Кро­кі да лю­бі­май спра­вы

Апублiкавана: 11 верасня 2024 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Атрымліваць асалоду ад кожнага моманту на сцэне і самааддана служыць музыцы — такімі прынцыпамі кіруецца магістрантка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алёна Кузняцова. Талент і працавітасць прынеслі 23-гадовай вакалістцы шэраг узнагарод на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Поспехі дзяўчыны адзначаны Гранд-прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Як дасягаць высокіх мэт, маладая артыстка распавяла ў інтэрв’ю.

— З чаго пачаўся ваш музычны шлях? 

— У шэсць гадоў у мяне з’явілася мара навучыцца граць на фартэпіяна, каб парадаваць маму. З бабуляй употайкі пайшлі на праслухоўванне ў музычную школу — і мяне прынялі. Так я адначасова пацешыла блізкага чалавека і зрабіла першы крок да любімай справы. Праз два гады абрала яшчэ і вакальны кірунак — запісалася на харавыя спевы. 

— Як падзеі развіваліся далей? Вы працягнулі вучобу ў творчым каледжы? 

— Сказала сабе: не хачу займацца музыкай. Паступіла ў Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта П. М. Машэрава на спецыяльнасць “Настаўнік пачатковых класаў”. Менавіта там я сустрэлася з педагогам па вакале Святланай Міхайлаўнай Агароднікавай. Яна настаяла на тым, каб я развівала творчыя здольнасці. З падачы выкладчыцы пайшла ў эстрадную студыю “Восьмая нота”, у якой займалася чатыры гады на працягу навучання. Я ўдзельнічала ў конкурсах, у тым ліку ў міжнародных, пачала прывозіць прызавыя месцы. На трэцім курсе ўсвядоміла, што ўсё ж хачу выбраць музычны шлях, і ўзялася за падрыхтоўку да паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Яго студэнткай стала ў 2020-м, выбрала спецыяльнасць “Музычнае мастацтва эстрады”. 

Мала валодаць тэхнікай — неабходна ўмець перадаваць эмоцыі публіцы. Слухача не падманеш.

— Як змянілася ваша жыццё пасля паступлення ва ўніверсітэт? 

— Я трапіла ў вакальную групу “Статус” пад кіраўніцтвам Яўгена Курчыча — і зрабілася пастаяннай удзельніцай галоўных дзяржаўных мерапрыемстваў нашай краіны, у тым ліку канцэртаў да Дня Незалежнасці, Дня Перамогі, Дня беларускага пісьменства, іншых значных свят. Раніцай вучоба, увечары выступленні. І такі тэмп мне спадабаўся. Актыўная канцэртная праца дапамагла не толькі ўдасканаліць майстэрства, але і завесці новыя знаёмствы, пабываць у розных кутках краіны. Цяпер шчырую па размеркаванні ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя У. Г. Мулявіна, выкладаю вакал дзецям у ансамблі “Заранак”. Заўсёды імкнуся данесці вучням, як важна разумець сэнс песень. Мала валодаць тэхнікай — неабходна ўмець перадаваць эмоцыі публіцы. Слухача не падманеш. 

— Вынікамі працаёмкай падрыхтоўкі становяцца вашы ўзнагароды. Пералічыце некаторыя з іх. 

— У 2021-м завочна выступіла на XV Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД і атрымала дыплом другой ступені. На наступных Гульнях у Таджыкістане заваявала срэбра і неўзабаве ўдастоілася Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У маёй скарбонцы таксама ёсць дыплом другой ступені Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, званне лаўрэата другой ступені Рэспубліканскага адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, Рэспубліканскага творчага конкурсу “Вытокі” і шмат іншых узнагарод.

— У ліпені вы выступілі на канцэрце “Саюзная дзяржава запрашае” ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску” разам з гуртом “Статус”. Ці не хацелася паспаборнічаць на гэтай маштабнай пляцоўцы ў конкурсе маладых выканаўцаў? 

— Такія думкі, вядома ж, ёсць. Разлічваю паспрабаваць сябе сольна ў конкурснай праграме. Быць запрошаным артыстам на мерапрыемствах у рамках “Славянскага базару” — вельмі ганарова. Кожны год Віцебск здзіўляе чымсьці новым, але адначасова дорыць адчуванне, што ты вярнуўся дадому. Сёлета ў нас быў выдатны нумар з найвялікшым кампазітарам Аляксандрам Зацэпіным — удзельнічалі ў папуры з яго песень. І як толькі абвясцілі наша выступленне, ужо адчувалася падтрымка гледачоў, а ў працэсе яны гучна падпявалі. Гэтыя эмоцыі немагчыма забыць! 

— Якія вашы планы ў найбліжэйшы час? 

— Пасля першай ступені вышэйшай адукацыі паступіла ў магістратуру па мастацтвазнаўстве. Мяркую не толькі паспяхова скончыць навучанне, але і развівацца сольна, выпускаць песні, радаваць публіку выступленнямі. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні