслоўца, горад атрымаў шыкоўны музейны будынак. Яго фондасховішча спраектавана так, каб забяспечыць патрэбы ўстановы на 20 гадоў наперад. Тут ёсць 11 залаў. У іх дзейнічаюць экспазіцыі, якія ўсебакова асвятляюць слаўнае мінулае краю і расказваюць пра гісторыю Бярэзінскай воднай сістэмы, прыроду і цікавыя асаблівасці Лепельшчыны. 

Алена Барадзейка адзначае, што музей атрымаў магчымасць дэманстраваць не асобныя прадметы, а цэлыя калекцыі, якія збіраліся дзесяцігоддзямі. Цяпер ва ўстанове ствараюць пяць новых пастаянных экспазіцый: “Лепельшчына ў 1920—1930-я гады”, “Вялікая Айчынная вайна на Лепельшчыне”, “Воінскія часці на Лепельшчыне ў перадваенны перыяд” (аб мінамётным і пяхотным вучылішчах, якія існавалі ў 1939—1941 гадах), “Зала воінскай славы і воінаў-інтэрнацыяналістаў”, “Пасляваенная гісторыя Лепельшчыны”. 

Загадчыца сектара культуры падкрэслівае, што будаўнічыя і рэстаўрацыйныя працы на гэтым аб’екце вяліся амаль 16 гадоў. З-за недахопу фінансавання здараліся замарозкі і кансервацыі праекта. Завяршыць яго дапамагла падтрымка Кіраўніка дзяржавы. 

На выдзеленыя ў 2021-м сродкі з фонду Прэзідэнта былі абсталяваны ўнутраныя інжынерныя сеткі вентыляцыі, а таксама выканана чыставое аздабленне памяшканняў, зроблены падлогі, унутраныя і вонкавыя дзвярныя блокі і агароджы лесвіц. Так, усяго праз год удалося ўвесці адрэстаўраваны помнік у эксплуатацыю. 

Па маштабе і стане комплекс будынкаў краязнаўчага музея сёння ўпэўнена ўваходзіць у тройку самых вялікіх архітэктурных славутасцей Лепельскага раёна. Гэта прыносіць не толькі духоўны плён. Паводле слоў Алены Барадзейка, значна павялічыўся паток турыстаў. Музеі Лепельшчыны за першае паўгоддзе 2024-га выканалі план платных паслуг на 193 % да аналагічнага перыяду мінулага года, у чым немалая заслуга менавіта адноўленага аб’екта.