Га­лоў­нае хлеб­нае свя­та кра­іны

Пад лозунгам “Мір. Гаспадар. Дабрабыт” прайшоў 17 жніўня ў Свіслачы III каравай-фэст “Бацькава булка”. Мерапрыемства, якое ўжо стала на Гродзеншчыне брэндавым, сёлета было прысвечана 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва і 80-годдзю вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З ПАВАГАЙ ДА РОДНАГА 

Падчас урачыстага адкрыцця галоўнага хлебнага свята краіны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падкрэсліў: гэты фестываль — магчымасць яшчэ раз убачыць і ацаніць, чаго дасягнуў беларускі народ за 80 гадоў мірнага жыцця, за 30 гадоў кіраўніцтва мудрага лідара, які робіць усё, каб захаваць мір і бяспеку на нашай зямлі. 

— Упэўнены, у каравай-фэсту вялікая будучыня, — адзначыў Уладзімір Каранік. — З году ў год мерапрыемства стане ўмацоўваць папулярнасць, пашыраючы свае межы, збіраючы на блаславёнай беларускай зямлі новых удзельнікаў і гасцей. Фестываль працягне здзіўляць багаццем хлеба, майстэрствам вырабу самых розных хлебапрадуктаў і кулінарных вынаходстваў. 

Сёлета мастацтвам хлебапячэння радавалі і здзіўлялі 36 прафесійных калектываў, якія працуюць на прамысловай аснове, і каля 50 аматараў. 

Цэнтральнае прадстаўленне свята расказала гісторыю пра гаспадара, які ўмее падтрымаць парадак у сваёй хаце і, калі будзе трэба, здолее пастаяць за Радзіму. 

НОВЫЯ ЦІКАВЫЯ ПАДЗЕІ 

На фестывалі па традыцыі сабралі хлебную карту краіны. Сёлета выкарысталі не толькі беларускі хлеб, але і рускі “Барадзінскі”, украінскую “Паляніцу”, літоўскі, афрыканскі з Буркіна-Фасо і яўрэйскую халу. Таксама можна было ўбачыць “Хлеб Перамогі”, блакадны, манастырскі і нават касмічны. 

З кожным годам папулярнае свята шырыцца і дапаўняецца новымі цікавымі падзеямі. Гэтым разам упершыню з нагоды каравай-фэсту ў Гродне адбыўся конкурс прафесіяналаў хлебапячэння з прысваеннем асаблівага знака якасці “Бацькава булка”. Пераможцы змогуць размяшчаць лагатып свята на прадукцыі. Найлепшыя вырабы былі прадстаўлены на выставе “Хлеб як шлях жыцця”. 

А ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” і ў іншых месцах Свіслацкага раёна прайшоў пленэр беларускіх мастакоў. Створаныя імі пейзажы і нацюрморты ляглі ў аснову экспазіцыі падчас фэсту, а пасля яго завяршэння, паводле слоў намесніка старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрыя Кулікова, будуць перададзены ў калекцыю раённага гісторыка-краязнаўчага музея. 

ПАРАДАВАЛІ РАЗНАСТАЙНАСЦЮ 

Вялікую колькасць гледачоў сабралі выставы конкурсных прац прафесійных пекараў і аматараў “Бацькаўшчына” і “Матулін каравай”. Хлебных спраў майстры прыгатавалі самыя разнастайныя духмяныя вырабы, сярод якіх — нават макеты вядомых аб’ектаў, звязаных з дасягненнямі краіны і рэгіёна. Удзельнікі каравай-фэсту не абмінулі магчымасці прадэгуставаць выпечаную напярэдадні пяціметровую “Бацькаву булку” ад прадпрыемства “Гроднахлебпрам”. Гэтая незвычайная пляцёнка не толькі ўразіла памерамі і вагой у 35 кілаграмаў, але і была па-хатняму смачнай. 

На фестывалі працавала шмат тэматычных пляцовак, у тым ліку і асаблівых. Напрыклад, зона адпачынку “Хутарок па-гаспадарску” нагадвала ваенны прывал-бліндаж з палявой кухняй-пякарняй і салдацкай кашай. Вельмі душэўнай атрымалася фотазона “Бацькоўскі кут”, якая сабрала чаргу з ахвотных зрабіць атмасферныя здымкі на памяць. Стральба з лука, паляўнічы рог, майстар-класы па валоданні пугай, колцы дроў і распілоўванні бярвення чакалі гасцей на “Гаспадар-шоу”. 

У “Горадзе майстроў” здзіўлялі сваімі вырабамі рамеснікі і народныя ўмельцы. Госці з задавальненнем удзельнічалі ў майстар-класах, у тым ліку па выпечцы “Бацькавай булкі”. 

Арганізатары надалі ўвагу і спорту: прыхільнікаў здаровага ладу жыцця рознага ўзросту сабралі на вуліцах горада сямейная эстафета і “Белавежскі забег” пад эгідай Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. 

БУДЗЕ ХЛЕБ — БУДЗЕ ПЕСНЯ 

Але які ж фестываль без музыкі? Вось і ў Свіслачы прайшлі зорныя канцэрты артыстаў беларускай і расійскай эстрады. Гледачы шквалам апладысментаў сустракалі кожную кампазіцыю заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай і танцавалі пад хіты гурта “Міраж”, шчыра дзякавалі за эстэтычнае задавальненне заслужанаму калектыву Рэспублікі Беларусь вакальнай групе “Чысты голас”, Аліне Чыжык — аўтару музыкі і выканаўцу песень “Бацькава булка” і “Спякота” (аўтар слоў — рэжысёр фестывалю Вольга Багдановіч), іншым выканаўцам. 

З асаблівай павагай падышлі да мерапрыемства “Бацькава булка” артысты Маладзёжнага тэатра эстрады — падрыхтавалі аж дзве яркія канцэртныя праграмы, каб павіншаваць гасцей і ўдзельнікаў каравай-фэсту. 

Феерверк стаў яркім завяршэннем яскравага свята. Чарговага, бо добрыя традыцыі ў Беларусі заўсёды маюць працяг. 

Святлана ЧЭКАЛАВА