Напрыканцы жніўня па ўсёй краіне праходзяць планавыя праверкі гатоўнасці ўстаноў адукацыі да навучальнага года. Як падрыхтаваўся да сустрэчы са студэнтамі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў? У рэйд разам з прадстаўнікамі галіновага міністэрства выправілася “К”.
Праверку ўзначаліў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Падчас візіту ва ўстанову спецыялісты ведамства агледзелі навучальныя карпусы і інтэрнаты. Таксама ў поле зроку патрапіў спартыўна-культурны цэнтр і сталовая.
Члены камісіі звярталі ўвагу на агульны стан інфраструктуры, якасць рамонту і адпаведнасць тэхнічнага абсталявання ўніверсітэта сучасным патрабаванням. Асобна кантралявалася наяўнасць дзяржаўнай сімволікі ў аўдыторыях і адміністрацыйных памяшканнях.
— Выезд прадстаўнікоў міністэрства ў БДУКМ арганізаваны з мэтай маніторынгу гатоўнасці ўстановы да прыёму студэнтаў, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Па выніках праверкі навучальных памяшканняў, пакояў і кухань у інтэрнатах істотных нараканняў не было. Харчаблок таксама ў добрым санітарна-тэхнічным стане. Можна ўпэўнена сказаць, што ўніверсітэт падрыхтаваны да пачатку навучальнага года.
Намеснік міністра падкрэсліў важнасць своечасовага абнаўлення інфраструктуры — як на пазабюджэтныя сродкі ўстаноў культуры і адукацыі, так і за дзяржаўны кошт:
— З часам любыя аб’екты старэюць як фізічна, так і маральна. Таму Міністэрства культуры сістэматычна вылучае рэсурсы для мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы падведамных арганізацый. Сёлета выдзелены сродкі на новы святлодыёдны экран для ўніверсітэцкага спартыўна-культурнага цэнтра. Такое абсталяванне дазволіць праводзіць мерапрыемствы на больш высокім узроўні, запрашаць на іх выбітных гасцей, — сказаў Сяргей Саракач.
У рэйдзе паўдзельнічала і начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч. Яна адзначыла, што прыёмка ўніверсітэта з’яўляецца планавай працэдурай і ажыццяўляецца згодна з усімі заканадаўчымі актамі:
— Міжведамасная праверка інфраструктуры адукацыйных устаноў у галіне культуры праводзіцца перад пачаткам навучальнага працэсу. На працягу некалькіх месяцаў універсітэты і каледжы рыхтуюцца да атэстацыі на адпаведнасць санітарным нормам, патрабаванням супрацьпажарнай бяспекі ды іншым. На дадзены момант усе ўстановы адукацыі ў сферы культуры прыняты і гатовы да новага навучальнага года, — распавяла Марына Браніславаўна.
Не сакрэт: за пазітыўным вынікам любой праверкі заўжды стаяць намаганні калектыву. Так, прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце БДУКМ Сяргей Жалязняк распавёў аб шырокім фронце прац, выкананых у будынках універсітэта за апошнія месяцы:
— Падрыхтоўка да прыёму студэнтаў вялася сістэмна і па ўсіх напрамках. Быў значна абноўлены аўдыторны фонд: закуплены дзясяткі камплектаў вучнёўскай мэблі, абсталяваны дадатковыя камп’ютарныя класы. Заўважу, што больш за 70 аўдыторый адрамантавана ўласнымі сіламі ўніверсітэта. Актыўная праца ішла і ў інтэрнатах нашай установы. Так, у 40 жылых блоках зрабілі комплексны рамонт. Закуплена новая бытавая тэхніка. У адным з інтэрнатаў адкрылі санітарны блок. Парадак наведзены і на прылеглай да ўніверсітэта тэрыторыі. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы былі накіраваны ў тым ліку пазабюджэтныя сродкі, — расказаў Сяргей Жалязняк.
Што тычыцца “К”, то мы самі ўпэўніліся: універсітэт поўнасцю гатовы да навучальнага года. Студэнтам застаецца толькі набірацца ведаў і ўдзельнічаць у творчым жыцці ўстановы. У БДУКМ для гэтага ёсць усе ўмовы.
Данііл ПІЎКАРЭЦ
Фота аўтара