Падтрымаць развіццё культур нацыянальных меншасцей

Апублiкавана: 10 верасня 2024 Стужка Традыцыі Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

Сучасная поліканфесійная Беларусь — прыклад мірнага суіснавання розных культурных пластоў у межах адзінай краіны. На агульнай дабратворнай справе — забеспячэнні рэлігійнай згоды — засяроджаны сілы кіраўніцтва дзяржавы, грамадскіх аб’яднанняў і творчых калектываў. Чарговы раз міжканфесійныя адносіны разглядаліся на канферэнцыі “Беларусь шматаблічная: узаемадзеянне культур і рэлігій”, якая адбылася 22 жніўня ў Доме прэсы. У мерапрыемстве паўдзельнічалі прадстаўнікі апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, а таксама старшыні грамадскіх аб’яднанняў.

Сёння, як адзначыў намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя, колькасць афіцыйна зарэгістраваных канфесій працягвае павялічвацца: у 1996-м іх было каля дзвюх тысяч, зараз — больш за тры. Этнічны склад насельніцтва беларускіх зямель у мінулым таксама ніколі не быў гамагенным. Гэтая тэндэнцыя ўласцівая і сучаснасці: згодна з перапісам 2019-га, звыш 150 народаў пражывала ў той момант на тэрыторыі нашай дзяржавы. Для падтрымкі дыяспар дзейнічае падпраграма “Культурная спадчына” праграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады, якая дазваляе эфектыўна вырашаць фінансавыя ды іншыя пытанні. Як вынік — элементы розных нацыянальных культур гарманічна спалучаюцца, што стварае адметны беларускі каларыт. 

Падчас канферэнцыі

— Каштоўная асаблівасць нашай краіны — міжнацыянальная згода. У грамадстве амаль адсутнічаюць канфлікты на расавай глебе, таму Беларусь здаецца ў пэўным сэнсе “белай варонай” сярод іншых дзяржаў, — падкрэсліў Сяргей Герасіменя.

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур даўно стаў для выхадцаў з іншых краін другім домам. Дзякуючы Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” кожны год тут ладзяць мноства мерапрыемстваў. У іх удзельнічаюць творчыя калектывы, якія прадстаўляюць традыцыйную спадчыну сваіх народаў. Работа ўстановы скіравана таксама на фарміраванне добрасуседскіх міжканфесійных адносін. На святы, якія праводзіць цэнтр, адзін да аднаго завітваюць праваслаўныя, каталікі, мусульмане, іўдзеі. 

— Нашы калектывы актыўна прэзентуюць свае дасягненні за мяжой, — распавяла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон. — Цяпер нас часцей запрашае Расія, але Дні беларускай культуры праходзяць у многіх краінах на ўзроўні міністэрстваў у рамках пагадненняў. Супрацоўнічаем і з беларусамі замежжа: там, дзе развіта дыяспара, адзначаюцца традыцыйныя святы, напрыклад Купалле. Нават у далёкай Іарданіі беларуска Аксана Чамеза спецыяльна набывае нашы цукеркі, каб віншаваць знаёмых з Калядамі. Летась да 20-годдзя UNESCO цэнтр стварыў выставу “Дакрануцца да спадчыны душой”, якую зараз выкарыстоўваюць многія пасольствы краіны. 

Падчас ХIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Гродна, 2024

— У Беларусі людзей ацэньваюць не па нацыянальных і рэлігійных перакананнях, а па маральных і прафесійна-дзелавых якасцях, — падкрэсліў старшыня армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан” Георгій Егіязаран. — Міжнацыянальная і міжканфесійная згода — адзін з найважнейшых фактараў стабільнасці. Кіраўніцтва дзяржавы стварае ўсе ўмовы для мірнага суіснавання людзей розных веравызнанняў. 

Немалаважную ролю ў захаванні стабільнасці адыгрываюць і грамадскакультурныя аб’яднанні, на базе якіх у 2008 годзе быў заснаваны Кансультатыўны міжканфесійны савет. Ён садзейнічае ўмацаванню дабратворных адносін паміж членамі дыяспар ды інтэгруе ў беларускае грамадства нацыянальныя меншасці. 

— Мы ўдзельнічаем у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур і святкаванні знакавых падзей (Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа). Штогод наша аб’яднанне, каб расказаць моладзі пра мінулае краіны, праводзіць шэраг мерапрыемстваў у Брэсцкай крэпасці. Сёлета ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі члены савета сабраліся з прадстаўнікамі многіх канфесій у Крыжаўзвіжанскім храме. Гэтая знакавая сустрэча была прысвечана захаванню памяці аб нашых гераічных продках, — дадаў Георгій Егіязаран. 

Старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гора” Хізры Асадулаеў расказаў пра дагестанскую дыяспару, якая з’явілася ў Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны. — Я прыехаў сюды дыпламаваным скульптарам пасля вучобы, пачаў творчую дзейнасць і сфарміраваўся як асоба менавіта тут. Пазней мае заслугі былі адзначаны на дзяржаўным узроўні медалём Францыска Скарыны, — распавёў Хізры Асадулаеў. — Беларусы — гэта душэўная дабрыня і працавітасць, якую прыкмячаюць амаль усе замежныя госці. 

Больш за 30 гадоў украінцаў у нашай дзяржаве падтрымлівае грамадскае аб’яднанне “Ватра”. — Мы з беларусамі маем моцнае моўнае і культурнае падабенства, — канстатаваў старшыня арганізацыі Уладзіслаў Кадзіра. — Разам мы прайшлі некалькі важных гістарычных этапаў. Напрыклад, вызваленне ад захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, у выніку якога 226 украінцаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. 

Падчас ХIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Гродна, 2024

Забеспячэнне ўмоў для захавання і развіцця традыцый розных народаў — гэта заслуга, на думку Уладзіслава Кадзіры, менавіта кіраўніцтва дзяржавы. 

Віялета ГРЫНКЕВІЧ 

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ і Дома прэсы