Працягваем знаёміць чытачоў “К” з таямніцамі жыццяпісу Вінцэнта Дмахоўскага, пачынальніка беларускага гістарычнага пейзажа. Гэтым разам гаворка пойдзе аб тым, якое дачыненне мае сям’я Дмахоўскіх да Дзятлава і Слоніма.
Вінцэнт нарадзіўся 14 ліпеня 1807 года ў фальварку Гаўя, блізу мястэчка Іўе. Праз год на свет з’явіўся яго брат Зянон, і неўзабаве сям’я пакінула не надта ўрадлівыя пяскі на берагу звілістай ракі Гаўі і перабралася ў Дзятлава. І не абы-куды, а ў палац Радзівілаў-Солтанаў. Прытым не “на госці”. Дмахоўскія становяцца арандатарамі маёнтка. Узгадаем, што бацькі Вінцэнта былі не звычайнымі шляхціцамі-грэчкасеямі, а паходзілі з вельмі старых беларускіх радоў. Іх сваякі адыгрывалі важныя ролі і ў часы Вялікага Княства Літоўскага, і пазней.

Вінцэнт Дмахоўскі. Алена Скірмунт, 1847
У старадаўнім палацы Радзівілаў-Солтанаў нарадзіліся сёстры Вінцэнта. 10 (22) жніўня 1809 года — Юстына, 29 лістапада (10 снежня) 1810 — Канстанцыя Крысціна. Дарэчы, у дзень, калі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі хрысцілі Юстыну, там жа адбылося дапаўненне хросту яе братоў. Так Зянон Напалеон атрымаў трэцяе імя Вінцэнт, з якім і прайшоў праз усё жыццё. Цікавае супадзенне: у 1793—1797 гадах у гэтым жа палацы жыў са сваёй сям'й будучы настаўнік Вінцэнта Дмахоўскага мастак Ян Рустэм. Як завяршыўся тэрмін арэнды, каля 1812 года, Дмахоўскія зноў сабралася ў дарогу. Сям’я паехала ў фальварак Парэчча, што месціўся на беразе Шчары блізу Слоніма.
Пра гэты перыяд, які расцягнуўся на 6-7 гадоў, вядома няшмат. Дмахоўскія сталі парафіянамі слонімскага касцёла Святога Андрэя. У 1813-м у Ігната і Марыяны нарадзіўся сын, якому пры хросце далі імя Уладзімір Казімір. Праз чатыры гады на свет прыйшоў Караль Кутэрмар Ігнат.

Палац Радзівілаў-Солтанаў. Напалеон Орда, 1860-я
У гэты самы час бацькі адпраўляюць Вінцэнта ў слынны Шчучынскі піярскі калегіум. Туды ж трошкі раней паступіў будучы паэт-філарэт Юльян Корсак, што стаў адным з найбліжэйшых сяброў Дмахоўскага. Дарэчы, у шостым класе Вінцэнт, які карыстаўся павагай у настаўнікаў і вучняў, адзінадушна быў абраны старастам. А ўжо ў 1820 годзе сям’я вяртаецца на Дзятлаўшчыну. Цяпер назаўжды.
Маёнтак Нагародавічы хоць і быў не надта вялікі, але меў багатую гісторыю. Адна з першых яго згадак прыпадае на пачатак XVII стагоддзя. Як адзначае краязнаўца Леанід Лаўрэш, з 20 па 26 ліпеня 1617 года ў Нагародавічах адбылася 1-я генеральная капітула (кангрэгацыя) базыльянскіх манастыроў ВКЛ. Былі скліканы старцы з усіх кляштараў, а менавіта з Віленскага, Наваградскага, Мінскага, Жыровіцкага, Быценскага.
Далейшая гісторыя маёнтка — ланцуг бясконцых змен уласнікаў. То ім валодалі Булгакі (продкі аднаго з піянераў беларускай фатаграфіі Яна Булгака), то Крывіцкія, то Сідаровічы, то Тызенгаўзы і Мараўскія. І вось у 1820 годзе маёнтак пераходзіць да Дмахоўскіх. Ажно да 1939-га.
Вось толькі Ігнат на свеце не зажыўся і каля 1824-га сканаў. Памёр у тым годзе і шаснаццацігадовы Зянон. З метрыкі вядома, што пахавалі яго ў Нагародавічах. Пэўна, так быў пакладзены пачатак родавых могілак Дмахоўскіх, што былі знойдзены намі падчас аднаго з суботнікаў. Невядома, што здарылася з бацькам, бо метрыкі смерці знайсці не ўдалося.
Вінцэнт жа два наступныя гады праводзіць у Мінску, штудзіруючы права пад вокам дзядзькі Міхала Дэспат-Зяновіча, былога губернскага маршалка. Але не ўсё было ў тыя часы такім сумным.

