Вялікі тэатр Беларусі закрыў сезон доўгачаканай прэм’ерай балета “Папялушка” на музыку Сяргея Пракоф’ева.
Доўгачаканай, бо спачатку была запланавана пастаноўка Валянціна Елізар’ева, якая з-за хваробы майстра адклалася. Потым спектакль пачалі рыхтаваць Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко — паводле знакамітай казкі Шарля Перо, але на сваё лібрэта. Прэм’ера была заяўлена на канец чэрвеня, ды перанеслася на пачатак ліпеня. Нарэшце ўсё адбылося: тры паказы запар. Перад апошнім прайшла лекцыя запрошанага з Расіі балетнага крытыка Аляксандра Максава “Тайны і загадкі Папялушкі”.
Казка захавалася, але назваць спектакль ва ўсіх сэнсах казачным было б перабольшваннем. Нават аркестр пад кіраўніцтвам Юрыя Караваева гучаў неяк стомлена, без асаблівай яркасці фарбаў. Згаданыя ж балетмайстры-пастаноўшчыкі раней спецыялізаваліся на сучаснай харэаграфіі. І атрымлівалася гэта ў іх выдатна! А тут патрабавалася максімум неакласіка, ды яшчэ ў рамках не мініяцюры, а разгорнутага двухактовага палатна. Зробленага не пасля доўгіх пошукаў, а тэрмінова. І на ўжо гатовую сцэнаграфію расійскага мастака Вячаслава Окунева. Да таго ж яны танцавалі ў нашай мінулай, хай і не надта ўдалай пастаноўцы “Папялушкі” сучаснага расійскага харэографа — і таму імкнуліся не паўтарыць напрацаваную пластыку. Яны справіліся. І гэта галоўнае.
Балет пачынаецца з бабулі, што распавядае дзецям казку. І заканчваецца гэтак жа. Сама ж казка — у цэнтры гэтага атачэння. У ёй усё адпавядае знаёмай гісторыі, няма ніякіх неспадзяванак. Класіка, хіба зрэдку з лёгкім неа-, пануе і ў харэаграфіі. Артыстам — зручна. Дзецям і дарослым — цалкам зразумела. Хаця ёсць і некаторыя дробныя цьмянасці, асабліва ў сцэне балю. Чысціню там наво- дзяць мётламі. Прыбіральшчыцы — жанчыны. Усё як у жыцці. І робіцца гэта непасрэдна перад прыходам гасцей. Раней часу не хапіла? Сёстры і мачаха танчаць сольна. Так і заведзена на балі? Папялушка ў сваёй карэце заязджае адразу ў бальную залу. Можа, менавіта таму з’яўленне прыгажуні мела такі надзвычайны эфект? Ці ўсё ж баляванне ладзіцца ў парку? А вялізная лесвіца — гэта ўваход у палац, куды так нікога і не запрасілі?
Але ж хочацца нейкіх адкрыццяў! Хаця б маленечкіх. Адно з іх у тым, што Папялушка так і не надзела свае крыштальныя чаравічкі. Забылася! Іх панеслі за ёй вучаніцы феі, ды згубілі адзін на зваротным шляху. Цікава, чаму тады прынц шукае Папялушку менавіта па чаравіку? Калі яна не надзела абноўку на баль — можа, памер не падышоў?
Затое які цудоўны гарбуз атрымаўся ў галоўнага мастака тэатра Любові Сідзельнікавай! Праз змены ў лібрэта ёй давялося адаптаваць і дарабляць сцэнаграфію — найперш за кошт відэакантэнту (мастак па камп’ютарнай графіцы — Павел Сувораў). Але ж гарбуз быў зроблены не віртуальны — і настолькі вялізны, каб стаць “грымёркай” з бальнай сукенкай унутры.
У пастаноўцы задзейнічана шмат маладых артыстаў, у тым ліку ў цэнтральных партыях. Ды ўсё ж самымі выйгрышнымі для салістаў здаюцца ролі сёстраў — Злюкі і Крыўлякі, а таксама настаўніка танцаў, які на балі выступае цырымоніймайстрам. Уласна танца там больш, чым у іншых. Бо гэта ж балет, а не пластычны спектакль!
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота з архіва тэатра