Акадэмія музыкі выпусціла лічбавы альбом “Беларускія партызанскія песні”, што складаецца з двух кампактдыскаў і змястоўнага буклета на беларускай, рускай і англійскай мовах. Ён дапоўнены фотаздымкамі, нотамі і словамі. Выданне стала 15-м у серыі “Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі”, падвёўшы вынікі шматгадовых пошукаў, запісаў і навуковага асэнсавання гэтай важнай часткі нацыянальнай спадчыны.
— Партызанскія песні, у адрозненне ад іншага фальклору, маюць вельмі кароткі тэрмін узнікнення — Вялікая Айчынная. Але яны выконваліся ў народзе, існавалі ў побыце яшчэ доўга, — распавяла Таццяна Канстанцінава, метадыст кабінета традыцыйных музычных культур Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат конкурсу “Топ-10” вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў (2022). — Штогод улетку мы ладзім студэнцкія музычна-этнаграфічныя экспедыцыі, у якіх запісваем узоры народнай творчасці. Партызанскія песні мы знаходзілі нават у 2014-м, і гэта сведчыць пра значнасць і трываласць феномена ў народным светаўяўленні. Яны ёсць часткай ваенных песень, часта перасякаюцца з імі, але маюць асаблівасці. Агульная колькасць запісаных намі ды іншымі збіральнікамі ваенных песень складае больш за 600, з іх звыш 90 выканаўцы дакладна вызначылі як партызанскія. У зборнік патрапіла 60. Дадам, што разнастайныя ваенныя песні ўласцівыя ўсім культурам, партызанскія ж — толькі тым, якія перажылі акупацыю і мелі развіты партызанскі рух. Таму тэрыторыя Беларусі — адна з найбольш плённых для вывучэння гэтага віду фальклору. Прычым такія песні фіксаваліся не толькі там, дзе размяшчаліся партызанскія фарміраванні, а практычна ўсюды.
Адзін з выканаўцаў партызанскіх песень Васіль Казачонак з Віцебшчыны
— Партызанскія песні складаліся і выконваліся самімі народнымі мсціўцамі?
— Шляхі ўзнікнення розныя. Многія песні маюць аўтарскае паходжанне, на сёння вядомыя імёны каля 20 стваральнікаў арыгінальных мелодый. Часам маем справу з цалкам аўтарскай песняй, а імя складальніка не захавалася. Да таго ж за аснову магла быць узята нейкая кампазіцыя, пачутая па радыё і потым перапрацаваная. Вершы маглі быць дастаўлены самалётам з-за лініі фронту — і затым ператвараліся ў песні.
Такія ж розныя і варыянты далейшай папулярызацыі. Вялікую ролю адыграла партызанская самадзейнасць, развіццю якой надавалася асаблівая ўвага. Некаторыя аматарскія калектывы нараджаліся непасрэдна сярод партызан, некаторыя — ствараліся спецыяльна, загадам зверху. У тым жа Лідскім партызанскім ансамблі было аж 30 чалавек. Яны паказвалі спектаклі, скетчы, канцэрты, выступалі і ў атрадах, і перад цывільнымі. Так песні і траплялі ў шырокі сялянскі ўжытак.
— Музычна яны вылучаюцца сярод іншага фальклору?
— Безумоўна. Іх стылістыка самая разнастайная, у ёй спляліся элементы розных жанраў, гістарычна-стылявых плыней, таму правесці дакладную сістэматызацыю немагчыма. У партызанскіх песнях можна знайсці рысы і вайсковых паходных, і развітальных, лірычных песень, балад, што належаць да познетрадыцыйнага сялянскага фальклору. Сустракаюцца і прыкметы гарадскога раманса, нават “жорсткага”, песень катаржных, “блатных”, а таксама сучасных — не толькі народных, але і прафесійных. Сярод апошніх гэта часцей за ўсё спасылкі на песні Першай сусветнай, Грамадзянскай войнаў, рэвалюцыйныя, савецкія масавыя. Ёсць і блізкія да беларускіх кантаў, нават з жанравымі рысамі паланэза і асабліва вальса, які можа гучаць зусім не паэтычна-рамантычна, а з адценнем гімна, маршавасці. Самая размаітая сумесь!