На перавозе. Відарыс Пінска. Вінцэнт Дмахоўскі, 1847
Юнацтва — шчаслівы час шумных сяброўскіх сустрэч, мар і надзей. У сярэдзіне 1820-х Вінцэнт становіцца душой кампаніі віленскіх студэнтаў, якая складалася з Юльяна Корсака, Антонія Адынца, Ігната Ходзькі, Ігната Дамейкі. Усе яны або жылі побач з Нагародавічамі, або сталі з цягам часу адзін аднаму сваякамі. Адынец у сваіх успамінах згадваў маці Дмахоўскага: яна знайшла агульных з ім сваякоў, і таму яны жартам звярталіся адно да аднаго “кузін-кузіна”. Згадваў і яе шматлікіх дзяцей, сярод якіх вылучыў Вінцэнта, бо той двойчы на тыдзень арганізоўваў танцавальныя вечарыны ў Корсакавай Страле.
У 1826-м Вінцэнт паступае ў Віленскі ўніверсітэт на факультэт літаратуры і вольных мастацтваў. Тут лёс зводзіць яго са знакамітым мастаком Янам Рустэмам, які ачольваў кафедру жывапісу. Сярод яго выпускнікоў былі Казімір Бахматовіч, Ян Дамель, Адам Шэмеш, Юзаф Крашэўскі, Юзаф Аляшкевіч, Канут Русецкі, Валенці Ваньковіч ды іншыя выбітныя мастакі.
Вінцэнт Дмахоўскі становіцца адным з найлепшых вучняў Рустэма, а пазней і крытыкам. Верагодна, у гэты час згаданы Казімір Бахматовіч, адзін з першых беларускіх літографаў, намаляваў вядомы партрэт Вінцэнта Дмахоўскага.
Завяршыўшы вучобу ў 1829-м, малады мастак пачынае пошук спадарожніцы жыцця. І 3 (15) лютага 1830 года Вінцэнт бярэ шлюб з Саламеяй, дачкой былога вайскоўца Ігната Арлоўскага і Апалоніі Свяршчэўскай. Першай у пары нарадзілася дачка Галіна Марыяна Апалонія — 5 (17) студзеня 1831 года ў Вільні. За ёй 5 (17) верасня 1833 года ў Нагародавічах з’явілася на свет Марыя Аляксандра. У 1836-м там жа нарадзілася Адэлія Юстына.

Руіны замка ў Гальшанах. Вінцэнт Дмахоўскі, 1853
Гэтыя звесткі запаўняюць вялізную пустку ў біяграфіі мастака. Раней лічылася, што пасля паразы паўстання 1830—1831 ён сем гадоў туляўся па чужыне, чакаючы амністыі. Дык не. У 1831-м далучыўся да ўланскага палка, браў удзел у Варшаўскім сойме ад Гарадзеншчыны, а 4 кастрычніка 1831 года атрымаў намінацыю на чын падпаручніка. Пасля паразы перайшоў мяжу з Прусіяй. Тут, у Круляўцы, лёс звёў яго са старым сябрам Антоніем Адынцом, у якога Дмахоўскі стаў сведкам на шлюбе 5 ліпеня 1832 года. Як бачым, вайна для мастака, на шчасце, скончылася хутка.
У лістападзе (23 кастрычніка па старым стылі) 1837 года Вінцэнт, маючы ў кішэні 14,5 рублёў срэбрам, з пакуль яшчэ маленькай сям’ёй перабіраецца з Нагародавічаў у Вільню. Да такога смелага ўчынку, як пісаў Уладзіслаў Сыракомля, яго падштурхнула сляпая вера, што літвіны, якія гэтак жа, як і ён сам, любяць мастацтва, не дадуць сярод сябе, у сваёй сталіцы, згінуць айчыннаму таленту. Пра тое, ці спраўдзіліся спадзевы мастака, распавядзем у наступнай частцы.
Газета "Культура" №33 ад 16 жніўня.
Зміцер ЮРКЕВІЧ