— Тэматыка выключна ваенная?
— Неабавязкова. Адлюстроўваліся рэальныя гістарычныя падзеі, асобы камандзіраў, славутых герояў. Былі і дзявочыя песні пра каханне да хлопца-партызана. Адзін з вельмі распаўсюджаных сюжэтаў — пра параненых байцоў і клопат медсёстраў. Існавалі і трагічныя — пра гібель у час выканання баявога задання. Папулярнымі сярод партызан былі песні пра Зою Касмадзям’янскую на верш, надрукаваны ў “Камсамольскай праўдзе”. На супрацьлеглым эмацыйным полюсе — прыпеўкі, часам не столькі жартоўныя, колькі сатырычныя, якія часта выконваліся пад гармонік. Адна з любімых у партызан — кампазіцыя Уладзіміра Захарава на словы Міхаіла Ісакоўскага “У чыстым полі”. Яна вядомая ў безлічы варыянтаў, са зменамі ў мелодыі і тэксце. Нават з цалкам новымі словамі на гэтую музыку і, наадварот, з тым жа тэкстам, ды з поўнасцю іншай мелодыяй. Прыём ператэкстоўкі ўвогуле быў вельмі распаўсюджаным: новыя словы ўзнікалі і ў народных песнях, і ў аўтарскіх прафесійных. Здаралася, што і да пачатку ранейшай мелодыі “чапляўся” працяг іншай, таксама вядомай. Ці браўся запеў з адной кампазіцыі, а прыпеў — з другой. Пачынаеш паглыбляцца, даследаваць гісторыю стварэння песні — быццам дэтэктыў раскручваеш.
Старонкі з рукапіснага часопіса "Рагачоўскія партызаны ў барацьбе
— Вы скарыстоўвалі запісы розных гадоў. Пэўна, абапіраліся і на працы папярэднікаў?
— Адной з першых пачала збіраць і вывучаць партызанскі фальклор музыказнавец Лідзія Мухарынская. Яна настолькі праніклася тэмай, што многія лічылі даследчыцу былой партызанкай. Гэта не так, але тэма ёй сапраўды блізкая, бо Лідзія Саулаўна прайшла ўсю вайну медсястрой. Родам з Грузіі, яна скончыла Маскоўскую кансерваторыю і прыехала да нас выкладаць у 1939-м. А 22 чэрвеня 1941-га была ў Маскве, каб выступіць з дакладам. Ды замест гэтага адвучылася на курсах медсёстраў і адправілася на фронт. Лідзія Мухарынская вярнулася ў Беларусь у 1948-м і засталася тут назаўжды. Добра ведала беларускую мову, магла гаварыць з вяскоўцамі на роўных. Даследчыцу лічылі за сваю і шчыра дзяліліся з ёй усім, што ведаюць. Былі іншыя збіральнікі, навукоўцы, але яны часцей цікавіліся менавіта тэкстамі. Здаралася, пры гэтым пазначалі: маўляў, спяваецца пад пэўную знакамітую мелодыю. Мухарынская ж разглядала партызанскую песню як буйную гісторыка-культурную з’яву, упісаўшы яе ў сістэму беларускага музычнага мастацтва. Лідзія Саулаўна першая паказала, што гэтая з’ява мае дачыненне і да народнапесеннай традыцыі, і да аматарскай і прафесійнай творчасці, знаходзіцца на іх мяжы, скрыжаванні, адначасова ўваходзіць у розныя сферы культуры. Але даследаваць яшчэ шмат чаго трэба! Літаральна пра кожную песню можа быць асобны навуковы артыкул. Ці — для шырокага чытача — амаль дэтэктыўны нарыс.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з лічбавага альбома